«Галава абрытая, уся ў зялёнцы». У Чачні моцна збілі журналістку і адваката
У Чачэнскай Рэспубліцы напалі на журналістку недзяржаўнай «Новай газеты» Алену Мілашыну і адваката Аляксандра Немава. У журналісткі закрытая чэрапна-мазгавая траўма і зламаныя пальцы рук. У адваката нажавое раненне. Інфармацыю аб здарэнні сабрала «Медуза».
Раніцай 4 ліпеня ў Грозным напалі на журналістку «Новай
газеты» Алену Мілашыну і адваката Аляксандра Немава. Аўтамабіль, у якім
знаходзіліся Мілашына і Немаў, па дарозе з аэрапорта ў Грозны перахапілі людзі
ў масках. Журналістку і адваката білі дубінкамі і нагамі, у тым ліку па твары.
У іх адабралі тэлефоны і запатрабавалі іх разблакаваць. Іх тэхніку і дакументы знішчылі. Паведамляецца, што нападнікі «прыгадалі Мілашынай і Немаву ўсе суды і справы», якімі яны займаліся. «Гэта відавочна не бандыцкі напад, а напад за іх дзейнасць», — падкрэсліў ён.
Мілашына і Немаў дастаўлены ў мясцовую бальніцу. У Мілашынай дыягнаставана закрытая чэрапна-мазгавая траўма, зламаныя пальцы на руках. «У журналісткі ўдары па ўсім целе, галава абрытя нагала і ўся ў зялёнцы. Транспартаваць у такім стане без спецтранспарту яе нельга, паведамляюць калегі», — распавядаюць расійскіе медыя. Мілашына некалькі разоў губляла прытомнасць. Адзначаецца, што вынікі МРТ Мілашынай лекары на рукі не выдаюць. Немаў, акрамя траўмаў, атрымаў нажавое раненне.
Журналістка і адвакат прыляцелі ў Грозны на вынясенне прысуду Зарэме Мусаевай. Мусаева — маці былога юрыста «Камітэта супраць катаванняў» Абубакара Янгулбаева і аднаго з меркаваных заснавальнікаў апазіцыйнага чачэнскага руху «Адат» Ібрагіма Янгулбаева.
У студзені 2022 года чачэнскія сілавікі выкралі Мусаеву ў Ніжнім Ноўгарадзе і павезлі ў Чачню. На яе завялі справу аб гвалце ў дачыненні да паліцэйскага. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў сцвярджаў, што падчас перавозкі з Ніжняга Ноўгарада Мусаева нібыта «напала на супрацоўніка паліцыі і ледзь не пазбавіла яго вачэй». Пракурор просіць прысудзіць Мусаеву да пяці з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму.
У «Новай газеце», рэагуючы на падзеі, падкрэслілі, што Мілашына прыехала ў Чачню ў службовую камандзіроўку, але цяпер «у яе фізічна няма магчымасці працягваць працу». Немаў, нягледзячы на атрыманыя раненні, збіраецца працягнуць займацца справай Мусаевай і прадстаўляць яе інтарэсы ў судзе.
Па просьбе рэдакцыі «НГ» у сітуацыю ўмяшалася ўпаўнаважаная па правах чалавека Таццяна Маскалькова, якая ўжо паразмаўляла з журналісткай па тэлефоне. Але, дадамо ад сябе, разлічваць на тое, што інцыдэнт будзе расследаваны вельмі наіўна, і, меркавана, ніхто такіх спадзеваў не мае.
Кіраўніцтва Чачні раней пагражала Алене Мілашынай у сувязі са справай Зарэмы Мусаевай. Кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў у пачатку 2022 года назваў журналістку «Новай газеты» і праваабаронцу Ігара Каляпіна «тэрарыстамі» і «памагатымі тэрарыстаў» і заклікаў праваахоўныя органы затрымаць іх. Паведамлялася, што Мілашына пасля пагроз Кадырава збіраецца часова пакінуць Расію.
У 2020 годзе на Алену Мілашыну ўжо нападалі ў Грозным. Журналістка прыехала ў Чачню ў сувязі са справай Іслама Нуханава, які апублікаваў відэа аб элітным пасёлку ў цэнтры Грознага, дзе жывуць сваякі і найбліжэйшае асяроддзе Рамзана Кадырава, і абвінавачанага ў незаконным захоўванні зброі. На Мілашыну тады напалі ля ўваходу ў гатэль і таксама збілі. Нікога за гэта ў выніку не пакаралі.