Сацыяльнага дынаміту хапае, пытанне — што справакуе выбух?
Ніколі такога не было — і вось зноў! Зноў здарыўся выпадак, калі людзям у пагонах даводзіцца выконваць свой абавязак. Інакш — поўны хаос. Але цяпер пранесла. Гісторыя гэтым разам злітавалася — і абышлося хаосам частковым.
«Я хачу, каб мы ўсе зразумелі, што адбывалася і што б было, калі б вы не зрабілі тое, што вы зрабілі, і не выканалі б свайго вайсковага абавязку, не праявілі б вернасці прысязе і расійскаму, рускаму народу. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, заўсёды і ўсюды адбываецца адно і тое ж: пасля ўзброеных мецяжоў надыходзіць поўны хаос і грамадзянская вайна».
Уладзімір Пуцін, Масква, Крэмль, 27 чэрвеня 2023
Ніколі такога не было — і вось зноў! Зноў здарыўся выпадак, калі людзям у пагонах даводзіцца выконваць свой абавязак. Інакш — поўны хаос. Але цяпер пранесла. Гісторыя гэтым разам злітавалася — і абышлося хаосам частковым.
Аднак адной Расіяй справа не абмежавалася. У Саюзнай дзяржаве — «калі радасць на ўсіх адна, на ўсіх і адна бяда».
Дам слова калегу крамлёўскага дзеда: «А што, у нас, у Расіі, усё так добра? Ды не. Прычын да таго, каб смута гэтая пайшла, пакацілася па ўсёй Расіі і да нас дакацілася, больш чым дастаткова. Патрэбны трыгер, патрэбны спускавы кручок. І ён з’явіўся» (27.06.2023).
Сацыяльнага дынаміту, які быў назапашаны за тры дзесяцігоддзі, пакуль краіна «ішла правільным курсам», — дастаткова. Справа — за трыгерам. Пачакаем…
Чатыры вялікія цыклы
Ёсць такая выдатная кніга трох расійскіх аўтараў — гісторыка А. Ахіезера, палітолага І. Клямкіна і культуролага І. Якавенкі — «Гісторыя Расіі: канец або новы пачатак?».
Прыводжу цытату, выбраную амаль выпадкова: «Дзяржаўны пачатак, які ўвасабляецца ў сакральнасці першай асобы і толькі ў ёй, не ў стане выцесніць дадзяржаўную культуру. У тым ліку і таму, што сам на гэтую культуру абапіраецца — і знаходзіць у ёй галоўную крыніцу сваёй легітымацыі. Аднак легітымацыя першай асобы — гэта яшчэ не ёсць легітымацыя дзяржавы».
Паводле чэрвеньскага апытання Лявада-Цэнтра, рэйтынг ухвалення дзейнасці Пуціна ў чэрвені склаў 82%. Мяцеж адскочыў ад яго, нібы ад сценкі гарох, чаго не скажаш пра ацэнку цяперашняга становішча спраў у краіне. Яе станоўчы складнік знізіўся на 6 пунктаў — з 67% да 61%.
Вось такое нагляднае пацвярджэнне таго, што легітымацыя першай асобы не ёсць яшчэ легітымацыя дзяржавы. У краіне хаос і смута — а нацыянальны лідар як гарцаваў на белым кані, так і працягвае гарцаваць.
Гэта кароль-сонца Людовік XIV мог бы паставіць знак роўнасці паміж сабой і дзяржавай. Але ў грамадстве, дзе пераважае дадзяржаўная культура лакальных сельскіх светаў, ідэя дзяржавы асвойваецца з цяжкасцю — у адрозненне ад ідэі бальшака (кіраўніка патрыярхальнай сям’і).
Арыгінальнасць так званай «беларускай мадэлі развіцця» і яе каляжанкі па Саюзнай дзяржаве не варта перабольшваць. Яна — прыклад тыповай копіі з «бацькоўскай гістарычнай матрыцы», якая ўвабрала ў сябе ўсе яе недахопы.
Тыя, хто яшчэ ўчора разважаў пра вычарпанне ліміту рэвалюцый, сёння непакояцца наконт хаосу і смуты. І гэтыя асцярогі не высмактаныя з пальца і не ўзятыя са столі. Кніга трох аўтараў якраз пра гэта. Нягледзячы на наяўнасць слова «гісторыя» ў загалоўку, яна — не пра мінулае, а пра сучаснасць і будучыню ў суаднесенасці з мінулым.
Яе галоўная асаблівасць палягае ў цыклічнасці. Аўтары вылучаюць чатыры вялікія цыклы, кожны з якіх заканчваўся распадам дзяржавы. Апошні цыкл адбыўся на вачах многіх чытачоў — калі савецкая ўлада нечакана «апынулася ў брудзе», і «Саюз непарушны рэспублік свабодных», гэтак жа, як яго папярэднік, Імперыя Раманавых, «зліняў за тры дні».
Але Імперыя Раманавых, калі хто яшчэ памятае, была сабраная з абломкаў Маскоўскай Русі ў 1613 годзе, а тая, у сваю чаргу, — з абломкаў Русі Кіеўскай, якая не здолела супрацьстаяць манголам.
Цар добры, баяры дрэнныя
Праяву «бацькоўскай гістарычнай матрыцы» ў беларускім грамадстве сацыёлагі НІСЭПД фіксавалі на працягу чвэрці стагоддзя (1992–2016). У першую чаргу яна выяўлялася ў разрыве рэйтынгаў кіраўніка дзяржавы і прэм’ер-міністраў. Апошнія рэгулярна мяняліся, але нават у тых, каму пашанцавала ўзначальваць урад у гады двухзначнага росту даходаў насельніцтва, электаральныя рэйтынгі не дацягвалі да 1 працэнта.
Зноў звярнуся да цытавання «Гісторыі Расіі»: «Уладар-бацька мае патрэбу ў выканаўцах і дарадцах, але не ў суб’ектах палітыкі. Суб’ект у такой мадэлі панавання і пры такой культурнай матрыцы можа быць толькі адзін — і гэта яшчэ да часу вызвалення Русі ад манголаў было добра вядома з вопыту ўсходніх дэспатый, уключаючы султанісцкую Турцыю, якая перамагла Візантыю».
Калі казаць побытавай мовай, бацька ў патрыярхальнай сям’і валодае манаполіяй на ўладу. У яго не можа быць канкурэнтаў. Але носьбіты дадзяржаўнай культуры пераносяць прынцып арганізацыі сям’і на дзяржаву — і ўважаюць кіраўніка краіны за бацьку.
Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што ў прадстаўнікоў палітычнай эліты ў такой архаічнай канструкцыі няма свайго месца, — а значыць, такім чынам, у іх няма і легітымнасці. Ёй проста няма адкуль узяцца, бо ў сям’і паміж дамачадцамі і бацькам няма пасярэднікаў.
Прымаўка «цар добры, баяры дрэнныя» нарадзілася не на пустым месцы, бо «дамачадцам» дзяржавы для вырашэння паўсядзённых пытанняў даводзіцца сутыкацца з баярамі, а не з царом. І гэтыя сутыкненні далёка не заўсёды пакідаюць добрыя ўражанні. Але надзея памірае апошняй. А надзея дастукацца да Самога ў свеце дадзяржаўнай культуры павінна існаваць заўсёды.
***
Хаос і смута, справакаваныя «мецяжом» былога крымінальніка, — гэта прамое следства рашэння, прынятага выканаўцамі і дарадцамі, пазбаўленымі палітычнай суб’ектнасці, 21 лютага 2022 года на пасяджэнні Савета бяспекі Расіі. Наперадзе краіну чакае яшчэ шмат падобных рашэнняў. Наперадзе — завяршэнне чарговага цыклу.