Прыгожын просіць падтрымкі ад расійцаў пасля афіцыйнага пераезду ў Беларусь
Заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын запісаў новы аўдыязварот. Гэта першая яго заява пасля пераезду ў Беларусь.
Аўдыязварот вайсковага злачынцы Прыгожына быў апублікаваны ў ваенным тэлеграм-канале, блізкім да ПВК «Вагнер»: як там сказана, «у адказ на праявы народа, якія былі аказаны за апошнія дні».
— Сёння нам як ніколі патрэбна ваша падтрымка. Дзякуй вам за гэта, — заявіў лідар тэрарыстаў-«вагнераўцаў».
Ён запэўніў, што арганізаваны ім 24 чэрвеня «Марш справядлівасці» быў скіраваны «на барацьбу са здраднікамі і мабілізацыю нашага грамадства», і выказаў меркаванне, што «многае з гэтага нам удалося».
— У бліжэйшы час, я ўпэўнены, вы ўбачыце нашы наступныя перамогі на фронце, — заявіў Яўген Прыгожын. Аб сваіх далейшых планах і месцазнаходжанні ён не расказаў.
Пры гэтым у самім фарміраванні напярэдадні паведамілі, што на месяц спыняюць вярбоўку наймітаў «у сувязі з часовым няўдзелам ПВК у спецыяльнай ваеннай аперацыі і пераездам у Рэспубліку Беларусь».
Нагадаем, увечары 23 чэрвеня заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын абвінаваціў Мінабароны РФ ва ўдары па «тылавых лагерах» яго байцоў і паабяцаў даць адказ. Ваеннае ведамства абвінавачанні адпрэчыла. ФСБ заявіла аб завядзенні супраць Прыгожына крымінальнай справы аб падрыхтоўцы ўзброенага мяцяжу. Раніцай 24 чэрвеня заснавальнік ПВК заявіў, што яго байцы кантралююць ваенныя аб'екты ў Растове-на-Доне.
Прэзідэнт Расіі Пуцін пазней раніцай выступіў са зваротам, у якім назваў тое, што адбываецца, здрадай. Мяцеж завяршыўся тым, што Яўген Прыгожын адмовіўся ад «паходу на Маскву» і пагадзіўся з'ехаць у Беларусь. Крымінальная справа па мяцяжы Прыгожына была спынена 27 чэрвеня.
Сам Прыгожын папярэдні раз выступіў са зваротам 26 чэрвеня, праз два дні пасля мяцяжу. Тады ён распавёў сваю версію падзей і запэўніў, што яго найміты зладзілі марш-кідок на Маскву «для дэманстрацыі свайго пратэсту, а не для звяржэння ўлады ў краіне».
Мэтай жа паходу, паводле яго слоў, было не дапусціць знішчэння ПВК «Вагнер» і прыцягнуць да адказнасці тых асоб, якія «сваімі непрафесійнымі дзеяннямі здзейснілі вялікую колькасць памылак падчас СВА».