Францускія тэрарысты пахаваныя ў безыменных магілах
Такім чынам улады вырашылі прадухіліць “паломніцтва” да магілаў ісламістаў.
Тэрарыст Шэрыф Куашы, які 7 студзеня напаў на рэдакцыю часопіса "Charlie Hebdo", пахаваны ў нядзелю, 18 студзеня ў безыменнай магіле пад Парыжам. На могілках Жэнвіль у часе пахавання былі ўстаноўленыя жорсткія захады бяспекі.
На пахаванні не было сваякоў, а надмагільны камень вырашылі пакінуць без імя, каб пазбегнуць магчымага “паломніцтва” да месца пахавання ісламіста.
Іншага ўдзельніка нападу на рэдакцыю часопіса — французскага тэрарыста Саіда Куашы — напярэдадні таксама ў сакрэце пахавалі ў Рэймсе.
Сатырычны часопіс "Charlie Hebdo" стаў аб’ектам тэрарыстычнага нападу ў Парыжы пасля публікацый карыкатур: 7 студзеня ў часе ўзброенай атакі былі забітыя 12 чалавек, у тым
ліку двое паліцыянтаў. Праз двое сутак падазраваныя — браты Шэрыф і Саід Куашы — былі ліквідаваныя падчас аперацыі спецслужбаў.