Данецкі трохкутнік: Дзяўчынка і смерць
На момант напісання гэтага артыкула ў сакавіку 2016 года яго гераіні, Насці Гасанавай, было дзевяць гадоў. Дзяўчынка бачыла вайну і гора, што яна нясе: ад хваробы, выкліканай раненнем і кантузіяй, памерла яе маці. Калі мамы не стала, Насця вырашыла стаць лекарам: «Каб мамы больш не паміралі». Цяпер Насці павінна быць каля 15. Хочацца верыць, што яна ў бяспецы. Але колькі ж маленькіх украінцаў становяцца закладнікамі новай вайны!
Хата ў пасёлку Вадзяное, што знаходзіцца ў «Данецкім трохкутніку», драўляныя вароты з паўсцёртым надпісам мелам «Жывуць дзеці». Калі бачыш у данбаскіх вёсках прыфрантавой паласы хаты з такім надпісам, гэта выклікае змешаныя пачуцці. Радасць ад таго, што жыццё тут не скончылася, у яго ёсць будучыня, змешваецца з трывогай за маленькіх закладнікаў вайны.
Акрамя надпісу, на варотах зблізу бачныя прабоіны. Прабоіны невялікія, з дарогі ледзь заўважныя, але для дзевяцігадовай дзяўчынкі Насці Гасанавай гэта сляды страшнай трагедыі. Меткі смерці, якая
забрала ў яе маму Лізу і дзядзьку Віцю, які клапаціўся пра яе нібы родны бацька. Самога бацькі дзяўчынка амаль не ведала, ён памёр, калі ёй было ўсяго два гады.
18 ліпеня мінулага года Вадзяное было абстраляна з гаўбіц, мінамётаў і танкаў. Пару радкоў у навінах, кароткая інфармацыя аб адным загінулым і некалькіх параненых жыхарах. Руціна
вайны.
Падчас таго абстрэлу і забіла дзядзьку Віцю, які спрабаваў абараніць Насцю з яе мамай. Бабуля Насці, Вольга Уладзіміраўна, распавяла пра тое, як гэта адбылося.
— Яны вярталіся ўтрох дадому з прагулкі. Усяго некалькі метраў не дайшлі да брамы, як на нашую вуліцу прыляцелі чатыры міны, адна за адной. Пасля першай ўсё было ў дыме. Ліза потым
казала, што яе аглушыла, яна быццам здранцвела ўся, не магла ні паварушыцца, ні закрычаць. Хлапчук, Віцька гэты, іх выратаваў. Закрычаў: «Падайце і каціцеся!» Яны ўпалі, пакаціліся
з дарогі да брамы. Калі падкаціліся, Віця крычыць ім: «Уставайце!» Усталі, а тут чацвёртая прыляцела, ён толькі рукі паспеў падняць, расставіў, каб іх абараніць...
На выгляд раненне было не надта сур'ёзным, асколак трапіў Віцю ў нагу. Але гэтым асколкам мужчыну перабіла пахвінную артэрыю, ён памёр праз сем хвілін ад кровастраты.
Віця, Віктар Брэнзовіч, мужчына 29-ці гадоў, родам з Закарпацця, прыехаў яшчэ да вайны ў Данецк на заробкі. Будаваў элітнае жыллё ў ваколіцах горада. У сям'ю да Лізы, Насці, Вольгі
Уладзіміраўны і тады яшчэ жывога яе мужа (дзед Насці пазней патоне ў сажалцы, дзе пастаянна рыбачыў) Віктар пачаў прыходзіць з зімы мінулага года, калі транспартныя зносіны з Данецкам былі
спыненыя.
— Калі ідуць ваенныя дзеянні, заўсёды дзе-небудзь што-небудзь пераб'е, абарвецца. Мы яго аднойчы папрасілі драты абарваныя паправіць, у яго лесвіца вялікая была. Ён потым спытаў,
ці можна па вадзіцу хадзіць — ну можна, вядома. Раз прыйшоў, іншы. Вадзіцы набраць, гарбаты папіць. І неяк прыжыўся ў сям'і, стаў нашым сябрам. Бывала, сядзем мы сям'ёй за
стол, муж мой нябожчык спытае: нешта Віці даўно не было? Глядзім, ідзе. Сядаем есці, а Віця: «Ды я не хачу, я не буду». Сціплы вельмі быў...
Вольга Уладзіміраўна падкрэслівае, што Віктар быў ім толькі сябрам. У яго ў Данецку была сям'я, засталася дачка чатырох гадоў, таксама Насця. Ён сумаваў па сям'і, але паехаць у
Данецк, каб іх убачыць, не мог, таму ўзяўся клапаціцца пра іх.
— Мы ж дзесяць месяцаў пенсію наогул не атрымлівалі. Дык Віця нам вельмі дапамог. Папросіць што-небудзь у ваенных і нам нясе. Я пытаюся: «А сам ты як?». Ён мне заўсёды
адказваў: «Нічого, у мене є. Це вам, це для Насті». Абараняў яе заўсёды, калі мама раптам сварылася. Казаў: «Не треба сварити дитину, все буде добре». Вядома,
Насці няпроста было гэтую смерць перажыць. А потым яшчэ мама...
Тады, 18 ліпеня, маму Лізу кантузіла і параніла ў руку. Раненне і кантузія выклікалі хваробы ў 31-гадовай жанчыны, з восені яна надоўга лягла ў шпіталь, адкуль яе адправілі дадому толькі на
навагоднія святы. Дома яна і памерла.
— Калі Ліза хварэла, Насця як толькі вочы са сну расплюшчыць, адразу пытаецца: «Як мама? Як яна спала? Што казала?». Калі Ліза яшчэ магла гаварыць, я пераказвала
Насці, што яна казала. А калі казаць ужо перастала, я кажу Насці, вось так яна вочкамі паказвала. Насця падыдзе, скажа добрай раніцы, пацалуе яе. У школу ідзе — развітаецца, прыйдзе са школы
— павітаецца з ёй... Ліза памерла позна ўначы. Насця як даведалася пра мамчыну смерць з раніцы, усё крычала, што гэта няпраўда, няпраўда! Футболку рвала на сабе зубамі, потым прытомнасць
страціла...
На шчасце, Насця змагла перажыць цяжкія страты. Хоць ёй даводзіцца жыць у вельмі незвычайных умовах, яна вядзе жыццё звычайнага дзіцёнка. Гуляе ў лялькі, лепіць з пластыліну, лазіць па дрэвах.
Дапамагае бабулі па гародзе і з курамі, якіх у іх у гаспадарцы восем. А калі ім на двор прывезлі дровы — падарунак да 8 сакавіка, кажа Вольга Уладзіміраўна — Насця разам з
сяброўкай, дачкой перасяленцаў з Пяскоў, якія жывуць цяпер з імі па суседстве, іх складвалі.
Школа, куды ходзіць Насця, знаходзіцца за тры кіламетры ад дома. У мінулым навучальным годзе бабуля вазіла яе туды на ровары, а ў гэтым ужо дзяцей падвозіць аўтобус. Вучыцца нядрэнна, у школе
ўсе падабаецца, толькі вось з ангельскай праблемы.
— Я нямецкую вучыла ў свой час, дык настаўніца скардзіцца, што я Насці прышчапіла няправільны акцэнт, нямецкая так і выплясвае. Часам медыкам знаёмым з «Карпацкай
Сечы» (раскватараванае ў пасёлку воінскае падраздзяленне — аўт.) тэлефаную, як вось гэта перакласці, што мне рабіць. Яны мне дапамагаюць. Так і спраўляемся талакою.
Калі мама Насці была жывая, яна сама ўсіх стрыгла, рабіла прычоскі. Насці гэта падабалася, яна марыла аб прафесіі цырульніцы. А калі мамы не стала, Насця вырашыла стаць лекарам: «Каб
мамы больш не паміралі».
— Яна калі гэта сказала, у нас дома Андрэй быў, медык з Львова. Ён як пачуў, не вытрымаў, расплакаўся...
Насця стварае ўражанне не па гадах дарослай дзяўчынкі. Ды і наогул дзеці ў прыфрантавой зоне выглядаюць значна больш сур'ёзнымі. У нядзелю ў школу Насці прыязджала група валанцёраў з Харкава, паказвалі аматарскі спектакль. Дзеці вельмі ўважліва, зусім без свавольства, сачылі за тым, што адбываецца на імправізаванай сцэне. З дапамогай лялек валанцёры распавядалі пра хлопчыка, які ўсіх задзіраў і крыўдзіў, таму ніхто з ім не хацеў сябраваць. Спачатку героі спектакля хацелі яго пакалаціць, але мудрая мама параіла зрабіць наадварот, пачаць з ім гуляць і запрасіць у госці. Адказаць на зло дабром, як бы ні было няпроста. У спектаклі гэта спрацавала...
Раней дзяцей прыходзілі забаўляць чацвёра салдатаў. Зладзілі ім святочны канцэрт на Новы, 2015 год, прынеслі падарункі. Пачалі рабіць рамонт у школе з уласнай ініцыятывы.
— Хлопец там адзін з акардэонам быў, такі ўжо вясёлы. І гэта ж трэба, — кажа Вольга Уладзіміраўна — менавіта яны на расцяжцы потым падарваліся, загінулі. Насця яшчэ
таго жыцця толкам не бачыла, а ўжо столькі смерцяў навокал...