Ці будзе ў Расіі ліберальная апазіцыя?
Больш чым сціплыя дасягненні расійскіх лібералаў на думскіх выбарах выклікаюць заканамерныя хваляванні: ці не назіраем мы агонію ліберальнай апазіцыі? Адказаць на гэтае і іншыя пытанні цяперашняй расійскай палітыкі дапамагае маскоўскі журналіст Алег Цепілаў.
— Перамога прапуцінскіх партый была прадказальнай, але вынікі парламенцкіх выбараў выклікалі нездаровы ажыятаж. Усяго за апазіцыю галасавала каля 2,5 працэнта — як жартуюць у інтэрнэце, лічба на ўзроўні тлустасці кефіру. Такія асобы, як Праханаў, намагаюцца разглядаць гэта ў глабальным вымярэнні як канец расійскага лібералізму. Ці сапраўды расійскі лібералізм сканаў?
— Гэта вельмі смелая заява, калі ўзгадаць, што напярэдадні пратэстаў супраць фальсіфікацый у 2011 годзе лібералізм у Расіі таксама сто разоў паспелі пахаваць. «Балотная» прымусіла хутка перагледзець стары дыягназ. Не трэба спяшацца з радыкальнымі высновамі, бо сацыяльная база для ліберальных партый у выглядзе празаходняга сярэдняга класу ў краіне відавочна ёсць. Апошні правал выкліканы аб’ектыўнымі фактарамі. Перш за ўсё, апазіцыя не здолела прыстасавацца да новай версіі мадэлі «кіруемая дэмакратыя», якую распрацаваў экс-кіраўнік адміністрацыі Пуціна Вячаслаў Валодзін. Адсюль і крызіс кіраўніцтва, і немагчымасць прапанаваць грамадству мабілізуючую ідэю, стварыць прывабны вобраз альтэрнатыўнай будучыні, знайсці годны адказ на складанае крымскае пытанне...
— Якія асноўныя параметры мадэлі Валодзіна?
— Спрэчкі наконт гэтага яшчэ не скончаныя, і, думаю, сам Валодзін шмат дзе эксперыментуе. Паспрабую сфармуляваць гэта так: Валодзін намагаецца стварыць палітычную сістэму з усімі знешнімі адзнакамі дэмакратычнасці, празрыстасці і гэтак далей. Напрыклад, кіраваць ЦВК прызначаецца вядомая праваабаронца Панфілава, чый аўтарытэт не аспрэчваецца. Аднак, калі апазіцыя вырашае ўцягнуцца ў гэтае поле, то на выхадзе ў вачах грамадства яна выглядае як пазасістэмная, маргінальная, несімпатычная групоўка. Такі парадаксальны вынік дасягаецца за кошт медыяманіпуляцый, гульняў на асабістых фанаберыях апазіцыянераў і іншага. З другога боку, назіраецца мадэрнізацыя і амаладжэнне ўрадавых партый, стымуляцыя ўзаемнай канкурэнцыі паміж імі.
— Рэакцыяй несістэмнай апазіцыі на выбарчую катастрофу стаў пошук вінаватага. У партыі ПАРНАС збіраюцца пазбавіць пасады старшыню Міхаіла Касьянава. Яго крытыкі кажуць, што ён не толькі праваліў кампанію, аднак і дыскрэдытаваў дэмакратаў праз саюз з радыкальнымі нацыяналістамі. Касьянаў усе абвінавачанні абвяргае. Ці не закончацца ўнутраныя разборкі канчатковай маргіналізацыяй ПАРНАС?
— Парадаксальна, аднак памерці ПАРНАС не дасць Крэмль. Адміністрацыі прэзідэнта патрэбныя карыкатурныя персанажы, якія дэманструюць неадэкватнасць пазасістэмнай апазіцыі. Паколькі ПАРНАС — гэта кааліцыя, нават у выпадку адстаўкі Касьянава апошні зможа кантраляваць адну са структур. Не будзе Касьянава або Мальцава, знойдуць іншага маргінала, якога пачнуць запрашаць на розныя папулярныя шоў і рэкламаваць як вядучага антыпуцініста краны.
— Ці захаваецца пасля вераснёўскай катастрофы партыя «Яблоко»? Як вядома, яны не набралі тры працэнты, неабходныя для атрымання дзяржаўнай падтрымкі. У краіне такіх памераў, як Расія, цяжка падтрымліваць партыйныя структуры без адпаведных сродкаў.
— «Яблоко», нягледзячы на правал, нікуды не падзенецца, бо будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2018-га. Ужо вядома, што партыя збіраецца вылучаць Яўлінскага. Такі кандыдат вельмі падабаецца Крамлю, паколькі даўно зразумела, што Яўлінскі — гэта чалавек 1990-х. У гэтым плане не выключаю, што некаторым бізнесменам будзе дадзеная каманда фінансава падтрымаць партыю Яўлінскага.
— Акрамя Яўлінскага і Касьянава існуе яшчэ адзін апазіцыйны полюс. Гаворка пра каманду Навальнага, якая раней выйшла з ПАРНАС. У выбарах яна не ўдзельнічала, за кошт чаго захавала твар. Ці можа дэмакратычная супольнасць аб’яднацца вакол Аляксея Навальнага, за якога, дарэчы, на выбарах мэра ў Маскве галасавала каля 600 тысяч чалавек?
— Як вядома, Навальны ў любы момант можа апынуцца за кратамі, паколькі праходзіць па справах за эканамічныя злачынствы. Таму, як толькі ён будзе ўяўляць небяспеку, справам па тых артыкулах дадуць ход. Месца Навальнага ў схеме падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2018-га яшчэ не зразумелае. Не выключаю, што яму рыхтуюць лёс Ройзмана. Яўген Ройзман — вядомы на ўсю краіну ўральскі дысідэнт. Як і Навальны, ён доўгі час крытыкаваў уладу, праўда, больш па праблемах наркотыкаў. І нечакана для ўсіх не так даўно Ройзман стаў мэрам Екацерынбургу. Зараз ён па вушы у муніцыпальных праблемах, цалкам забыўся пра агульнанацыянальныя палітычныя тэмы. Кажуць, што Навальнага таксама могуць нечакана абраць мэрам нейкага правінцыйнага гораду, і, такім чынам, прыбяруць яго з вялікай палітыкі.
— Ці могуць у Расіі паўстаць новыя цэнтры апазіцыі?
— Сапраўды, ёсць думка, што лібералам трэба забыцца пра старыя партыйныя брэнды і паспрабаваць арыентавацца на кансалідацыю лакальных грамадскіх і сацыяльных пратэстаў. Маўляў, сённяшнія лакальныя пратэсты заўтра могуць здабыць глабальную палітычную сілу, і ў дадатак даць апазіцыі новых свежых лідараў. Але тут на памяць адразу прыходзіць імя Яўгеніі Чырыкавай — лідаркі выступаў супраць знішчэння хімкінскага лесу ў 2011 годзе. У яе асобе ўсе бачылі новага лідара апазіцыі. Аднак у выніку яна эмігравала з Эстонію з-за пагрозы для сваіх дзяцей. У любым выпадку, будучыня сістэмнай і несістэмнай апазіцыі ў Расіі цалкам будзе залежаць ад таго, як стане развівацца палітычная сітуацыя ўнутры самой краіны. А не ад таго, што пра гэта пішуць ура-патрыятычныя публіцысты.