Акопваемся па ўсіх франтах
Напярэдадні візіту Лукашэнкі ў КНР эксперты аднагалосна сцвярджалі: ён хоча грошай. Зразумела, а хто ж іх не хоча? Праўда, Кітай дае не «жывыя» аблігацыі, а толькі «звязаныя» крэдыты пад канкрэтныя прыбытковыя інвестыцыйныя праекты. А з гэтым у нас праблемы...
Лукашэнка працягвае дасылаць сігналы кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі. Ён дзейнічае ў простым, як граблі, стылі і не хавае сваіх намераў, мяркуючы, што сумленнасць — лепшая палітыка.
На сустрэчы з кіраўніком Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько ён сказаў: «Я хачу мець поўную інфармацыю пра паслугі, якія мы аказваем Расійскай Федэрацыі (бо Расія толькі дзякуючы нашай мытні абараняе свае інтарэсы на заходнім напрамку, і абапіраецца яна на мытныя органы Беларусі), каб я быў у курсе справы для размовы з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі». То бок, відавочнае жаданне «выставіць рахунак» партнёру па ЕАЭС, Мытным саюзе і Саюзнай дзяржаве.
Тактыка не новая. Але вельмі цікава, як яна працуе. Калі ў нас была «замарозка» адносінаў з Еўропай, беларускі кіраўнік шматкроць паўтараў: Беларусь для Захаду — гэта «іхняе ўсё». Маўляў, толькі мы паставілі надзейную заслону мігрантам з Усходу і Сярэдняй Азіі. Толькі мы спыняем тут велізарны наркатрафік. І за гэта Еўропа нам вінная да скону: не тое што «санкцыі», нам за гэта прыплочваць трэба. Хоць памежнае супрацоўніцтва з ЕС ніколі не спынялася, а нават узмацнялася і развівалася. Напрыклад, мадэрнізацыя беларуска-літоўскай мяжы ў самыя крызісныя ў адносінах РБ і ЕС 2012–2014 гады пацягнула больш чым на 600 тысяч еўра, якія выдаткавалі еўрапейскія падаткаплатнікі. А на мадэрнізацыю польска-беларускай мяжы ў тыя ж гады сродкі далі швейцарцы (у польскіх грошах 51 мільён злотых).
Зараз з Еўропай мы нібыта сябруем, і нават не ўздымаем пытанне пра тысячы чачэнцаў, якія аселі ў Брэсце ў надзеі патрапіць у Польшчу. Але Лукашэнка вырашыў, што кепскі той пісталет, які не страляе ў абодва бакі. І, гледзячы па ўсім, вырашыў «пастраляць» у бок Расіі тымі ж аргументамі, якімі раней карыстаўся ў адносінах з ЕС. А паколькі з Еўропы ў Расію не бягуць ані мігранты, ані наркотыкі, ён знайшоў больш зручнага для Расіі ворага — санкцыйныя тавары.
Амаль адначасна з пачаткам антырасійскай рыторыкі інфармацыйнае агенцтва Мінабароны «Ваяр» распаўсюдзіла цікавую інфармацыю пра камандна-штабныя вучэнні на палігоне «Лепельскі». На адным з яго этапаў адпрацоўваліся «пытанні арганізацыі вываду мірнага насельніцтва з умоўнага населенага пункта, занятага незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі». Паводле задумы, незаконныя ўзброеныя фармаванні занялі ўмоўны населены пункт Жыліна з мэтай схілення мірнага насельніцтва на свой бок. Прадстаўнікі Узброеных Сіл і Міністэрства ўнутраных спраў павінны былі правесці перамовы аб вывадзе мірнага насельніцтва з небяспечнага перыметра, а ў выпадку нязгоды сепаратыстаў — правесці аперацыю па зачыстцы і блакаванні горада.
Амаль адразу кіраўнік Беларусі сустрэўся з кіраўніком ваенна-прамысловага комплексу Сяргеем Гурулёвым. І таксама «амаль адразу» Гурулёў вылятае ў Кітай у складзе прэзідэнцкай дэлегацыі. Сам Лукашэнка накіроўваецца ў Кітай з 28 па 30 верасня. У ходзе візіту ён правёў перамовы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянь, старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам і старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзяном.
Напярэдадні візіту эксперты аднагалосна сцвярджалі: Лукашэнка хоча ад Кітаю грошай. Зразумела, а хто ж іх не хоча? Праўда, Кітай дае не «жывыя» аблігацыі, а толькі «звязаныя» крэдыты пад канкрэтныя прыбытковыя інвестыцыйныя праекты. З гэтым у нас праблемы, як неаднаразова заўважаў сам Аляксандр Рыгоравіч.
Вось тут і спатрэбіўся Гурулёў, які на базе айчынных машын МЗКТ і кітайскіх ракетных тэхналогій стварыў гонар беларускага ВПК — РСЗА «Паланэз». Кажуць, на падыходзе другая мадыфікацыя гэтых машын. І не выключана, што ў ходзе вучэнняў пад Лепелем беларускае войска вызначылася, што можа, і што не можа даць беларускі ВПК для паўнавартаснага супраціву «гібрыднай пагрозе», і што мы можам атрымаць для гэтага ад Кітаю.
І, канешне ж, гэта пэўны «шчаўчок па носе» для Расіі. Маўляў, на Федэрацыі свет клінам не сышоўся. У нас і апроч РФ, ёсць магутны саюзнік, які, у выпадку чаго, дапаможа маральна і фінансава. Праўда, пра апошняе можна сцвярджаць, калі Лукашэнка прывязе з Паднябеснай пэўныя грошы, але, як ужо казалася, менавіта затым там быў Гурулёў. Дый цікава, што знайшоў у Кітаі знаны «ліберал» Кірыла Руды, які зараз там кіраўнік дыпмісіі…
Такім чынам, відавочна, што Лукашэнка «мацуе абарону» напярэдадні далейшых размоваў з кіраўніцтвам «асноўнага саюзніка і стратэгічнага партнёра». Прычым, мацуе яе «па ўсіх франтах» — і ў вайсковай галіне таксама. З чаго вынікае, што «разбор палётаў» будзе вельмі няпросты.