CCCР разваліў Чабурашка?
На 81-м годзе жыцця 14 жніўня памёр вялікі дзіцячы пісьменнік Эдуард Успенскі. Аўтары прысвечаных яму пасмяротных публікацый нечакана выявілі ў яго казках палітычны падтэкст.
Кот Матроскін, Чабурашка, дзядзя Фёдар, паштальён Печкін, Шапакляк і іншыя шматлікія персанажы Успенскага знаёмыя практычна кожнаму. Аднак мала хто думаў, што, апісваючы іх прыгоды, літаратар спрабаваў перадаць нейкае палітычнае пасланне. Яго знайшлі і расшыфравалі толькі пасля смерці пісьменніка. На думку некаторых літаратуразнаўцаў і аглядальнікаў, тэксты Эдуарда Успенскага ўтрымліваюць выразны дысідэнцкі і антысавецкі пасыл.
Газета «Известия» ілюструе гэты тэзіс на прыкладзе фабулы цыклу пра «Прастаквашына». Дзядзя Фёдар, разважлівы самастойны хлопчык, робіць зусім нелагічны для добрага дзіцяці ўчынак — уцякае ў вёску. Гэта цалкам разбурае стары савецкі міф пра тое, што нашы дзеці, калі і бягуць з хаты, то выключна па нейкіх высокіх ідэалагічных матывах — напрыклад, дапамагаць братэрскаму в’етнамскаму або кубінскаму народам. Аднак у нашым выпадку хлопчык збягае не з высокімі мэтамі, а каб займацца банальнай гаспадаркай на прыватнай садовай дзялянцы. «Страшна сказаць, гэта ж кулацка-мяшчанская мара», — робяць выснову «Известия».
А вядомы расійскі паэт Дзмітрый Быкаў увогуле сцвярджае, што самай антысавецкай кнігай савецкага перыяду была аповесць Успенскага «Год добрага дзіцяці». На яе старонках савецкі хлопчык-хуліган лістуецца з аднагодкай-замежніцай, хуліганкай з Галандыі. Пры гэтым Успенскі наўпрост піша пра адсутнасць у СССР свабоды думкі.
Быкаў звяртае ўвагу на наступны фрагмент кнігі: ліст ад савецкага хулігана ў Галандыю вельмі доўга не прыходзіць. І тата-галандзец тлумачыць дачцэ гэта наступным чынам: «Савецкі Саюз — вялізная-вялізная краіна. І там твой ліст можа лёгка згубіцца. Гэта па-першае. Але ёсць яшчэ адна рэч. У іх іншая сістэма жыцця. Яны думаюць гэтак жа, але па-іншаму. Можа быць, яны не прапусцяць твой ліст праз мяжу, каб ты не ўплывала на думкі іх дзяцей».
І што ўжо казаць пра старую Шапакляк. «Яе (Шапакляк) падкрэслена старамодны стыль у спалучэнні са старарэжымнымі інтанацыямі прамовы і з роляй відавочнага антаганіста станоўчых (чытай — савецкіх) герояў асацыюецца з вобразам «ворага народа», — піша Канстанцін Ключкін, аўтар артыкулу «Запаветны мультфільм: прычыны папулярнасці «Чабурашкі». Ён жа адзначае, што «ў праекцыі на савецкі соцыум самотны інтэлігент кракадзіл Гена нагадвае ў першую чаргу знаёмы вобраз мужчыны, які выжыў у перыпетыях вайны і сталінскіх рэпрэсій».
Эдуарда Успенскага пачалі параўноўваць з Уладзімірам Высоцкім, іншым славутым бунтаром часоў застою. «У чымсьці сітуацыя была падобная да сітуацыі Уладзіміра Высоцкага: усе ведалі і спявалі яго песні, яны гучалі па тэлевізары і на кружэлках, але ніякіх публікацый у друку песень Высоцкага не было. Так і ва Успенскага: усе дзеці і іх бацькі выдатна ведалі пра Чабурашку і ката Матроскіна. Але толькі дзякуючы мультфільмам. Кніг не выходзіла», — узгадвае літаратар Уладзімір Бандарэнка.
Дарэчы, савецкая цэнзура, падаецца, разумела, што нешта з гэтымі Чабурашкам і паштальёнам Печкіным нячыста. Прынамсі ў сваіх інтэрв’ю пісьменнік распавядае пра шматлікія канфлікты з цэнзарамі. «Казалі, што сяброў нельга знаходзіць па абвестцы, як гэта робіць Чабурашка, — толькі ў калектыве! Абураліся: чаму гэта Гена з Чабурашкам сабралі металалому больш, чым піянеры, — тут відавочны недавер да піянерскай арганізацыі. Пры стварэнні мультфільму вырашана было сабраны металалом падзяліць пароўну», — узгадвае аўтар кракадзіла Гены. Натуральна, не прайшла цэнзура і міма вядомай фразы Шарыка пра тое, што «мяса трэба купляць у краме, бо там костак больш».
На думку літаратурнага крытыка Канстанціна Мільчына, дысідэнцтва Успенскага мела сістэмны характар і заключалася ў замаху на закон і парадак — асноўны фундамент савецкай аўтарытарнай сістэмы. «У казках Эдуарда Успенскага месца дзеяння — гэта заўсёды ўтапічны савецкі сусвет, свет законаў, парадку і перадвызначанасці. Так было заўсёды і так будзе. Казка пачынаецца ў той момант, калі ў гэтым свеце пачынаюцца адхіленні ад правілаў. Напрыклад, кракадзіл размаўляе і паліць люльку. Такім чынам: закон — гэта добра, але, калі вельмі трэба, то яго можна абысці», — піша Мільчын.
Не факт, што Успенскі заклікаў свядома парушаць нормы. Любая казка сама па сабе — гэта выхад за мяжу звычайнай думкі. Таму нават калі б Успенскі быў упісаны, як той жа Мікіта Міхалкоў, у сістэму, і рэкламаваў яе, яго творы ўсё роўна працавалі на эрозію існуючага рэжыму.
Як адзначае журналіст Андрэй Ашкераў, «Успенскі — прыклад таго, што непалітычны ўплыў становіцца больш уплывовым за палітычны, паколькі разбурае манаполію афіцыйнай улады на цыркуляцыю слоў і рэчаў (…) Успенскі ператварыў савецкае ўяўнае, змяніўшы сам статус героя. Са з’яўленнем Чабурашкі героем стала не ахвяра, якая ўрачыста ахвяруе сабой у імя светлай будучыні, а фрык і гібрыд». Такім чынам Чабурашку надаецца нават вялікая роля ў крызісных працэсах у СССР.
Між тым, у творчасці Успенскага нечакана знайшлі яшчэ адзін нюанс — экалагічны. Яго заўважыў мультыплікатар Барыс Машкавец, які кажа: «Творы Успенскага вучаць таму, што жывёлы з’яўляюцца паўнавартаснымі чальцамі грамадства. У яго творах згода людзей і жывёл прадстаўленая як норма жыцця, а не як казка пра жывёлаў, якія проста бегаюць і нешта кажуць».
Як бачым, спадчына Успенскага патрабуе дадатковага вывучэння і новых дэбатаў. Аднак ніякіх дыскусій не патрабуе факт, што пайшоў жыцця сапраўды вялікі пісьменнік, сімвал цэлай эпохі.