У Мінску пакажуць новую казку пра прыгоды літары Ў
Беларускія дзеці хочуць быць беларусамі – але дарослыя ім не даюць. Правакацыйны сюжэт новай дзіцячай казкі пра літару Ў.
«Як літара Ў Ярылу-Сонца ў Вырай выпраўляла» – новы тэатральны праект кампазітара, сцэнарыста і прадзюсара Рамана Арлова, вядомага па мюзікле «Чарадзей», а таксама дзвюх пяпярэдніх частках сагі пра прыгоды літары Ў – «Як літара Ў уратавала Каляды» і «Як літара Ў вясну гукала».
У новай казцы фармат філасофскай прытчы, якую цікава было б глянуць і дарослым, даведзены амаль да абсалюту. Гэта фактычна і ёсць наша беларуская рэальнасць: сувязь дарослых беларусаў з роднай зямлёй, яе мовай, традыцыямі і культурай перарваная. Менавіта таму бацькі не спяшаюцца аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы, беларускамоўныя групы ў садках.
«А вы спыталі дзяцей?» — задаюцца пытаннем аўтары і прыводзяць прадказальны адказ бацькоў: «Яны яшчэ не разумеюць, што з гэтай вашай беларускай мовай і культурай дзеці ў дарослым жыцці толькі намучаюцца» .
Але не ведаюць «тутэйшыя» бацькі, што без нацыянальнай ідэнтычнасці не выжыць любому чалавеку ў сучасным свеце.
Спытайце ў дзяцей! І хай яны стануць беларусамі!
А дарослыя за непавагу да духаў сваёй зямлі атрымаюць бясконцую зіму — у прамым, і ў філасофскім сэнсе гэтага слова.
«Нечакана мы зразумелі, што такога праекту папросту няма на рынку. І таму, пераадольваючы цяжкасці – адсутнасць фінансавання, негатыўныя водгукі крытыкаў ды іншыя – проста пачалі рабіць. І вось – ужо восем паказаў адбылося. Час рушыць далей і зрабіць паўнавартасную серыю — па адной казцы да кожнага сонцавароту», – распавядае аўтар праекта Раман Арлоў, які піша да цыкла казак музыку, тэксты і лібрэта.
Рэжысёрам ды выканаўцай галоўнай ролі выступае Кацярына Поцюс.
Пра што ж новая казка? Пра тое, што здарылася з літарай Ў і яе сябрамі ўлетку і ўвосень. Пасля таго, як злы чараўнік Зюзя быў пераможаны, урэшце надышла Вясна, а потым і Лета. Ярыла-Сонца саграваў зямлю, прырода і людзі песціліся ў цяпле і радасці.
Але разбэсціліся людзі, перасталі Ярылу паважаць, сталі ўдаваць, нібы Ярыла цяпер назаўсёды з імі, і нібы нават на службе ў іх. Сталі нават казаць, што непатрэбен Ярыла, і наогул духі беларускай зямлі непатрэбныя, ды і сама Беларусь з яе культурай, мовай і старадаўнімі звычаямі непатрэбная, а сонца і так свеціць і свяціць надалей будзе.
Спрабавала літара Ў утрымаць людзей ад такой дурасці – але не паслухалі яе людзі. Больш за тое – сказалі, што літары такой не ведаюць і ведаць не хочуць. Толькі беларускія дзеці ўсё зразумелі – але што ж яны, малыя, могуць зрабіць супраць дарослых?..
Аслабеў Ярыла ад такой хцівасці людской. Разумная літара Ў вырашыла: каб не звёўся канчаткова Ярыла, трэба ратаваць яго. І выправіла літара Ў Ярылу-Сонца ў Светлы Вырай, каб там ён вярнуў сваю сілу. А можа да гэтага часу людзі і адумаюцца…
Казку «Як літара Ў Ярылу-Сонца ў вырай выпраўляла» пакажуць 22 верасня, у суботу, у 16-00 у Маладзёжным Тэатры Эстрады.
У фае, як і на пяпярэдніх казках, гледачы пабачаць аўтэнтычныя народныя песні і танцы ад школы традыцыйнага мастацтва Вікторыі Міхно. Усе дзеці атрымаюць салодкі пачастунак ад сталага партнёра праекта – кампаніі «Айс Кінг».
Паказы дзвюх папярэдніх казак пра прыгоды літары Ў і яе сяброў з поспехам прайшлі ў Мінску, а таксама ў Ашмянах, Гальшанах, Астраўцы.
Інфалінія: 29 8517706, 44 7777846
Набыць квіткі можна тут, тут і тут.
Паводле прэс-рэлізу