Аўтар нашумелай карыкатуры на Паклонскую папрасіў прытулку ў Францыі

Дзяніс Лапацін асцерагаецца крымінальнага пераследу ў РФ у сувязі з карыкатурай на Наталлю Паклонскую.

eiffel_tower_1280022_1280.jpg


У сувязі з пагрозай крымінальнага пераследу ў Расіі камчацкі карыкатурыст беларускага паходжання Дзяніс Лапацін быў вымушаны застацца ў Францыі і прасіць палітычнага прытулку. Мастак асцерагаецца адкрыцця крымінальнай справы ў сувязі са скандальнай карыкатурай на дэпутата Дзярждумы Наталлю Паклонскую, паведамляе DW.
Паклонская палічыла малюнак абразлівым і заявіла, што ў ім няма "ніякай жартаўлівасці і карыкатурнасці". У канцы мая яна накіравала запыт старшыню СКР Аляксандру Бастрыкіну, папрасіўшы праверыць адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы аб абразе пачуццяў вернікаў карыкатурай Лапаціна на яе.


Карыкатура Лапаціна на Паклонскую была прадстаўлена шырокай публіцы ў кастрычніку 2017 года падчас мітынгу ў Петрапаўлаўску-Камчацкім супраць ціску на стваральнікаў фільма "Мацільда". Пасля скаргі мясцовых праваслаўных актывістаў камчацкія следчыя органы правялі праверку і вырашылі не заводзіць крымінальную справу супраць карыкатурыста.


"Тэма дурная, знайшлі за што чапляцца. У мяне ў сто разоў злей працы бывалі", — пракаментаваў між тым сам Дзяніс Лапацін скандал, выкліканы гэтай карыкатурай. Адметна тое, што сацыяльную работніцу, якая дапамагае Лапаціну ў эмігранцкіх справах у Францыі, клічуць Мацільда, падкрэслівае анлайн-выданне Kamchatinfo.com.


Дзяніс Лапацін нарадзіўся ў Мінску, у 2002 годзе скончыў Беларускі Універсітэт Культуры, супрацоўнічаў як мастак з сатырычнай газетай "Навінкі". Дзяніс Лапацін уваходзіць у 100 лепшых карыкатурыстаў свету. Вядомасць яму прынеслі карціны, напісаныя ў жанры палітычнай карыкатуры. Раней Лапаціну ўжо даводзілася мець справу з праваахоўнымі органамі з-за сваіх малюнкаў.