43-я гадавіна страйкаў на польскім Узбярэжжы
У памяць аб загінулых у снежні 1970 года загулі сірэны. Шчэцін ушанаваў памяць ахвяр трагічных падзеяў 1970 года. Урачыстасці адбыліся ля цэнтральнай брамы Шчэцінскай суднаверфі.
Гдыня, 1970 год. Фота IPN
17 снежня 1970 года супрацоўнікі тагачаснай верфі імя Адольфа Варскага далучыліся да страйку, які працягваўся на Узбярэжжы.
Ля памятнай дошкі ў памяць аб загінулых у снежні 1970 года загулі сірэны.
“17 снежня 1970 года польскі народ, вось тут у Шчэціне, выказаў непарушнае жаданне. Ён нагадаў свету, наколькі моцная ў нашым грамадстве ідэя свабоды”, — сказаў падчас урачыстасці мэр горада Пётр Кшыстэк.
Прычынай снежаньскіх пратэстаў стаў вялікі рост коштаў на прадукты харчавання. Шчэцінскія суднабудаўнікі выйшлі на вуліцы. Да іх далучыліся супрацоўнікі іншых прадпрыемстваў. У сутыкненнях з міліцыяй загінулі 16 чалавек, а 100 атрымалі раненні.
Памятныя ўрачыстасці закончыла ўвячэрняя Імша ў саборы ў Шчэціне за загінулых у снежні 1970 года ды ўсіх працоўных.