20 дзяржаў маюць намер падвоіць інвестыцыі ў "зялёныя" тэхналогіі
Краіны-ўдзельніцы праекта "Mission Innovation" маюць намер да 2020 года падвоіць інвестыцыі ў экалагічна чыстыя тэхналогіі. Праект прадставяць у Парыжы на канферэнцыі ААН па пытаннях клімату, паведамляе www.dw.com.
Ветрапарк у Паўночным моры ля ўзбярэжжа Германіі
ЗША, Германія і 18 іншых дзяржаў маюць намер сумесна спрыяць развіццю экалагічна чыстых тэхналогій. Гэтыя краіны прынялі на сябе абавязацельства да 2020 года падвоіць інвестыцыі ў даследаванні і развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі, паведамляе AFP у панядзелак, 30 лістапада.
Мэтай праекта з'яўляецца развіццё новых тэхналогій дзеля "чыстага, даступнага і надзейнага энергетычнага балансу". Чакаецца, што праект, які атрымаў назву "Mission Innovation", будзе прадстаўлены ў панядзелак у Парыжы ў рамках канферэнцыі ААН па пытаннях клімату.
Краіны, якія ўдзельнічаюць у праекце, ужо зараз забяспечваюць каля 80 працэнтаў рэсурсаў у галіне "зялёных" тэхналогій. Урад ЗША штогод укладвае ў іх каля 5 мільярдаў долараў.
Паралельна з "Mission Innovation" у панядзелак таксама павінен быць прадстаўлены праект 28 прыватных інвестараў, якія зацікаўлены ў падтрымцы інавацыйных тэхналогій. Сярод кіраўнікоў праекта знаходзіцца і заснавальнік карпарацыі Microsoft Біл Гейтс.
На канферэнцыі ААН чакаецца падпісанне міжнароднага пагаднення па ахове клімату. Мэта — абмежаваць глабальнае пацяпленне да двух градусаў адносна даіндустрыяльнага ўзроўню.