Хакейны трэнер Аляксандр Румо: «Раб усё роўна ніколі не стане супер-чэмпіёнам»

Былы галоўны трэнер юнацкай зборнай Беларусі па хакеі Аляксандар Румо, які пайшоў у адстаўку летась у верасні, разам з сямʼёй з'ехаў у Польшчу. У эфіры «Свабоды Premium» Аляксандар Румо расказаў пра прычыны адʼезду і планы ў новай краіне. Румо параўнаў сітуацыю ў Беларусі з пажарам на тарфяніках. Спартсмен перакананы, што спартсмены растуць і перамагаюць толькі ў вольнай краіне.

84ce4e0f_f580_4b47_abe3_89c9b2e698c7_w650_r0_s.webp

«Такога года ў маім жыцці яшчэ не было»

— Вы пайшлі ў адстаўку летась у верасні з прычыны разыходжання ў палітычных поглядах з кіраўніцтвам Федэрацыі хакея Беларусі, амаль год былі без працы па спецыяльнасці ў Беларусі. Зусім нядаўна пераехалі ў Польшчу. Раскажыце, якім быў для вас год пасля адстаўкі і што стала апошнім аргументам на карысць адʼезду?

— Год быў вельмі «баявы». Такога года ў маім жыцці яшчэ не было. Практычна год я жыў без хакея, але форму не губляў, у мяне былі трэніроўкі з адной дзіцячай камандай. Там я падтрымліваў нейкую трэнерскую форму, не забываў, як трэба стаяць на каньках, як свістаць. Працаваў у аднаго сябра... Год быў цяжкі і, у той жа час, павучальны.

— У снежні, калі мы размаўлялі, вы сказалі: «Ніякага ціску на мяне не аказваецца». Ці так было далей? Чаму вырашылі, што ўсё ж трэба з'яжджаць?

— Я адчуваў, што знаходжуся пад нейкім наглядам. Некалькі разоў да мяне наведваліся з Першамайскага РУУС. Я асабліва гэтаму значэння не надаваў. Але калі ў краіне пачалі грукацца і проста заходзіць да людзей, у якіх ёсць дзверы, не вельмі бяспечна стала заставацца. Паўночная Карэя ўвайшла ў наша жыццё і распарадзілася. І я прыняў рашэнне, што трэба пакідаць краіну.

«Хочацца, каб мае дзеці жылі ў свабоднай краіне»

— Няпростае рашэнне. Вы разам з сямʼёй з'ехалі. Як уладкаваліся ў Польшчы? Ці ёсць магчымасьць працы хакейным трэнерам?

— Рашэнне было прынятае ў красавіку-маі. Да апошняга была надзея, што ў краіне нешта зменіцца. Я думаў, што розум запануе, не думаў, што да такога маразму дойдзе. Напісаў у польскую амбасаду, патлумачыў сітуацыю, мне і маёй сямʼі выдалі візы. Майму малодшаму сыну трэба ісці ў першы клас, старэйшы ў школу ходзіць. Са школьнай праграмы ў Беларусі выкраслілі Алексіевіч, там ёсць праграма «Малыш-патрыёт», у школах зноў з'яўляюцца ваенрукі. Хочацца, каб мае дзеці жылі ў свабоднай краіне. У тым ліку і дзеля дзяцей я сабраўся і паехаў. І самому яшчэ хочацца пажыць у свабоднай краіне.

У Польшчы я ўдзельнічаў у двухтыднёвым трэніровачным лагеры, у які мяне запрасілі адразу па прыездзе. Думаю, што да канца гэтага тыдня я вызначуся з далейшай трэнерскай карʼерай. Спадзяюся, што я застануся трэнерам, толькі ўжо не ў Беларусі, а ў Польшчы.

— Вы сказалі, што яшчэ была надзея. А цяпер яе няма? Ці яна меншая?

— Надзея памірае апошняй. Але гледзячы на тое, што адбываецца... Мне 50 гадоў. Я не так мала пажыў і пабачыў. Я працаваў у сістэме. Я жыў пры Лукашэнку 27 гадоў. Ці гэта нас не зусім тычылася, ці мы ўмелі сыходзіць ад усяго гэтага ў нейкую ўнутраную эміграцыю... Я ніколі не думаў, што дойдзе да такога, што цяпер адбываецца ў нас у краіне. Надзея ёсць, але я не ведаю, як яна можа прывесці да перамогі, іншага жыцця, свабоды. Я пакуль не бачу шляхоў, хоць надзеі і веры не губляю. Надзея нейкая далёкая, калі параўноўваць са жніўнем мінулага году, калі ўсё пачыналася. У красавіку быў не проста спад і зацішша, проста пэўнай групе людзей дазволілі абсалютна ўсё, а іншым нельга нават коса глянуць.

«Спартсмены растуць толькі ў свабоднай краіне — гэта аксіёма»

— За гэты год я шмат разоў хацела звярнуцца да вас па каментар, але свядома гэтага не рабіла, бо шчыры адказ мог быць небяспечным для вас. Што адбывалася гэты год у беларускім хакеі? Якая атмасфера, якія настроі хакеістаў? Ці з'язджаюць іншыя спартсмены? Ці рыхтуюцца да адʼезду?

— З беларускім хакеем я не быў звязаны амаль год, за выключэннем некалькіх чалавек, з якімі я падтрымліваў адносіны. Там нічога не адбываецца. Людзі проста сагнуліся. Не тое што супакоіліся — яны і не падымаліся. Яны згорбіліся і працягваюць ціхенька рабіць сваю працу.

Што тычыцца спорту ўвогуле, Алімпійскія гульні ў Токіа ўсё расставілі на свае месцы: дзе мы, а дзе спорт і ўвогуле дзе ўсё. Тут справа не ў хакеі, лёгкай атлетыцы, штанзе ці іншым відзе спорту. Спартсмены, асобы растуць толькі ў свабоднай краіне. Гэта аксіёма. Вырасціць зорку сусветнага класу пад бізуном і пад такім ціскам — не ведаю, як магчыма. Раб усё роўна ніколі не стане супер-чэмпіёнам, свабодна не будзе ні перамагаць, ні прадстаўляць сваю краіну. У нейкі момант ён можа і даць нейкі вынік пад страхам і нейкім ціскам. Але вялікую, зорную спартыўную карʼеру пабудаваць немагчыма.

Справа ў самім грамадстве. У свабодным грамадстве, дзе жывуць свабодныя, самадастатковыя людзі, няма праблем ні са спортам, ні з медыцынай, ні з адукацыяй. Ёсць адна праблема — канкурэнцыя. Калі хочаш чагосьці дасягаць, ты павінен канкураваць і перамагаць у сумленнай барацьбе.

У Польшчы не сказаў бы, што хакей моцны. Але тут іншы падыход. Я бачыў, як у нас у Салігорску мужчына па шлеме хлопца ўдарыў. Вялікая розніца з тым, як польскія трэнеры вядуць трэніроўкі. Да дзяцей, якія вельмі слабыя, стаўленне, нібы яны майстры. Іх падбадзёрваюць, нават калі гулец слабы, яму даюць магчымасць раскрыцца нейкім чынам. Я перакананы, што нашаму хакею гэтага не хапае. Усе хочуць з дзесяцігадовымі дзецьмі абавязкова заняць першае месца, каб прэмію атрымаць. А што потым будзе з гэтымі дзецьмі, ці патрэбнае ім гэтае першае месца, ніхто пра гэта не ведае.

У Польшчы на першым месцы — адносіны, камунікацыя трэнера з дзецьмі, тут нельга крычаць, ні ў якім разе не біць. Ты павінен разам ісці да нейкай мэты, хоць і бачыш, што, можа, дзіця яе і не дасягне, але ты ўсё роўна яго матывуеш. Мне такі падыход вельмі імпануе. І гульцы ўсё роўна з'яўляюцца. Ніхто нікога не прымушае, не крычыць, усё на пазітыве, і ёсць добрыя гульцы ў выніку. І палякі будуць граць кваліфікацыю ў жніўні. Тут ад зборнай шмат чакаюць Яны абыгралі казахаў і лічаць, што ёсць шанец пазмагацца за алімпійскую пуцёўку.

«Так наладжаная гэтая сістэма — на падаўленне»

— Тое, што адбылося з лёгкаатлеткай Ціманоўскай — я маю на ўвазе не яе рашэнне не вяртацца, а тое, як з ёю абыходзіліся трэнеры, чыноўнікі ад спорту, — наколькі было распаўсюджана такое стаўленне да спартсменаў і такі спосаб вырашэння праблем?

— Гэтая гісторыя не толькі ў спорце. Ты начальнік ЖЭСа, сельсавета, яшчэ чагосьці — і ўсе падначаленыя павінны хадзіць гарбатыя, слухаць цябе, і няважна, ці кампетэнтны ты. Усе павінны баяцца, бо ты можаш пакараць, пазбавіць прэміі. Тое, што адбылося з Ціманоўскай... Я быў перакананы, што так адбываецца. Калі так адбываецца паўсюль, то чаму гэта не павінна ў спорце адбывацца? Так наладжаная гэтая сістэма — на падаўленне.

Ты павінен бегчы 400 метраў, а калі скажуць, павінен бегчы 900 метраў, хоць і такой дысцыпліны няма. Скажуць — ты павінен бегчы басанож. Ты павінен выконваць усё, што табе скажуць. Добра, што ёй не сказалі бегчы 3000 метраў з перашкодамі, ці капʼё кідаць, ці ў даўжыню — усё роўна ж гэта бег. У нас усё так. Гэта не выключэнне.

— Мы размаўляем 16 жніўня, у гадавіну самай маштабнай мірнай акцыі пратэсту, у якіх вы бралі ўдзел. Які настрой у вас цяпер, як вы гледзіцё ў будучыню?

— 16 жніўня я быў на стэле, паўсюль. Было адчуванне, што выйшаў увесь Мінск. Выходзілі і ў іншых гарадах. Мора людзей, пазітыў. У мяне былі цяжкія хакейныя матчы, у якіх перамагаў, і пасля іх не адчуваў такога падʼёму, як ад таго выхаду 16 жніўня. Так, як было да 9 жніўня, ужо ніколі не будзе. Можна рэпрэсіямі запалохаць людзей, што і адбылося. А 16 жніўня выйшлі нармальныя, адэкватныя людзі — бізнэс, ІТ, дактары, настаўнікі, усе, хто захацеў жыць інакш.

Сёння нас запалохалі і разагналі. Наш пратэст быў падкрэслена мірны. Людзі нікуды не падзеліся, і ніхто не пагадзіўся з тым, што адбылося. Пажар ёсць, але ён як на тарфяным балоце. Ты глядзіш зверху — і нібыта нічога няма, а ўнутры там усё роўна гарыць. Чым усё завершыцца і калі другая хваля прыйдзе, я не ведаю, але яна ўсё роўна прыйдзе. Размова не скончаная...