Забарона на выезд: Back to USSR
Днямі стала вядома, што ў парламент РБ быў унесены законапраект «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь», які дасць права КДБ ствараць спісы людзей, чый выезд за мяжу «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі». Як гэта будзе рэалізоўвацца, сказаць цяжка, але зусім не цяжка прыгадаць як гэта выглядала ў нашым адносна нядаўнім мінулым.
Закрытая краіна і асабісты агляд
Людзі больш сталага веку яшчэ добра памятаюць часы СССР, калі паездка нават у дружалюбную сацыялістычную дзяржаву, не кажучы ўжо аб краінах «загніваючага капіталізму», была для шараговага савецкага грамадзяніна нечым падобным, хутчэй, да палёту на Марс.
На самай справе, абмежаванне выезду мае даўнія карані і не з’яўляецца прыдумкай бальшавікоў. Яшчэ князь Курбскі ў XVI стагодзі пісаў маскоўскаму цару Івану IV: «Зачыніў ты царства Рускае, свабодную прыроду чалавечую, нібы ў пеклавай цвярдыні, і калі хто з тваёй зямлі паехаў..., ты такога называеш здраднікам, а калі схопяць яго на мяжы, то... аддаеш яго на смерць». Пазней расійскія манархі па-рознаму ставіліся да магчымасці сваіх падданых вольна выязджаць з падуладнай ім тэрыторыі, то ўзмацняючы, а то паслабляючы забарону на выезд. Але менавіта пры Саветах гэтая забарона стала часткаю афіцыйнай палітыкі дзяржавы і набыла амаль усеагульны абхват.
У Расіі толькі-толькі мінула Кастрычніцкая рэвалюцыя, а бальшавіцкі ўрад, які яшчэ нават не перамог да канца, ужо пачаў забараняць сваім грамадзянам выезд за мяжу. Вось што было напісана ў «Інструкцыі камісарам у памежных пунктах Расійскай Рэспублікі. Аб правілах уезду і выезду з Расіі» ад 21 снежня 1917 года: «1) Усе, хто выязджае за мяжу, як замежныя, так і рускія грамадзяне, павінны мець адпаведныя замежныя пашпарты з фатографамі іх уладальнікаў, завераныя належнымі пячаткамі. Гэтай пастанове падлягаюць і асобы, якія едуць па дыпламатычных пашпартах, прычым выязджаючыя з Расіі павінны мець спецыяльныя дазволы: а) рускія грамадзяне ў Петраградзе — ад замежнага аддзела Камісарыята па ўнутраных справах (Гарохавая, 2-6), у Маскве — ад Камісарыята па замежных справах, у Гельсінгфорсе — ад абласнога камітэта Фінляндыі (Марыінскі палац); б) замежныя грамадзяне — ад упаўнаважанага Народнага Камісара па замежных справах. 2) Дазвол на выезд з Расійскай Рэспублікі сапраўдны толькі за подпісам асоб, спецыяльна ўпаўнаважаных Народнымі Камісарамі па замежных і ўнутраных справах, а выезд асоб, якія пражываюць у Фінляндыі, — за подпісам асоб, упаўнаважаных фінляндскім абласным камітэтам. 3) Усе асобы, якія выязджаюць за мяжу: мужчыны, жанчыны і дзеці падвяргаюцца стараннаму асабістаму агляду, стараннаму асабістаму агляду падлягаюць таксама і ўсе рэчы з'язджаючых».
Калі спачатку такія забароны можна было растлумачыць ваенным становішчам, бо на тэрыторыі былой Расійскай імперыі пачыналася Грамадзянская вайна, то з перамогаю бальшавікоў і стварэннем Савецкага саюзу стала зразумела, што ўлады проста не хочуць, каб іх грамадзяне маглі вольна выязжаць за межы краіны Саветаў. У 1922 годзе былі ўведзены новыя правілы адносна выезду за мяжу. Выехаць можна было толькі «няйначай, як па асаблівым дазволе Народнага камісарыята па замежных справах, які выдаецца… у выглядзе візы, што накладаецца на замежныя пашпарты, якія ім выдаюцца». А перад гэтым прэтэндэнт на выезд павінен быў звярнуцца ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне (ГПУ) НКУС (дарэчы, непасрэдны папярэднік сучаснага Камітэту дзяржаўнай бяспекі). Яму было неабходна сабраць дужа вялікую колькасць дакументаў, у прыватнасці пасведчанне на права жыхарства, даручальніцтва ад «двух грамадзян РСФСР, не маючых судзімасцяў і якія не знаходзяцца пад следствам», «пасведчанне з месца службы або з месца ўліку аб адсутнасці перашкод да ад'езду за мяжу». Але пры ўсіх гэтых цяжкасцях і перашкодах чалавеку маглі ў любы момант адмовіць у праве на выезд без усялякіх тлумачэнняў.
Праўда, у 1929 годзе чэкістаў у гэтай справе крыху пасунулі. Была створана дзяржаўная кампанія «Інтурыст», якая кантралявала турызм і турыстаў. Але, як вынікае з яе назвы, яна ў асноўным займалася замежнікамі, што прыязджалі ў СССР, а такіх было зусім мала. Для савецкіх грамадзян нічога не змянілася.
Турыстычная адліга і бюракратычны маразм
Сітуацыя стала паступова мяняцца ў чэрвені 1955 года, калі ўлады спрасцілі выезд для турыстаў, якія накіроўваюцца ў краіны сацыялістычнага лагеру: Балгарыю, Венгрыю, Польшчу, ГДР і іншыя. Цяпер атрымаць групавую візу можна было ў абыход камісіі па выездах, хаця для паездак у капіталістычныя краіны схема заставалася той жа.
Тут трэба нагадаць, што савецкі чалавек за вельмі рэдкімі выключэннямі не мог выехаць з тэрыторыі краіны адзін. Дзеля паездак за мяжу ствараліся так званыя «турыстычныя групы». Звычайна гэта былі розныя перадавікі вытворчасці, якім праз прафсаюзы выдавалі пуцёўкі ў якасці ўзнагароды за працу. І для звычайнага працоўнага трапіць у тую ж Польшчу ці Венгрыю было амаль казачным падарожжам, якое здараецца раз у жыцці. Пры гэтым дзяржава глядзела на такіх будучых турыстаў як на магчымых прапагандыстаў савецкага ладу жыцця за мяжой. Адная з інструкцый 70-х гадоў мінулага стагоддзя ўтрымлівала такія патрабаванні да выязджаючых: «Трэба адпраўляць за мяжу асоб, якія маюць дастатковы жыццёвы вопыт, палітычна спелых, бездакорных у асабістых паводзінах, якія сумеюць высока трымаць за мяжой гонар і годнасць савецкага грамадзяніна, строга захоўваць дзяржаўную таямніцу, здольных у магчымых гутарках з замежнікамі пісьменна і даходліва растлумачваць і актыўна прапагандаваць поспехі ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, павышэнні матэрыяльнага дабрабыту савецкіх людзей».
Але нават калі чалавек падыходзіў пад усе гэтыя абсурдныя патрабаванні, гэта не рабіла справу атрыманне выязной візы больш простай. Ён яшчэ мусіў прайсці ўсе колы савецкага бюракратычнага пекла, каб урэшце атрымаць жаданы дазвол. Усё пачыналася з анкеты, дзе ўказваліся ўсе біяграфічныя даныя прэтэндэнта на выезд. Як непасрэдна яго самога, так і яго сваякоў. Важнае значэнне мела, ці мае ён родзічаў у іншых краінах і ці з’яўляецца чальцом КПСС. Камуністаў лічылі больш адказнымі. Затым трэба было атрымаць рэкамендацыі ад працоўнага калектыву, партыйнай ці камсамольскай арганізацыі. Характарыстыка павінна была быць падпісана кіраўніком прадпрыемства, дзе працаваў прэтэндэнт, сакратаром партарганізацыі, калі ён быў партыйным, старшынёй прафсаюзу — і ўсё гэта абавязкова з пячаткай. Пасля справу чалавека з гатовай характарыстыкай адпраўлялі на разгляд і ўзгадненне ў раённы камітэт КПСС. А потым увесь склад турыстычнай групы павінна была зацвердзіць яшчэ і цэлая спецыяльная камісія пры абкаме партыі.
Такія групы, асабліва падчас паездак у капіталістычныя краіны, пастаянна суправаджалі супрацоўнікі КДБ, якія павінны былі кантраляваць паводзіны савецкіх грамадзян. Але гэта не заўжды спрацоўвала. Турысты часта намагаліся як мага хучэй пазбавіцца такой апекі, аддаючы перавагу крамам замест тэатраў ці барам замест музеяў.
Крыху іншая сітуацыя была са спартоўцамі, якія павінны былі мець магчымасць выязджаць на буйныя спартовыя мерапрыемствы ў іншыя краіны для прадстаўлення дасягненняў савецкага спорту, і вядомымі дзеячамі навукі, якія час ад часу наведвалі міжнародныя навуковыя канферэнцыі. Ва ўсіх гэтых паездках таксама абавязкова прысутнічалі прадстаўнікі Камітэта дзяржбяспекі. Але калі спартоўцы ўсё ж такі больш часта выязжалі з СССР, то большасць навукоўцаў рабілі гэта вельмі рэдка. Савецкая дзяржава не вітала блізкія кантакты адукаваных людзей, таму часта іх стасункі з замежнымі калегамі абмяжоўваліся адной толькі перапіскай. Так, сусветна вядомы дэшыфратар мовы індзейцаў майя Юрый Валянцінавіч Кноразаў здолеў трапіць у Мексіку толькі ў 1990 годзе, калі абмежаванні на выезд былі практычна знатыя, а ўсе свае знакамітыя вынаходніцтвы ён зрабіў у кабінетных умовах. І такіх прыкладаў даволі шмат.
Як гэтыя ўспаміны датычыцца сённяшніх беларускіх рэалій? Цяпер сказаць, да чаго прывядзе чарговая дзіўная задума нашых уладаў, немагчыма. Але не будзе шкодным нагадаць нашым суайчыннікам, што права свабоднага выязду за мяжу беларусы атрымалі ўсяго толькі 30 год таму. І калі зусім нядаўна нам магло здавацца, што тыя часы мінулі назаўжды, то апошнія падзеі ў свеце пачынаюць пераконваць у адваротным. І зараз магчымасць для Беларусі вярнуцца ў стан краіны за «жалезнай заслонай» выглядае як ніколі рэальнай.