Карбалевіч: «Класічная прыкмета таталітарнага рэжыму»

Палітолаг Валерый Карбалевіч разважае пра змены ў законе аб парадку выезду з Беларусі і ўезду ў нашу краіну грамадзян.

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2__logo.jpg

Дэпутатам прадстаўлены законапраект «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян РБ», згодна з якім грамадзяне, у дачыненні да якіх вёўся або вядзецца адміністрацыйны працэс па «народных» артыкулах, павінны атрымаць дазвол на выезд ад КДБ, а супрацоўнікі некаторых дзяржаўных ведамстваў — у кіраўніцтва або ўрада.

У палітолага Валерыя Карбалевіча “Салідарнасць” пацікавілася, чаму ўлады плануюць такія змены.

Мы гаворым аб тым, што пачаўся пераход ад аўтарытарнага да таталітарнага рэжыму, — кажа ў каментары «Салідарнасці» эксперт. — Класічны таталітарны рэжым прадугледжвае закрыццё краіны, жорсткае абмежаванне на ўезд-выезд. Так было ў Савецкім Саюзе ці ў ГДР, калі пабудавалі сцяну паміж Заходнім і Усходнім Берлінам. Так што гэты законапраект — класічная прыкмета таталітарнага рэжыму.


Палітолаг таксама адзначыў, што абмежаванні на ўезд і выезд — гэта натуральная эвалюцыя існуючага палітычнага рэжыму, спосаб надаць юрыдычнае абгрунтаванне рэпрэсіўным дзеянням:

У 2020 годзе людзей таксама затрымлівалі без усялякіх законаў, а потым сталі ўводзіць усё новыя і новыя юрыдычныя навацыі, якія б падводзілі юрыдычную базу пад гэтыя рэпрэсіўныя дзеянні. У рамках гэтай логікі мы бачым: тое, што раней рэгламентавалася нейкімі ведамаснымі інструкцыямі, цяпер набывае форму закона.

Я думаю, што рэпрэсіўныя органы атрымліваюць магчымасць самім вызначаць, каму можна, а каму нельга выязджаць. Для гэтага яны павінны мець у руках заканадаўчую базу, а ўжо далей вызначаць, як яе трактаваць. Мы атрымліваем свабоду рук — цяпер яна круціцца на законах, а не на вусных указаннях і ведамасных інструкцыях.