Вырвацца з рук АДПУ

Некалькі гадоў таму, падчас працы над кнігай «Мяжа была пад Мінскам» у галандскім архіве я знайшоў здымкі, зробленыя ў пачатку 1930-х гадоў на міжваеннай савецка-польскай мяжы ў Беларусі.

Ганна Вярыга

Ганна Вярыга

На адным з фота была выяўлена маладая жанчына, якая трапіла на тэрыторыю Польшчы па абмене палітвязнямі. «Як бы даведацца, хто гэта?» — падумаў я тады. І вось праз некалькі гадоў, у Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы я знайшоў пратакол допыту той самай дзяўчыны, якая ў пачатку 1930-х гадоў збегла з «імперыі Сталіна».

Сялянка з Койданава

Ганна Канстанцінаўна Вярыга нарадзілася ў 1907 годзе і жыла ў вёсцы Андрэеўшчына Койданаўскага павета БССР. Падчас допыту, які праводзіў следчы выведкі польскага Корпуса аховы памежжа (КАП) пасля прыбыцця савецкай грамадзянкі ў Баранавічы, дзяўчына падкрэслівала: «Усё сваё жыццё (на момант абмену ў 1932 годзе ёй было 25 гадоў. — І.М.) я нікуды не выязджала і працавала ў сельскай гаспадарцы разам з бацькамі. У школу не хадзіла, але дома навучылася чытаць і пісаць. У снежні 1922 года я нелегальна перайшла мяжу з СССР у Польшчу разам са сваёй сястрой Янінай і пасялілася ў сваякоў у вёсцы Татаршчына Стаўбцоўскага павета. Хутка пасля гэтага вярнулася дадому, у Саветы».

У 1930 годзе зямельная маёмасць Вярыгаў (15 дзесяцін) была ўключаная ў склад калгасу «Савецкая трыбуна». Варта разумець, што «рыжская мяжа» падзяліла не толькі Беларусь, але і звычайных людзей. Адна частка жыхароў беларускіх тэрыторый стала грамадзянамі БССР, другая — падданымі Другой Рэчы Паспалітай. Сям’я Ганны Вярыга не была выключэннем. За кардонам у Рубяжэвічах і Стоўбцах у яе жылі браты і сёстры.

Артэфакты эпохі

Артэфакты эпохі

У 1927 годзе бацька дзяўчыны быў арыштаваны ДПУ за тое, што годам раней прыняў у сваім доме сваяка Жыгімонта Доўнара з Рубяжэвічаў і польскага грамадзяніна Міхаіла Цвірбута, якія нелегальна перайшлі мяжу. Па просьбе гасцей з Захаду старэйшы Вярыга паехаў у Мінск, даў нейкую аб’яву ў газету, а таксама набыў і прывёз дадому свежую савецкую прэсу. Праз год савецкія памежнікі затрымалі Цвірбута на мяжы і на допыце той згадаў Канстанціна Вярыгу як свайго памагатага.

Восенню 1927 года селяніна прысудзілі да 5 гадоў турэмнага зняволення і яшчэ да 3 гадоў ссылкі. Пазней бацька сямейства быў сасланы ў лагер на Кемь, а праз год Канстанцін Вярыга трапіў у турму ў Ленінградзе. У 1928 годзе Ганну Вярыга выклікалі ў памежную камендатуру ў Паланевічах і падчас допыту прапанавалі працаваць на савецкую выведку. Пры гэтым, у выпадку, калі дзяўчына пагодзіцца на супрацу, савецкі афіцэр паабяцаў паспрыяць вызваленню бацькі з турмы. Ганна адразу паехала ў Мінск і дамаглася сустрэчы з татам, які на той момант яшчэ сядзеў у турме на Валадарцы. Канстанцін Вярыга забараніў дачцэ супрацоўнічаць з бальшавікамі.

Турма ў Койданаве

Турма ў Койданаве

«Калі вярнулася дадому, то пайшла да каменданта Цяплова ў Паланевічах і сказала яму, што супрацоўнічаць не буду. Бальшавіцкі афіцэр крычаў на мяне і казаў, што ўсю нашу сям’ю сашле на Салаўкі. Я сказала, што магла б падмануць каменданта. Пайшла б у Польшчу і не вярнулася. На што камендант сказаў, што паслаў бы туды свайго агента, і той бы прынёс яму яе галаву», — расказвала ў пратаколе, складзеным польскімі выведнікамі, Ганна Вярыга.

Ужо з Ленінграда бацька сямейства пісаў родным лісты, а дачка Ганна і сын Язэп нават рызыкнулі наведаць тату ў турме. «Бацька тады быў вельмі хворым, страціў вагу», — узгадвала ў пратаколе дзяўчына. Хутка сям’я даведалася, што Канстанцін Вярыга будзе абменены на іншага палітычнага зняволенага, аднак у жніўні 1932 года мужчына памёр.

Старонка з асабістай справы Язэпа Вярыгі

Старонка з асабістай справы Язэпа Вярыгі


Уратавацца ў Польшчы

Ганне Вярыга ўдалося звязацца з консулам Другой Рэчы Паспалітай у Мінску і даведацца, што сям’я рэпрэсаванага мае права выехаць у Польшчу. 15 верасня 1932 года дзяўчына і яе брат атрымалі неабходныя дакументы для выезду на Захад. Цікава, што гэтай справай займалася жонка вядомага савецкага пісьменніка Максіма Горкага, прадстаўніца польскага Чырвонага Крыжа ў СССР Кацярына Пешкава. У той жа дзень Ганну і Язэпа Вярыгаў прывезлі цягніком на мяжу і ў Коласава/Стоўбцах перадалі польскім уладам. Непасрэдна перад гэтым, яшчэ на савецкай станцыі Негарэлае да дзяўчыны падышоў афіцэр камендатуры ў Паланевічах і сказаў: «Ну што Ганна, у Польшчу едзеш? Ты ж разумная, усё там убачыш, а потым прыходзь да нас і раскажы». Так Радзіма развітвалася з дзяўчынай.

Ганна Вярыга ў рэстаране вакзала ў Стоўбцах

Ганна Вярыга ў рэстаране вакзала ў Стоўбцах

Сын палітвязня Канстанціна Вярыгі, Язэп, у сваю чаргу, так апісваў савецкую рэчаіснасць: «Бацька сядзеў у агульнай камеры на першым паверсе. Сустракаліся мы, у асноўным, на калідоры. [...] Камендатура ў Паланевічах знаходзілася ў 2 кіламетрах ад вёскі. Там было шмат новых драўляных будынкаў. 16-ты памежны атрад знаходзіцца ў Койданаве. Я ведаю, што там шмат пяхоты і кавалерыі. [...] Калі я праходзіў вайсковыя зборы, то нас вучылі збіраць і разбіраць вінтоўку, былі заняткі па супрацьгазавай абароне. Апошнія зборы я прайшоў зімой 1931 года». Пасля допытаў, праведзеных польскай выведкай у Баранавічах, Ганне і Язэпу Вярыга дазволілі пасяліцца ў Рубяжэвічах, у сям’і сваякоў.

Сваякі чакаюць палітвязняў на вакзале ў Стоўбцах, пачаатк 1930-х гаддоў

Сваякі чакаюць палітвязняў на вакзале ў Стоўбцах, пачаатк 1930-х гаддоў

На пратаколе допыту абодвух рэпатрыянтаў з БССР была адзнака: прыбылі як дачка і сын агента Экспазітуры №1 Другога аддзела Галоўнага штаба Канстанціна Вярыгі, які памёр. Магчыма выкарыстоўваць у выведвальнай працы, пасля кансультацый з шэфам Экспазітуры №1 Другога аддзела Галоўнага Штаба ў Вільні.

Польскія чыноўнікі размаўляюць з савецкім дыпламатам на вакзале ў Стоўбцах, пач. 1930-х

Польскія чыноўнікі размаўляюць з савецкім дыпламатам на вакзале ў Стоўбцах, пач. 1930-х


Лёс агента

Парадаксальна, але разам з дзецьмі памерлага ў турме беларускага селяніна ў Польшчу бальшавіцкія ўлады дазволілі вярнуцца і Міхаілу Казіміравічу Цвірбуту. Таму самаму, які ў 1926 годзе выкарыстаў для атрымання шпіёнскіх дадзеных Канстанціна Вярыгу. Падчас Першай сусветнай вайны Цвірбут служыў у Рускім імператарскім войску, а з 1919 года пачаў супрацоўнічаць з польскай выведкай. У 1921–1922 годзе займаўся кравецкай справай, а з восені 1924 года ператварыўся ў кантрабандыста. У 1925 годзе Цвірбут перайшоў мяжу з мэтай збору інфармацыі пра гарнізон РСЧА ў Мінску. «У 1925 годзе я насіў кантрабанду з Доўнарам, які паходзіў з Паланевічаў Койданаўскага раёна. Разам з ім наведалі жыхара БССР Вярыгу, які па нашай просьбе наведаў Мінск», — адзначаў на допыце ў польскай выведцы Цвірбут.

Міхаіл Цвірбут

Міхаіл Цвірбут

Падчас аднаго з «паходаў» у Савецкую Беларусь «выведнік-кантрабандыст» трапіў у рукі бальшавіцкіх памежнікаў. У пэўны момант «шпіён» апынуўся ў камеры з… Канстанцінам Вярыгам. Ім нават рабілі вочныя стаўкі. 15 чэрвеня 1927 года ў будынку Акружнога суда ў Мінску Міхаіла Цвірбута прысудзілі да 8 гадоў турэмнага зняволення, 3 гадоў ссылкі і 5 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. У 1929 года «агента» накіравалі ў канцлагер у Котласе, дзе вязні працавалі на лесапавале.

Пазней былі іншыя лагпункты, з аднаго з якіх ураджэнец Заходняй Беларусі нават спрабаваў збегчы, але быў злоўлены і трапіў у карцар. У канцы траўня 1932 года Міхаіл Цвірбут быў пераведзены ў Салавецкі лагер, а ў верасні таго ж года яго прывезлі ў Мінск, дзе перасадзілі ў цягнік, які ішоў у бок Коласава. Як і ў выпадку з Ганнай Вярыга, Цвірбуту некалькі разоў прапаноўвалі супрацоўніцтва з ДПУ. У канцы пратакола, складзенага падчас допыту ў Баранавічах, следчы польскай выведкі адзначыў: «Выказаў жаданне працягваць працу ў закардоннай выведцы».

На вялікі жаль, невядомы далейшы лёс гэтых людзей. Магчыма, Міхаіл Цвірбут працягваў займацца кантрабандай і «злавіў» сваю кулю ад тых ці іншых памежнікаў. Цікава, як Ганна і Язэп Вярыгі перажылі падзеі 17 верасня 1939 года. Савецкія спецыяльныя органы не прапусцілі б тых, хто збег ад іх у пачатку 1930-х. Магчыма, праўду пра лёс гэтых жыхароў Беларусі ў будучым мы ўсё ж знойдзем. У іншых архівах…

Савецкі цягнік прыбывае ў Коласава

Савецкі цягнік прыбывае ў Коласава

Фота з архіву аўтара