Важная дата. 103 гады таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка
9 сакавіка 1918 года ў Мінску была прынята Другая Устаўная грамата, што абвяшчала БНР. А праз два тыдні, 25 сакавіка, была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
103 гады таму, 9 сакавіка 1918 года, у акупаваным
кайзераўскімі войскамі Менску была абвешчана Другая Устаўная грамата, нагадвае «Наша Ніва».
За тыдзень да гэтага паміж немцамі і бальшавікамі быў
заключаны Брэсцкі мір. За немцамі заставалася паўночна-заходняя частка
Беларусі, а бальшавікі мусілі атрымаць цэнтральную і ўсходнюю Беларусь. Апроч
таго, немцы паабяцалі бальшавікам не прызнаваць ніякіх дзяржаў на акупаваных
тэрыторыях, якія пасля 3 сакавіка 1918 г. абвясцілі пра сваю незалежнасць.
Народны Сакратарыят і Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда нямецкія
ўлады, што сядзелі ў Менску, таксама не прызнавалі.
У такіх умовах беларускія палітыкі вырашылі абвясціць Другую
Устаўную грамату. Першая грамата была апублікавана 21 лютага.
Тэкст Другой граматы складаўся з васьмі пунктаў. У межах
рассялення беларускага народа сімвалічна абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка.
Часова заканадаўчую ўладу ў БНР брала на сябе Рада І Усебеларускага З'езда.
Абвяшчаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў
Беларусі: свабода слова‚ друку‚ сходаў. Была скасаваная прыватная ўласнасць на
зямлю, устаноўлена працягласць рабочага дня 8 гадзін, абвяшчаліся роўнасць усіх
моў і права ўсіх народаў на аўтаномію.
18 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда была перайменаваная ў
Раду БНР, 23 сакавіка ў яе склад была ўключана Віленская Беларуская Рада, а
раніцай 25 сакавіка была прынята Трэцяя Устаўная грамата, якая сімвалічна
абвяшчала незалежнасць БНР.