Трагічны лёс беларускага пісьменніка, які здрадзіў калегам, — і быў забіты разам з імі
Паэт, драматург і празаік Міхась Чарот, адзін з лідараў «Маладняка», нарадзіўся 7 лістапада 1896 года ў Рудзенску пад Мінскам. Яго аповесць «Свінапас» стала асновай для першага беларускага мастацкага фільма «Лясная быль» (1926), а сам ён быў акторам у тэатры Галубка і пісаў творы для тэатра.
Пра аднаго з гэтых людзей — паэта Міхася Чарота — распавядае «Люстэрка». Ён напісаў сцэнар для першага беларускага фільма, узначальваў папулярную газету і быў блізкі да кіраўніцтва краіны, але пасля пачатку рэпрэсій адрокся ад сваіх таварышаў, усё страціў і ў рэшце рэшт падзяліў іх страшны лёс.
Рэвалюцыйнае юнацтва і «Маладняк»
Сапраўднае імя пісьменніка — Міхась Кудзелька. Ён нарадзіўся ў 1896 годзе ў Рудзенску (цяпер пасёлак Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці). Дзень нараджэння стаў сімвалічным: 7 лістапада 1917-га — калі будучаму паэту споўніўся 21 год — здарылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. Адукацыю юнак атрымаў у двухгадовым вучылішчы і Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, якую ў разгар Першай сусветнай эвакуіравалі ў Смаленск. Гэтым перыядам датуюцца і яго першыя ўласныя вершы (да гэтага ён дапаўняў народныя песні прыдуманымі радкамі). Юнака яшчэ паспелі прызваць у войска. Але ў баявых дзеяннях ён не ўдзельнічаў, служыў у запасным палку.
У 1918-м Міхась вярнуўся ў Мінск, у наступным годзе дэбютаваў у друку, узяўшы сабе псеўданім Чарот. Свой выбар тлумачыў у адным з вершаў.
Я пясняр лясоў, балота
І загонаў каласістых…
Мае песні — шум чарота
Па-над рэчкаю імглістай.
Мае песні — песні волі
Гімн паўстаўшых напрадвесні…
У 1920-м Чарот уступіў у шэрагі беларускай кампартыі, шчыра падтрымаўшы новую ўладу. Калі да гэтага ў яго творчасці гучалі нацыянальна-вызваленчыя матывы, то цяпер замест іх з’явілася рэвалюцыйная патэтыка.
Хай загарыцца ўвесь свет багаты,
Дымам закрыецца неба…
Будуць ахвяраю людзі і хаты, —
Новае ўсё для нас трэба.
Многія творы Чарота наўмысна дэкларатыўныя: справа ў тым, што ён часта выступаў перад масавай аўдыторыяй. Асабліва перад чырвонаармейцамі.
Тэма «агню» ўвесь час сустракалася ў яго творчасці. Напрыклад, у 1922-м з’явілася паэма «Босыя на вогнішчы» — адзін з самых вядомых твораў Чарота. Скразны сюжэт там адсутнічаў, раздзелы былі проста паэтычнай ілюстрацыяй да падзей, што адбываліся ў Беларусі: рэвалюцыі, нямецкая і польская акупацыі. «Босыя» ў творы былі сімвалам народа, «вогнішча» класавай барацьбы. Для Чарота ахвяры падчас рэвалюцыі былі непазбежнымі. Вось толькі ці ведаў ён, што сам апынецца ў іх ліку?
У 1923 годзе шасцёра літаратараў — Андрэй Александровіч, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Адам Бабарэка, Язэп Пушча і Міхась Чарот, якому было ўсяго 27 гадоў, — стварылі «Маладняк». Першапачаткова гэта быў гурток пры аднайменным літаратурным часопісе, які паступова ператварыўся ў літаратурнае аб’яднанне з філіяламі ў Маскве, Віцебску, Полацку, Магілёве і іншых гарадах. Праз два-тры гады колькасць сяброў арганізацыі складала 500 чалавек — фактычна гэта была кузня пісьменніцкіх кадраў у БССР.
«Але не ўсё так вясёлкава выглядала на самой справе, — пісала даследчыца Таццяна Лаўрык. — Актыў арганізацыі складалі некалькі дзясяткаў пісьменнікаў, якія гуртаваліся ў асноўным у Мінску пры часопісе „Маладняк“, а таксама па некалькі пісьменнікаў у правінцыі, бо не ўсе „маладнякоўцы“ былі літаратарамі. Гэта была хутчэй грамадска-палітычная, культурна-асветніцкая суполка, таму часта ў аб’яднанне залічваліся тыя, хто ніколі не пісаў і пісаць не збіраўся. Арганізацыя будавалася як партыйная ячэйка са сходамі, пратаколамі, ствараліся акруговыя філіі. Такім чынам, назіраўся масавы прыход у аб’яднанне моладзі з асяродку рабочых і сялян, іншы раз вельмі далёкіх ад літаратурнай творчасці».
Чарот быў адным з лідараў «Маладняка», і гэта падвышала яго рэйтынг у літаратурнай іерархіі.
Але арганізацыя ў духу таго часу ставіла перад собой задачу рэалізаваць «ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму <…> у беларускай мастацкай творчасці». Літаратараў з імёнамі, якія ставілі перад сабой сур’ёзныя творчыя мэты, гэта — а таксама масавасць арганізацыі, у якую траплялі далёка не толькі пісьменнікі — не задавальняла. У 1926-м «Маладняк» раскалоўся. Лепшыя беларускія аўтары стварылі літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Кіраўніком новай арганізацыі стаў празаік Кузьма Чорны, яго намеснікам — драматург Кандрат Крапіва. Сярод іншых сябраў аб’яднання былі паэт Уладзімір Дубоўка — неафіцыйны лідар «Узвышша» — і Змітрок Бядуля.
«Менавіта з 1926 года ў публічнай беларускай прасторы распачынаецца жорсткая літаратурная дыскусія, якая будзе доўжыцца ажно да 1929 года, пакуль бальшавікі не спыняць увогуле ўсе магчымыя дыскусіі. <…> Барацьба паміж двума аб’яднаннямі прымае часам недазваляльны характар: абодва бакі вінавацяць адзін аднаго ў адыходзе ад пралетарскай лініі, ва „ўхілах“ і „нацдэмаўшчыне“ (прапагандысцкія характарыстыкі, якія ў той час давалі людзям, якіх пераследавалі ў СССР. — Заўв. рэд.), пераходзяць на асобы, кпяць з магчымага і немагчымага, а часам наўпрост абражаюць удзельнікаў літаратурнага працэса — усё гэта горача, жорстка, наводмаш», — пісалі аўтары кнігі «(Не)расстраляныя».
Урэшце Чарот сам у 1927-м выйшаў з «Маладняка», які аказаўся ў крызісе, і праз некаторы час уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.
Першы беларускі фільм і жонка, што сышла да сябра
Цалкам жа дваццатыя гады былі часам, калі Чарот адчуваў сябе на сваім месцы. Ён актыўна друкаваўся. У той перыяд (дакладней, у 1918−1930 гадах) быў адным з самых публікуемых беларускіх пісьменнікаў. Лідзіраваў Якуб Колас — агульны наклад яго кніг склаў 125,5 тысячы асобнікаў, на другім месцы знаходзіўся Цішка Гартны, ён жа Зміцер Жылуновіч — пісьменнік, паэт і перакладчык, а таксама грамадскі і дзяржаўны дзеяч (81 тысяча асобнікаў). На трэцім — Змітрок Бядуля — 77,5 тысячы асобнікаў. За імі і ішоў Чарот. Яго кнігі выдавалі 19 разоў. Агульны тыраж склаў 33 тысячы экзэмпляраў, 20 тысяч з іх — п’еса «Пастушкі. Данілка і Алеська» (1925).
У 1926 годзе на экраны выйшаў першы беларускі фільм «Лясная быль» рэжысёра Юрыя Тарыча. Сцэнарыстам выступіў якраз Чарот, літаратурнай асновай стала яго аповесць «Свінапас». У гэтай карціне знялася актрыса Ганна Савіч, якая стала першай жонкай паэта. Мастак Яўген Ціхановіч, які жыў па суседстве, так апісваў іх сямейнае жыццё: «Вельмі часта маладыя паэты збіраліся на кватэры ў Чарота, вядома, чыталі свае вершы, пілі гарэлку і позна ўначы шумна разыходзіліся. Валеры Маракоў і Анатоль Вольны — зусім розныя і па знешнасці, і па творчасці людзі. Зараз цяжка зразумець, хто болей цікавіў іх: сам Чарот ці яго жонка? Хутчэй, апошняя, бо назаўтра Чароціха прыносіла маёй матцы дэталі тае швейнае машыны, якую Чарот выкідваў праз акно пасля выбуху рэўнасці».
Лічыцца, што гэтую сітуацыю нават апісаў празаік Міхась Зарэцкі ў апавяданні «Смерць Андрэя Беразоўскага». Яго галоўны герой разважаў так: «…У нас з ёй было зусiм мала супольных перажыванняў. Ёй было нудна, i яна шукала ўвесь час чаго-небудзь экстравагантнага. Яна казала, што здраджвае мне з другiмi мужчынамi проста з нуды, што тут няма нiчога глыбокага… Я мяркую, што можна будзе знайсцi другую жонку, хоць мо i не такую прыгожую».
У выніку Савіч у 1929-м сышла ад Чароты да Вольнага — яго сябра, з якім паэт разам засноўваў «Маладняк» і якога прымаў у гасцях. Сам Міхась пазней ажаніўся другі раз. Яго новай жонкай стала Ефрасіння Дадыка, у якой было тры дачкі ад мінулага шлюбу. «Жанчына мілая, але сапраўды не прыгажуня», — каментавала яго выбар пісьменніца Людміла Рублеўская. У 1937 годзе Дадыка была арыштаваная як «член сям'і здрадніка Радзімы» і трапіла на 8 гадоў у лагер, дзе і загінула.
Але пакуль кар’ера паэта развівалася паспяхова. У 1927-м ён ездзіў за мяжу, што сведчыла аб поўным даверы да яго з боку ўлады. Чарот наведваў Парыж і спектакль у Гранд-апера.
Не ў апошнюю чаргу на магчымасць замежных паездак уплываў статус Чарота. У 1924-м ён стаў сябрам Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР (кіраўнік ЦВК Аляксандр Чарвякоў быў адным з самых уплывовых палітыкаў міжваеннага часу). А ў наступным годзе — галоўным рэдактарам беларускамоўнай газеты «Савецкая Беларусь».
Паводле слоў даследчыцы Ганны Севярынец, якая вывучала прэсу таго перыяду, Чарот быў абсалютна беларускацэнтрычным, нацыянальнацэнтрычным пісьменнікам і рэдактарам: «Рэдакцыя „Савецкай Беларусі“ хацела паказаць, што беларусы не свіныя пастушкі: яны могуць сваімі сіламі рабіць вартую, выключна беларускую газету. Праз гэта газета ўвесь час канкурыравала са „Звяздой“. „Савецкая Беларусь“ — выключна беларускі праект, а „Звязда“ — праект маскоўскі. Сама яе назва — сымбаль дэкаратыўнай беларушчыны, якой і дамагаўся Сталін. „Звязда“ сядзела на маскоўскіх датацыях, друкавалася на добрай белай і шчыльнай паперы. „Савецкую Беларусь“ утрымліваў беларускі ўрад: газета выходзіла на тонкай жоўтай паперы, вымушана была зарабляць на рэкламе, падпісцы, каб мець грошы. Прадавалі ў тым ліку абрэзы — даўгія палоскі паперы, якія застаюцца пасля нарэзкі газет у друкарні».
Паводле слоў Севярынец, газета друкавала рэпартажы пра замежныя паездкі сваіх карэспандэнтаў — прычым у іх не было ніякай агітацыі. У выданні размяшчаліся апошнія навіны пра заходнія навуковыя дасягненні (напрыклад, пра хуткасныя цягнікі, медыцынскія прыборы, інжынерныя знаходкі). «Таксама было багата дыскусій. Рэдакцыя ішла на тое, каб усе бясконца сварыліся, выказвалі розныя меркаванні, асабліва па творчых і нацыянальных пытаннях. Таму на старонках газеты можна знайсці такі бульбасрач, што проста захапленне», — расказвала даследчыца.
Рэпрэсіі і нож у спіну былым таварышам
Але на мяжы дзесяцігоддзяў з Крамля падулі іншыя вятры. У траўні-чэрвені 1929 года у Мінску працавала група з Масквы, якую ўзначаліў партыйны чыноўнік Уладзімір Затонскі. Група зрабіла выснову пра актывізацыю беларускага нацыяналізму. Пра «Савецкую Беларусь» Затонскі і ўвогуле напісаў, что выданне стала гняздом нацыянал-дэмакратаў і беларускіх нацыянал-шавіністаў.
Чарота звольнілі. Газэту праз тры гады закрылі. Назву перадалі рускамоўнаму выданню «Рабочий» — яго перайменавалі ў «Советскую Белоруссию» (сучасную «СБ. Беларусь сегодня»). У 1937−1938 гадах амаль уся рэдакцыя «Савецкай Беларусі» будзе рэпрэсаваная.
Але папярэдняя хваля рэпрэсій пачалася яшчэ на мяжы дзесяцігоддзяў. У 1930-м супрацоўнікі спецслужбаў прыдумалі неіснуючы «Саюз вызвалення Беларусі». У кіраўніцтве арганізацыяй абвінавачвалі першага прэзідэнта Акадэміі навук БССР Усевалада Ігнатоўскага — ён застрэліўся. Пасля паэта Янку Купалу — той таксама паспрабаваў здзейсніць суіцыд, але яго выратавалі ў апошні момант. Сотні іншых дзеячаў беларускай культуры арыштавалі. У тым ліку калег-літаратараў Чарота: аднаго з былых кіраўнікоў БНР Вацлава Ластоўскага, класікаў айчыннай літаратуры Максіма Гарэцкага і Уладзіміра Дубоўку, а таксама іншых.
Прысуд ім яшчэ не вынеслі, як Чарот аператыўна апублікаваў верш «Суровы прыгавор падпісваю першым»:
Чаго хацелі вы? Якое мелі права
Крывёю гандляваць працоўных Беларусі?
Прыйшла на вас суровая расправа.
Перад судом віну прызнаць прымусім.
Усіх адрасатаў верша тады пасадзілі. На піку рэпрэсій Ластоўскага і Гарэцкага расстралялі, Дубоўку на доўгія гады адправілі ў лагеры. Але ахвярай рэпрэсій, апетых у вершы, стаў і сам Чарот.
Складана сказаць, ці ратаваў ён у той момант сябе ці шчыра верыў у тое, што пісаў? Магчыма, і тое, і іншае. Але яшчэ да тых падзей Чарот даказваў, што кожны камуніст павінен аказваць дапамогу ДПУ (арганізацыя-папярэдніца НКУС).
У 1931-м паэта выключылі з складу ЦВК БССР. Праз год звольнілі з пасады галоўнага рэдактара часопіса «Чырвоная Беларусь» (яго ён узначальваў пасля разгрому «Савецкай Беларусі»). Пасля гэтага Чарот, які меў рэпатутацыю ледзь не жывога класіка, страціў увесь свой уплыў. У трыццатыя гады ён быў вымушаны зарабляць сабе на хлеб кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў. Ад літаратуры ён таксама адышоў.
Чарот стаў выпіваць, на што ў тым ліку ўплывала не самае шчаслівае сямейнае жыццё. Яму спрабавалі дапамагчы: адпраўлялі лячыцца ў санаторыі, прыпісалі да аднаго з вайсковых ведамстваў, каб дазволіць больш зарабляць.
А ў 1937 годзе наступіў новы пік рэпрэсій. У канцы ліпеня па загадзе наркама (міністра) ўнутраных спраў СССР Мікалая Яжова пачалася аперацыя па рэпрэсаванні «антысавецкіх элементаў». Гэтая задача ўскладалася на тройкі, якія выносілі прысуд без звыклага суда — абскардзіць яго было немагчыма, а ў выкананне рашэнне прыводзілася адразу ж. Гэтыя органы складаліся з трох чалавек: начальніка мясцовага НКУС, сакратара партыі і пракурора. Тройку БССР узначаліў асабіста кіраўнік НКУС Барыс Берман — ён падпісваў і расстрэльныя спісы. Для прысуду дастаткова было толькі прызнальных паказанняў самога абвінавачанага. Каб дамагчыся іх, Берман дазволіў падначаленым прымяняць самыя вытанчаныя катаванні.
Канкрэтны прыклад прыводзіў у дзённіку класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны: «У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі». Праз восем месяцаў яго ўсё ж выпусцілі на волю. А вось Чароту не пашанцавала.
Арышт, расстрэл і вестачка з таго свету
Паэта арыштавалі 24 студзеня 1937 года ў Мінску — гэта яшчэ да пачатку аперацыі па рэпрэсаванні «антысавецкіх элементаў». Восенню таго ж года ў Маскве быў створаны «Спіс асобаў, якія падлягаюць суду вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР». У гэтым дакуменце былі і нацыянальныя раздзелы. У беларускі ўключылі прозвішчы 103 «ворагаў народа», асуджаных да расстрэлу, а таксама шасці, якіх прапаноўвалася адправіць у лагеры на дзесяць і больш гадоў. Яго падпісалі Іосіф Сталін, кіраўнік урада Вячаслаў Молатаў і Уладзімір Цэсарскі, высокапастаўлены супрацоўнік НКУС (праз тры гады яго самога расстраляюць). У Мінску мясцовыя чэкісты дапоўнілі гэты спіс. У выніку ў яго трапілі 132 чалавекі.
Сярод іх былі 22 літаратары. Напрыклад, Алесь Дудар першым пераклаў на беларускую мову паэму Пушкіна «Яўген Анегін». Масей Кульбак пісаў на ідыш вершы і прозу. У апошнія гады з’явіліся пераклады яго раманаў «Панядзелак» і «Мэсія з роду Эфраіма» на беларускую мову. Сярод іншых літаратараў былі Платон Галавач, Васіль Каваль, Васіль Сташэўскі, Міхась Зарэцкі, які пісаў пра асабістае жыццё Чарота, Анатоль Вольны, да каго сышла яго першая жонка, Валер Маракоў, які хадзіў у госці да паэта, а таксама шэраг іншых. У спісе быў і сам Міхась Чарот.
Усіх гэтых людзей расстралялі ўноч з 29 на 30 кастрычніка ва ўнутранай турме НКУС у Мінску. Страшныя падзеі назвалі «Ноччу расстраляных паэтаў», паколькі яны сталі жахлівым ударам па беларускай літаратуры. Даследчык Леанід Маракоў, пляменнік згаданага вышэй Валерыя Маракова, займаўся вывучэннем рэпрэсій. Ён падлічыў, што НКУС у той час знішчыў або адправіў у лагеры больш за 90% беларускіх літаратараў (больш за 500 чалавек). Ад гэтага ўдару айчынная культура не магла акрыяць доўгія гады.
Гаворка ішла пра свядомае знішчэнне беларускай эліты, бо сярод расстраляных былі навукоўцы, лекары, грамадскія дзеячы, упраўленцы, работнікі сістэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці, гандлю. Гэта Мікалай Дзеніскевіч — другі сакратар беларускай кампартыі, экс-рэктары БДУ Іосіф Каранеўскі і Ананій Дзякаў, экс-кіраўнік беларускіх прафсаюзаў Захар Кавальчук, наркам юстыцыі і пракурор БССР Максім Ляўкоў, а таксама Віктар Яркін — першы старшыня беларускай ЧК (арганізацыі-папярэдніцы НКУС), які сам загадваў расстрэльваць людзей.
У 1938-м у камеру, дзе да гэтага сядзеў Чарот, трапіў паэт Мікола Хведаровіч. Ён убачыў на сцяне яго верш, выдрапаны чымсьці вострым, і пранёс тэкст у сваёй памяці праз усе гады лагераў і ссылкі.
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!
Гэта была праўда. Але невінаватымі былі і тыя людзі, на якіх Чарот у 1930-м напісаў літаратурны данос. Чаму ён гэта зрабіў?
«Мы бясконца праклінаем таварыша Сталіна, і, зразумела, нездарма. І ўсё ж я хачу спытаць — хто напісаў чатыры мільёны даносаў? Яжоў? Абакумаў з Ягодай? (лідары спецслужбаў. — Заўв. рэд.) Нічога падобнага. Іх напісалі простыя савецкія людзі», — пісаў Сяргей Даўлатаў у аповесці «Зона. Нататкі наглядчыка».
Гэтую цытату часта выкарыстоўваюць сталіністы, каб абяліць дыктатара і перакласці адказнасць за рэпрэсіі на звычайных людзей. Насамрэч усё было куды складаней — і вінаватыя ў сітуацыі ў першую чаргу былі менавіта ўлады.
Пра гэта кажуць і высновы, зробленыя Даўлатавым. «Ці азначае гэта, што рускія — нацыя даносчыкаў і стукачоў? Ні ў якім выпадку, — пісаў ён. — Проста адбіліся тэндэнцыі гістарычнага моманту. Зразумела, існуе прыроджаная схільнасць да дабра і зла. Больш за тое, ёсць на свеце анёлы і монстры. Святыя і злодзеі. Але гэта — рэдкасць. Шэкспіраўскі Яга, як увасабленне зла, і Мышкін, які ўвасабляе дабро, — унікальныя. Інакш Шэкспір не стварыў бы „Атэла“. У нармальных жа выпадках, як я пераканаўся, дабро і зло — адвольныя. <…> Чалавек здольны на ўсё — благое і добрае. Мне сумна, што гэта так».
Гэтымі словамі можна растлумачыць і дзеянні многіх беларусаў, якія жылі падчас сталінскага тэрору. Даносы сапраўды квітнеюць і памнажаюцца ў спрыяльных умовах, у атмасферы патурання ім. Міхась Чарот напэўна мог пражыць іншае жыццё, напісаць іншыя творы і зрабіць куды больш для беларускай культуры, не займаючыся літаратурнымі даносамі. Але такога шанцу яму ніхто не даў.