«Ці свабодная Беларусь, ці — ніякая». Анатоль Вольны і яго Кастусь Каліноўскі

122 гады таму нарадзіўся паэт і празаік, якому наканавана было пражыць кароткае жыццё і стаць ахвярай крывавых сталінскіх рэпрэсій. Прапануем вам згадаць сёння добрым словам Анатоля Вольнага.

Анатоль Вольны. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Анатоль Вольны. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Паэт, празаік і драматург Анатоль Вольны ўсё жыццё быў шчыра адданы камуністычнай уладзе — уладзе, якая зжэрла яго жыццё і не падавілася. Але дзіўным чынам з-пад пяра Вольнага выходзілі і вельмі беларускія рэчы, адну з якіх мы прапануем вам прачытаць.

————————

Ніколі добра не жылі, але не губляем надзеі пачаць — і бывае так, што за гэтую надзею плацім галавой. Такі лёс беларусаў, вечна заціснутых паміж больш моцнымі суседзямі, як паміж молатам і кавадлам.

Царская Расія не была да нас ласкавай — і таму яе зрыналі з асалодай і імпэтам, яшчэ не ведаючы, што гвалт нараджае гвалт, што на чужым няшчасці свайго не пабудуеш.

Ідэі «светлай камуністычнай будучыні» кружылі галовы маладым, якія з непадробнай радасцю кінуліся будаваць новую краіну, пакуль паралельна дабівалася, выразалася старая. Магу зразумець апантанасць, наіўнасць, шчырую веру і жаданне лепшага для сваіх людзей, але не магу зразумець вось чаго: як людское гора раскулачаных, сасланых, збяднелых, галодных, рэпрэсаваных і знішчаных апраўдвалася ў галовах і сэрцах палымяных пралетарыяў, якімі мэтамі і ідэаламі?

Глядзіце таксама

Я думаю пра гэта, калі спрабую паставіць сябе на месца беларускіх паэтаў, якіх пусцілі пад нож (а дакладней, расстралялі) іх жа калегі па «светлай мары». Іх жыцці абарваліся ў самы пік сталінскіх рэпрэсій, то-бок яны бачылі і перажывалі ўвесь жах сістэмы, якая канчаткова сфарміравалася як таталітарная — а значыць, на той момант ужо не мелі ілюзій. Наколькі балючым было для ўсё яшчэ маладых, але не такіх ужо гарачых і легкадумных празаікаў і паэтаў сутыкненне з гэтым бокам рэальнасці, развітанне з іх ідэаламі?

Анатоль Вольны быў якраз адным з такіх. «Краіна саветаў» была яго домам, у якім ён шчыра спрабаваў уладкаваць сваё месца — беларускае і па-беларуску. Гэтаму спрыяла нацыянальнае адраджэнне 1920-х, падчас якога Вольны выдаў тры зборнікі паэзіі (адзін — у суаўтарстве са сваім колішнім суседам па пакоі Андрэем Александровічам), адзін раман, некалькі аповесцей і нават кнігу фельетонаў (яго ўвогуле называлі «майстрам контррэвалюцыйных анекдотаў»).

Калі нацыянальная палітыка савецкай улады перамянілася не ў лепшы бок і пачаліся чысткі «нацдэмаў», паэт не разгубіўся — працягнуў працаваць на ніве культуры, але агульнасавецкага плана: апяваў рэвалюцыю і «будаўнікоў сацыялізму», выкрываў буржуяў і бюракратаў, стаў вядомым кінадраматургам, па сцэнарыях якога знялі знакавыя фільмы («Хвоі гамоняць», «Гатэль «Савой», «Шасцідзясятая паралель») — і нават заслужаным дзеячам мастацтваў БССР.

Глядзіце таксама

Што пайшло не так і чаму я цяпер пра яго пішу? Вольнаму крылы падрэзалі якраз на гэтай вяршыні: у 1935-м ён атрымаў «заслужанага дзеяча», а ўжо ў 1936-м па яго прыйшлі — з абвінавачаннем у «контррэвалюцыйнай дзейнасці». Кнігі яго было загадана канфіскаваць з бібліятэк і крам і спаліць. Таталітарная савецкая сістэма не толькі выдатна ўмела знішчаць людзей так, каб ад іх не заставалася і следу, але і з прыемнасцю жэрла сама сябе.

Некаторыя творы Вольнага цудам захаваліся і дайшлі да нашага часу, і я хачу паказаць вам паэму, якая пабачыла свет у 1926 годзе ў зборніку «Чарнакудрая радасць» і якая праз 10 гадоў, у 1936-м, цалкам сабе магла пацягнуць на «контррэвалюцыйную дзейнасць». Нечакана — але, з іншага боку, і прадказальна — Анатоль Вольны напісаў пра Кастуся Каліноўскага, які сёння, праз больш чым восем дзясяткаў гадоў, таксама з'яўляецца ворагам улады і за якога могуць рэпрэсаваць.

Я назвала выбар героя «прадказальным» — але не таму, што гэта самы папулярны гістарычны персанаж ці ў нас іншых няма, а таму што Каліноўскі ўвесь быў пра волю, ён аддаў за яе жыццё. Аўтар паэмы пра яго ў сваім псеўданіме дэклараваў такое ж жыццёвае крэда — і заплаціў такую ж страшную цану за тое, што ўвесь час шукаюць беларусы і ніяк не знойдуць.

Анатоль Вольны (Анатоль Іўсцінавіч Ажгірэй) быў расстраляны 87 гадоў таму. Раніцай 30 кастрычніка 1937 года яго ўжо не было ў жывых — як і 131 іншага прадстаўніка беларускай інтэлігенцыі. Месца пахавання паэта — невядомае.

Кастусь Каліноўскі

(паэма)

І

Я ведаю Беларусь, што паўстанцкай куляю

Свішча:

          «Вольнай

                   Хачу

                         Быць!»

І другую Беларусь — бабулю, —

Беларусь — край лучын і журбы…

Эх, старая,

            Старая бабуля!

Дай мінуўшчыну ўспомнім сталёвую:

Колькі ў сэрца асаджана куляў

Ў грудзі нашых чароўных палёў?

Цяжка, цяжка было пад няволяю

Аўсом нашым паклоны біць…

...............

...............

Гэй, ды што-ж?

Усё здолеем, ж

Будзем песняй мінуўшчыну біць.

Я ведаю Беларусь ды буйную,

Што ў паўстанні хмялее ўсё болей,

І другую Беларусь — бабулю,

Пакуль рукі не ўзьніме для боек.

II

Была ночка

            Галодная,

                       Зімняя,

Ваўкоў бегла болей і болей…

Ваўку што ў гэтым краі сінім,

Калі ён ўвесь напоены боллю?

Ой, баяліся й сівыя воўкі,

Іскрамётна лучынілі вокам

І кружыліся шэрыя бойка,

Каб і іх хто ня з’еў ненарокам…

І вось ў гэтыя дзікія ночы

Чуткі дзіўныя нехта прывёз,

Чуткі сэрца вясковае точаць:

Імі хмеляцца хмурыя вёскі…

Чуткі,

      Чуткі:

          — Прышоў вызваліцель.

Ён — мужык, значыць, будзе удача,

Упарты,

        Як бронзавы злітак.

Ён спасе Беларусь —

                      Не іначай!

III

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ


Бедната!

         Смялей шаг!

                       Ярчэй выгляд!

Зернем буйным галовы раскінуць!

Беларусь — паном не быдла, —

Альбо жыць, альбо ўсім загінуць…

Адзін раз на свет радзіцца,

Адзін раз захмялець мятульгой,

Дык пойдзем-жа, пойдзем-жа біцца,

Хто з сякерай, хто з голай рукой.

Няхай ведаюць ўсе: беларусы

«Ў ката й мышку» не любяць гуляць

І свае галовы русыя

Не задарам будуць кідаць.

Бедната!

         Смялей шаг!

                          Ярчэй выгляд!

Зернем буйным галовы раскінуць!

Беларусь — паном не быдла, —

Альбо жыць, альбо ўсім загінуць…

IV

СЕРАКОЎСКІ


— Стой!

Твае словы паўстаннем палаюць,

Хто яшчэ ў гэту ноч так гаворыць?

Што за словы, што думкі ўздымаюць

І калышуць праменнямі зор?

Мужыч‘ё!

Вы не верце прахвостам, —

Мы таксама аб волі вам дбаем,

Толькі гэта не так ужо проста,

Толькі й шляхту усё-ж паважаем…

Мы вам кажам ад імя жонду,

Жонду белага — моц мае ён…

Ну, дык хто-ж там законы піша

І пужае на плоце варон?..

V

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

— Ні слова!

Сказаў і досыць

Канарэйкамі песні пець.

Сэрца торбаю помсту носіць,

І не хочам мы болей цярпець.

Нам не разам у гэтым змаганні, —

Будзем разам мы хіба ў надгроб’і.

Дапаможа шляхта паўстанню

Так, як кашаль ліхой хваробе.

Бедната!

         Смялей шаг!

                          Ярчэй выгляд!

Зернем буйным галовы раскінуць,

Беларусь — паном не быдла, —

Альбо жыць, альбо ўсім загінуць!

VI

Ад Дняпра і да самай Віслы

Вецер,

      Вецер

            Гуляе

                  Са свістам,

Вецер

      Са свістам,

                   Гуляе.

           Вецер хмурыць

           Свае скроні.

           Вецер круціцца

          Па гонях…

          Вецер! Родны мой вецер!

Паглядзі, што робіцца ў свеце,

          Родны мой вецер!

Паглядзі:

          Ўсе бары ў завірусе.

             — Рэволюцыю заварыць!..

          І такія лапцюжныя, русыя

          Пра

             «Слабоду»

                      Хочуць гаварыць.

          Слабода!..

          Слабода!..

          Што трэба нам болей?

          Ой, гэта слабода,

          Як вецер у полі…

Ад Дняпра

           І да самай Віслы

Вецер,

      Вецер

            Гуляе

                  Са свістам,

Вецер

      Са свістам

                  Гуляе!

      Беларусь маўчыць і церпіць, —

      Песняй плёскае ціха журбу,

      А паўстане — да самай смерці

      Беларусь не сагнуць у дугу…

VII

Ой, ці вольна жыць

Ці загінуць нам, —

Ой, працоўны люд.

Свістані з пляча!

Будзем песняй біць

І нажом садзіць:

Альбо згінуць усім,

Альбо — ўсё здабыць!

Галавою стой,

Беларусь мая!

Гэй, ды з песняй у бой

Ой, сярмяжная!

А маскоўскі цар

Сцеле мякка нам.

Беларусь мая, —

Ёй я ўсё аддам.

Беларусь за «ўсё»

Вельмі дзякуе…

Ці —

        Слабодная!

Ці —

        Ніякая!

VIII

МУРАЎЁЎ

Хто пасмеў Расіі не верыць?

Хто паўстаў супроць Русі?

Ой, каго звар‘яцеўшае сэрца

Так чырвона ў грудзёх брусніць?

Выдаць!

Выдаць мяцежных прахвостаў,

Што паўсталі на царскіх дварах.

Іх галовы пасыпяцца просам.

Звар‘яцеўшая, шэрая рвань!

Я павешу мяцежную банду,

Банду дзікіх галодных сабак.

Я зраблю ім крывавую ванну,

Што пасмелі Расію скубаць.

Загарэліся вы валежнікам;

Хай-жа вас цяпер пацкуюць…

Злавіць трыццаць любых начлежнікаў

І павесіць на першым суку!

IX

Восень пырскае срэбнымі ніткамі;

Ў вочах

          Восені

               Вокрыкі

                        Водгулля.

Пад шэрымі сьвіткамі

                  Трыццаць дрэў —

                                  Згорблена!..

Вёскі,

         Вёскі!

                Лапцюжныя прэрыі!

Зацвілі вы ў зімовую плынь,

Пад пятлёю Расійскай імпэрыі

Расцвітае толькі палын,

Абарвалася песня амаль што,

Напаіўшы ўсе словы крывёй!

Ой, закінуў намылены «гальштук»

Па-над вёскамі — Мураўёў.

X

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

Можа хто баіцца кулі

Ды ад жару хаваецца ў цень?

А мы спіны даволі гнулі

І ўсё чулі «двадзесце пеньць!»

Хто пачуў толькі гэтыя словы,

Той шануе мужычую волю.

Нам не шкода свае галовы

Параскідаць, як зерні, па полі.

Многа было, ды мала засталося:

Не разбіць нам сягоння паноў.

Столькі зерняў як маюць калоссі,

Колькі выбіта нашых галоў.

Мы не ведаём заўтра — устаць ці нам,

Не знасіць нам буяных галоў:

— Хай-жа ўспомніць на прызбе нас спадчына

Жменькай

           Простых

                   Вясковых слоў.

Будуць помніць, хто голавы звесіў,

Іх успомняць сардэчнаю ласкаю.

Мы — апошнія з першых буравеснікаў,

Мы — апошнія з першых ластавак.

XI

Эх, Кастусь,

Наш таварыш буяны!

Ў гэты сіні асенні вечар

Паглядзі;

         Зарасло ўсё бур‘янам

Па шляху да нашага веча.

Паглядзі:

         Вунь дзве зоркі скаціліся,

Воран карканнем сціхнуць радзіць,

Нават коні табунамі збіліся…

Ой, ды нехта паўстанню здрадзіць.

Мы з табою, вядома, да смерці.

З нас не просіць ніхто:

Пажыць бы…

Снапоў меней па торпах, павер ты,

Чым на хвоях галоў мужычых.

XII

Плакалі белыя топалі

Жоўтым! лісцямі;

Будзе зданне…

Коньмі маланкі топалі

Ў чорна-бурным убранні.

Абрываюцца песні і словы —

Петлі,

      Петлі

            Рэжуць галовы;

Яны падаюць, —

Дзе іх падзеці?

Гэта Беларусі лепшыя дзеці…

Бедныя!

        Бедныя

                 Вёскі!..

XIII

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

Селяніну вісець лепей з намі,

Чым да пана з паклонам хадзіць.

Вісець лепей разам з снапамі,

Чым на пана снапы вазіць,

Катаваць мужыкоў — вось адказ іх.

Паляць сэрцы прагорклыя словы.

Толькі гэты панскі указ

Для беларуса — не новы!

XIV

Я над песнямі сваімі летуценіў,

Летуценіў, зажурыўся не да рэчы.

Ой, чаго-ж так страшна ляглі цені:

Атруцілі сэрца нечым.

Павялі з сумнай Беларусі,

Павялі з Лукішак ў час світання.

Мы і сягоння помнім словы

Што апошнімі сказаў Кастусь:

«Браткі мае, Беларусы,

Ад шыбельніцы маскоўскай

Шлю вам сваё —

                 Прывітанне!»

І скрозь шэрань нашых вёсак

Нібы чую плач вайсковых труб,

Вочы шэрыя, упартую чупрыну

І пад лапамі збялеўшай ад бяды асіны —

Сіні

    Труп

Нібы бачу я; глядзіць ён шэрым вокам

На другую частку паднявольнай Беларусі,

Мужыкоў склікае ён навокал

І, як некалі, гаворыць ім Кастусь;

— Бедната!

             Смялей шаг!

                            Ярчэй выгляд!

Зернем буйным галовы раскінуць!

Беларусь, паном не быдла, —

Альбо жыць, альбо ўсім загінуць!