Еўрапейскія дыпламаты ўшанавалі памяць ахвяр рэпрэсій у Курапатах
Дыпламаты краіны Еўрасаюза, Вялікабрытаніі і Швейцарыі, якія працуюць у Мінску, наведалі Курапаты і ўшанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій таталітарызму.
«З нагоды Дзядоў, Дня памяці продкаў, паводле даўняй традыцыі дыпламаты краін Еўрапейскага саюза, Вялікабрытаніі ды Швейцарыі наведалі Курапаты, каб ушанаваць памяць пра незлічоныя жыцці і таленты, знішчаныя пошасцю таталітарызму», — гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску.
У ім таксама падкрэсліваецца важнасць Народнага мемарыяла.
«Народны мемарыял Курапаты — сведка нястомнай працы многіх адважных беларусаў, што ў любое ліхалецце дбалі пра абарону годнасці ахвяраў і нацыянальнай гістарычнай памяці. Маем надзею, што ўрокі гісторыі будуць засвоеныя», — дадалі ў прадстаўніцтве.
Курапаты — лясны масіў на паўночным ускрайку Мінска, дзе былі выяўленыя масавыя пахаванні людзей, расстраляных НКУС у 1937-1941 гадах. Колькасць ахвяр на сённяшні дзень дакладна невядомая і, паводле розных ацэнак, можа складаць да 100 тысяч чалавек, ці нават больш.
З 1993 году ўрочышча Курапаты занесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, што паводле закону «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» адпавядае катэгорыі «найбольш унікальных каштоўнасцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакументальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародную цікавасць».
З’яўляюцца найбольш вядомым сярод прынамсі васьмі месцаў масавых расстрэлаў, якія ажыццяўляў НКУС на тэрыторыі Мінска.