Хронікі рэпрэсій за 30 кастрычніка
Аблавы, «хапуны», суды, ліквідацыя выдавецтва і нават адна амністыя — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1082 дні, Дзяніс — 962.
***
У СІЗА-1 Мінска больш не будуць прымаць медыцынскія перадачы без адмысловай заявы зняволенага, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
З сённяшняга дня там дзейнічаюць новыя правілы прыёму медыцынскіх перадач. Паводле ўказання Дэпартамента выканання пакаранняў, каб атрымаць ад сваякоў лекі, зняволеныя спачатку павінны звярнуцца ў медчастку з пісьмовай заявай. Пры гэтым неабходнасць і мэтазгоднасць перадачы вызначае лекар СІЗА, ён жа дае на яе дазвол.
Паводле новых правілаў, зняволены павінен адправіць сваякам па пошце заяву з дазволам, спісам і колькасцю неабходных лекаў. Толькі з гэтай заявай сваякі змогуць аддаць медыцынскую перадачу.
Лекі нельга будзе браць з сабой падчас этапавання. Калі ў гэты час зняволенаму неабходна прымаць лекі, іх будуць выдаваць з дазволу медработніка.
***
Былы дырэктар «Белтэлекама» Сяргей Сівадзедаў выйшаў на волю па амністыі, піша «Медыязона» са спасылкай на «Нашу Ніву».
У 2020 годзе ён быў адным з 16 фігурантаў па справе начальніка службы аховы Лукашэнкі і намесніка кіраўніка Савета Бяспекі Андрэя Уцюрына. Паводле версіі абвінавачання, частка фігурантаў атрымлівала хабары на сотні тысяч долараў за пастаўку абсталявання, а іншая частка давала хабары за магчымасць заключыць выгадны кантракт. Сівадзедаў заключыў дасудовае пагадненне і даваў паказанні на іншых фігурантаў справы.
27 ліпеня 2020 года Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару (ч.3 арт.430 Крымінальнага кодэкса) на суму не меншую за 470 тысяч долараў і 14 тысяч еўра. Сівадзедава прысудзілі да 7 гадоў калоніі.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», экс-кіраўнік «Белтэлекама» выйшаў на волю па амністыі 31 траўня.
***
Супрацоўнікам «Нафтана», затрыманым падчас «хапуну» 17 кастрычніка, прызначылі арышты. Стала вядома, што справы некалькіх затрыманых разбірала 18 кастрычніка сумнавядомая суддзя наваполацкага гарадскога суда Зінаіда Балаболава. Напярэдадні некалькі чалавек трапілі пад міліцэйскі «хапун» проста на прахадной.
Як паведаміла «Віцебская вясна», дваім «нафтанаўцам» Балаболава прызначыла па 13 сутак арышту за наяўнасць на старонках у «Аднакласніках» адной або некалькіх «экстрэмісцкіх» спасылак. Яшчэ аднаго калегу арыштавалі на 15 сутак за рэпосты з трох «экстрэмісцкіх крыніц». Усе трое асуджаны паводле ч.2 арт.19.11 КаАП. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, міліцыянты заўважылі прыкметы правапарушэння месяц таму, 15 верасня.
Яшчэ аднаго работніка «Нафтана» суд прызнаў вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле арт. 24.23 КаАП. Непасрэдна ў дзень затрымання на яго старонцы ў «ВКонтакте» знайшлі фотаздымкі з бел-чырвона-белымі сцягамі і надпісам «Белорусский протест: цепи без солидарности». Сваёй віны ён не прызнаў.
***
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 5 кастрычніка адбыўся суд над мясцовай жыхаркай, якую абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні, паведамляе «Салідарнасць».
Паводле пастановы суда, жанчына ўвечары 6 верасня ў Брэсце правяла пікет, надзеўшы на правую руку бранзалет з выявай бел-чырвона-белага сцяга з арнаментам.
На судзе брэстаўчанка прызнала сваю віну. У выніку суд пастанавіў аштрафаваць яе на 10 базавых велічынь (370 рублёў).
***
Затрыманы і аштрафаваны за «экстрэмізм» ксёндз з Новалукомля, пішуць праваабаронцы.
Ксёндз Мікалай Ліпскі служыць у касцёле Святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі Чашніцкага раёна.
28 кастрычніка стала вядома, што яго ўтрымлівалі два дні да суда, які аштрафаваў святара на 1850 рублёў паводле двух артыкулаў: ч.1 арт. 24.23 і ч.2 арт. 19.11 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне» і «Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Таксама ў яго канфіскавалі тэлефон.
Ксяндза судзіла суддзя Смірнова А. С., паведаміла «Хрысціянская візія».
***
Сілавікі пахваліліся, як жорстка затрымлівалі беларусаў за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, піша «Салідарнасць».
Пра затрыманне супрацоўніка Ваўкавыскага ЦРБ Аляксандра Скірухі і супрацоўніка «Белтэлекама» Ігара Палікшы стала вядома на мінулым тыдні. Мужчын абвінавацілі ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У тэлеграм-канале сілавікоў з'явілася відэа затрымання. На ім відаць, як сілавікі накінуліся на мужчын і жорстка паклалі іх на зямлю.
***
ГУБАЗіК затрымаў дырэктара партала ABW.ВY. Праўладныя тэлеграм-каналы 28 кастрычніка напісалі, што ён нібыта «ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, выкладваў нацысцкую ўкраінскую сімволіку, абражаў службовых асоб Саюзнай дзяржавы, вёў падрыўную работу ў калектыве і прысягаў Ціханоўскай».
***
Сталі вядомы падрабязнасці прысуду «нафтавіку» Іллю Двойрыну, які 1 ліпеня абліў фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай «Z». Мужчыну выстаўлена абвінавачанне паводле ч.1 арт. 339 КК («Хуліганства»). Двойрын прысуджаны да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год («хатняя хімія»).
У прысудзе суддзя Віталь Лапко старанна абыходзіць тэму антываеннага пратэсту, настойваючы на неабгрунтаванасці ўчынку мужчыны, адзначаюць праваабаронцы «Вясны». Слова «неабгрунтаваны» сустракаецца ў сказе некалькі разоў.
***
Ліквідавана выдавецтва «Кнігазбор» — яно працавала 28 гадоў. Пра выключэнне выдавецтва з Адзінага дзяржаўнага рэгістра 30 кастрычніка паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook яго дырэктар Генадзь Вінярскі:
«Усё, і юрыдычна выдавецтва «Кнігазбор» няма. Эпоха Кнігазбору (17.03.1995 — 26.10.2023)».
***
З'явілася інфармацыя пра затрыманне настаўнікаў у гімназіі №1 Ваўкавыска. Тэлеграм-каналу «Суды, затрыманні, Гродна» стала вядома як мінімум пра два такія выпадкі.
Нагадаем, што на мінулым тыдні адбылося некалькі аблаў у Гродзенскай вобласці: у Лідзе (6 чалавек), Ваўкавыску і Навагрудку. Таксама адбылася аблава ў карэліцкай бальніцы.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 259 дзён, Максіма Знака — 264 дні, Мікалая Статкевіча — 260 дзён, Ігара Лосіка — 254 дні, Сяргея Ціханоўскага — 238 дзён, Віктара Бабарыкі — 187 дзён, Уладзіміра Гундара — 87 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1474 палітвязні. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1689 чалавек. Сярод іх — 182 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.