«Можна вытрымаць зняволенне, але было страшна, што мы нічога не будзем ведаць пра дзяцей»

Праваабаронца, аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная і яе сям’я хаваліся ў Беларусі ад уладаў тры гады. Але пасля прызнання іх сацсетак «экстрэмісцкімі» ўсё ж з’ехалі за мяжу. Як гэта — хавацца тры гады і нараджаць у гэты час, Аліна распавяла «Салідарнасці».

nagornaja_logo.jpg.webp

— Пасля эвакуацыі вашай сям’і сузаснавальнік фонда BYSOL Андрэй Стрыжак напісаў, што вашае жыццё апошніх трох год — гэта драматычны прыгодніцкі трыллер, і гэты расповед варты асобнай кнігі. Можам зрабіць спойлер для нашых чытачоў, як вы жылі пасля падзеяў 20-га года?

— Усе звычайныя дзеянні патрабавалі больш часу, арганізацыі, энергіі. Схадзіць у краму, лякарню, некія паслугі атрымліваць — гэта ўсё патрабавала шмат высілкаў, і любыя простыя дзеянні ператвараліся ў нейкі звар’яцелы квэст. Канешне, зараз гэта цікава ўзгадваць, але тады, калі ты гэта пражываеш, гэта цяжка.

— Вы змянілі шмат кватэр за апошнія тры гады?

— Каля дзесяці ў розных раёнах і абласцях Беларусі.

У 2019 годзе мы набылі дом у Рагачоўскім раёне, рабілі там рамонт сваімі рукамі так, як нам падабалася. Гэты дом быў вельмі зручны, вялікі, з зашклёнай тэрасай, з вялікім падворкам, з гаражом.

Пасля я зацяжарыла, і мы хацелі там жыць. Пасля нараджэння сына да нас пачалі прыходзіць «госці»: міліцыянты, часам пераапранутыя людзі з бусікаў, сацыяльныя службы, Следчы камітэт.

Мы не ведаем, чаго яны хацелі, бо ні разу не адчынілі ім дзверы. Часам яны стукалі ў дзверы, часам пад вокнамі стаялі. Бывала, што сігналілі. Часам проста хадзілі вакол хаты. Мы адчувалі, што яны не ўломяцца, і заставаліся спакойна дома.

У адзін вечар, летам 2021-га, яны вельмі позна прыехалі — Стэфіка пабудзілі. На наступны дзень мы з’ехалі ў краму, а суседзі распавялі, што «госці» па падворку хадзілі. Мы зразумелі, што заўтра могуць і ў хату ўламіцца. Ноччу мы сабралі рэчы і з’ехалі. І вось тады пачалося нашае падарожжа.

— Нядаўна Ігар пісаў пра тое, што суседзі скралі нейкія рэчы з вашага падворка пасля таго, як вы з’ехалі. Можаш распавесці, што адбылося?

— На падворку стаялі розныя рэчы: мангал, лесвіца, рарытэтныя металічныя шыльды, якія Ігар збіраў. Мы ведаем, хто іх скраў.

— Гэта зрабілі тыя людзі, якім вы дапамагалі?

— Мы ўсім суседзям дапамагалі, таму што рабілі шмат што для вёскі. Пакуль там жылі два гады, мы зрабілі і нармальную дарогу, і пешаходныя пераходы, і безбар’ерныя прыпынкі, і новыя шыльды, ваду ў калодзежы праверылі, пачысцілі. Мы пісалі вельмі шмат зваротаў — па такім жа макеце дзейнасці, як з беларускай мовай. Такім чынам добраўпарадкавалі вёску.

Калі ў нас з падворку скралі рэчы, было вельмі крыўдна, але мы ўжо тады эмацыйна развіталіся з домам, бо разумелі, што яго трэба прадаваць. Пасля нашага ад’езду туда наведваліся тыя ж «госці», і мы не маглі папрасіць нікога з сваякоў ці сяброў даглядаць за домам. Таму нам давялося яго прадаць.

Нам вельмі патрэбныя былі грошы, бо шмат праблем са здароўем пачалося, і трэба было іх вырашаць, а калі хаваешся, то гэта вельмі дорага атрымліваецца.

Гэта быў дом нашай мары. Вельмі класна мы там усё зрабілі, прыбралі парожкі паміж вялікімі пакоямі, каб дзеці маглі ездзіць на машынках і самакатах. Працоўную зону зрабілі за барнай стойкай, набылі ложак, пра які я марыла…

— Вы вымушаныя былі мяняць жытло ў розных гарадах, таму што вас знаходзілі?

— Адзін раз нас знайшлі. Гэта сумная гісторыя. Першым месцам, куды мы прыехалі, было лецішча знаёмых. Мы нават не патэлефанавалі ім, бо не ведалі, ці бяспечныя нашыя званкі праз тэлеграм. Прыехалі нечакана і спыталі, ці можна ў вас пажыць. Каля месяца там жылі. Стэфік на падлозе спаў, гэта было не вельмі добра, але ў нас тады не было іншых варыянтаў.

Пасля мы знайшлі ў горадзе жытло і спадзяваліся, што гэта нас мясцовыя шукалі, думалі, што ўсё скончылася. Неяк мы сядзім у хаце, і пачынаюць тарабаніць у дзверы. Глядзім у вочка: там два чалавекі. І бачна, што гэта не проста людзі міма праходзілі.

Пасля яны апытвалі суседку, і мы гэта ўсё чулі з-за дзвярэй. Вечарам пазней я ўкладала Стэфіка, і ў дзверы пачалі стукаць больш нахабна. Малы не мог заснуць. Ізноў паўтарылася сітуацыя, як у нашым доме. Вельмі гэта было эмацыйна цяжка, баяліся, што ўломяцца.

У тую ж ноч мы сабралі рэчы і з’ехалі ў іншую вобласць. У нас быў адзін багажнік у машыне, а рэчаў было на два, бо выйшла кніга «Мова 404» (гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце ў розных сферах – С.). Усю ноч з ліхтарыкамі давялося падпісваць канверты для тых, хто замовіў кнігі, бо выдалі яе праз краўдфандынг. Скінулі кнігі праз вокны ў двары знаёмаму, і ён забраў сабе ў машыну.

Пасля нас ужо так не знаходзілі. Але былі сітуацыі, калі ў каментах у нашым тэлеграм-канале пра беларускую мову нехта пісаў «о, а я вас бачыў там». А мы не ведалі, ці чыталі гэты каментар іншыя людзі, і прымалі рашэнне з’язджаць.

Альбо неяк сфоткаліся са сланечнікамі, і чалавек які нас бачыў побач з полем, напісаў «клас, я таксама там фоткаўся» і пазначаў лакацыю. Тады таксама давялося мяняць месца жыхарства.

Глядзіце таксама

— Як вам удавалася трапляць да дзіцячых лекараў, калі вы хаваліся ад уладаў, і не афішавалі месцы, дзе жывеце?

— Нашым дзіцячым лекарам быў Міхаіл Самборскі. Аднойчы, калі мы збіраліся паказаць Стэфіка, ён папярэдзіў нас пра тое, што яго спрабуюць вербаваць, і паўсюль у яго праслухоўкі. Ён казаў пра гэта ў інтэрв’ю, таму я таксама магу пра гэта распавядаць.

Пасля мы шукалі іншых спецыялiстаў. Звярталіся ў розныя лякарні і траплялі да розных лекараў у іхні непрацоўны час. Але ўсё гэта было складана.

Калі я была цяжарная на вялікім тэрміне, каб патрапіць да лекара, мне за дзень прыйшлося праехаць 800 кіламетраў – 400 у адзін бок, і 400 у другі. Стаяла 30-градусная спёка, і я не ведала, ці даеду, бо вельмі кепска пачувалася.

— Распавядзі калі ласка, пра гісторыю з родамі. Чаму не атрымалася нарадзіць у лекаркі, з якой ты дамаўлялася?

— Таму што яна спужалася, хаця я збіралася заключаць афіцыйную дамову і магла яе выбіраць як свайго лекара. Яна спалохалася, што могуць быць праблемы, таму што мне дапамагала. Што хто-небудзь падумае, што яна мяне ведае, і што са мной папярэдне дамаўлялася.

Я хацела яе пераканаць, што вы ж лекар, дапамагаеце нараджаць, але яна баялася больш, чым я. Тады прыняла рашэнне нараджаць у іншым месцы — усё атрымалася нармальна.

— Да таго, як вашыя сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі, у цябе і ў Ігара былі думкі пра тое, каб з’ехаць з Беларусі?

— Увесь час былі гэтыя думкі. Ты жывеш сабе, а потым з’яўляецца патрэба звярнуцца ў лякарню, і кожны раз гэты квэст, і ты думаеш з’ехаць і не праходзіць гэта ўсё. Але разумееш, што хочацца яшчэ нешта для Беларусі зрабіць, і застаешся. Проста станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. З кожным разам, калі трэба было зрабіць нешта звычайнае, побытавае.

Энергія сканчвалася, стомленасць назапашвалася, і апошнім разам мы пачалі думаць, што трэба з’язджаць, калі трэба было дзіцяці прышчэпку зрабіць, а Ігару — аперацыю. І ў мяне праблемы са здароўем былі.

Калі сацсеткі экстрэмісцкімі прызналі, зразумелі, што трэба з’язджаць зараз, бо пасля не факт, што атрымаецца. Нам добра дапамог BYSOL у гэтым.

Мы больш баяліся за дзяцей, бо можна вытрымаць зняволенне, шмат хто праз гэта праходзіць, і годна даволі, але было страшна, што мы нічога не будзем ведаць пра дзяцей. Ці пакормяць іх пасля нашага затрымання, ці дапамогуць заснуць.

Гэта было страшна для нас. Мы проста не ведалі чаго чакаць. Добра ведалі, як працуюць рэпрэсіі. Бесчалавечна.

— Якім было тваё развітанне з радзімай?

— Я нядаўна была ў Мінску. І было адчуванне, што гэта ў апошні раз. Быў вечар, усё падсвечвалася, і Мінск быў такі прыгожы. Было сумна вельмі.

А да гэтага вельмі хацела патрапіць на адну выставу ў цэнтры горада, усё атрымалася.

— Ці прайшоў страх, які быў на радзіме? Што ты адчуваеш цяпер?

— Я разумею, што няма чаго перажываць, але яшчэ крышачку не адпусціла. Нядаўна ішла па праспекце Гедыміна, там паліцыя стаяла, і ўсё сціснулася ўнутры.

Быў момант, калі нам у дзверы пазванілі, адразу ўсе змоўклі — і дзеці, і Ігар. Я ў гэты момант была ў ваннай, кажу: можна адчыняць. І аж самой было дзіўна гэта казаць. Агулам яшчэ не адпусціла, але нас адтуль усё ж такі выціснулі, хаця мы так доўга там нешта рабілі.

Я ніколі не хацела жыць не ў Беларусі. Да 2020 года мела некалькі прапаноў стажыровак за мяжой і адмовілася ад іх, хацела жыць на радзіме. Мне падабалася нешта рабіць і бачыць вынікі ад таго, што ты робіш.

Ты прыходзіш у краму — а там беларуская мова. Ты выходзіш на вуліцу — а там беларуская мова. Гэта крута! Таму што мала хто верыў і да 20-га года, што можна нешта змяніць, а мы бралі і змянялі. Крок за крокам.

Насамрэч наша справа непапулярная, і мала хто разумее, навошта мы ўсё гэта робім, бо спачатку ж эканоміка. Але я разумею, навошта гэта раблю. Я магла заехаць у любы горад і пабачыць вынікі нашай працы.

Глядзіце таксама

— Як ты будзеш працягваць гэтую справу з-за мяжы?

— Буду. Ёсць шмат планаў. Кніга мая перавыдаецца. Хутка будзе апублікаванае даследаванне на розных мовах.

Хачу каб людзі пачалі размаўляць пра моўную дыскрымінацыю на розных мовах — не толькі па-беларуску, але і абавязкова па-англійску, па-нямецку, па-руску. Таму што дыскрымінуюць нас тыя людзі, якія размаўляюць па-руску ў першую чаргу. Хачу працаваць у гэтым кірунку. І нешта іншае цікавае рабіць — ёсць розныя ідэі.

— Вы збіраецеся вяртацца на радзіму?

— Я вельмі шмат вандравала, а Ігар жыў у Эстоніі, вучыўся ў Тартускім універсітэце. Ён вярнуўся ўжо аднойчы на радзіму, і на яго ўсе ягоныя аднакурснікі глядзелі як на вар’ята: навошта ты вярнуўся? У Ігара былі вялікія магчымасці, ён хацеў стаць адвакатам і мог у Эстоніі гэта рэалізаваць вельмі хутка.

Я была ў розных краінах: Нідэрланды, Нямеччына, Ізраіль, Літва. І мне заўжды хацелася вяртацца. Я нарадзілася ў Беларусі, шмат чаго зрабіла для краіны. Не магу сябе ўявіць па-за ёй. Таму буду рабіць усё, каб гэты момант хутчэй настаў.