«Мы ніколі не ішлі на гатовае, мы ўсё аддавалі справе роднай Беларусі, бо ў нас іншых шляхоў не было»

2 снежня 1936 года была забаронена дзейнасць Таварыства беларускай школы — культурна-асветніцкай арганізацыі ў Заходняй Беларусі. Гэты артыкул прысвечаны Паўлу Крынчыку (1898–1975) і Алене Лябецкай (1903–1982) — мужу і жонцы, якія ў першай палове ХХ стагоддзя былі актыўнымі дзеячамі вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, актывістамі Таварыства беларускай школы, вязнямі польскіх і савецкіх лагераў.



krinchik_logo.jpg

Павел Крынчык

Арганізатар і кіраўнік Народнага музея СШ №4 у Слоніме Аляксандр Жукоўскі аднойчы запрасіў Паўла Крынчыка паглядзець ягоны вялікі музей. Павел Сцяпанавіч пагадзіўся. Ён зайшоў з кійком у музей і адразу пачаў разглядаць стэнды. Пад шклом аднаго з іх ён убачыў партрэт Сталіна. Нядоўга думаючы, ветэран падняў кіёк і з усяе сілы стукнуў па шкле стэнда. Шкло пасыпалася на падлогу. Крынчык падскочыў да Жукоўскага і, махаючы перад носам кійком, закрычаў: «Калі ты яшчэ раз павесіш гэтага вусатага чорта, то я цябе павешу на гэтай кульбе». Аляксандр Жукоўскі ніколі больш не вешаў партрэт Сталіна ў сваім школьным музеі, хаця ён амаль увесь быў прысвечаны Другой сусветнай вайне.

Алена Лябецкая, калі польскія паліцыянты стукалі ў дзверы Слонімскай акруговай управы ТБШ у 1928 годзе, не разгубілася. Яна паспела праглынуць некалькі папер з тэкстам лістоўкі. Калі ў пакой ТБШ уварваліся паліцыянты і пачалі вобыск, яны ўжо нічога крымінальнага знайсці не змаглі.

Павел Крынчык нарадзіўся ў вёсцы Едначы Слонімскага павета. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны рускія казакі выгналі сям’ю Крынчыкаў у Расію. Яны заехалі ажно ў Екацярынаслаў. Там юнак паступіў у мясцовы палітэхнікум шляхоў зносін. Скончыў яго, а потым сям’я вярнулася на Бацькаўшчыну, якая ўжо была пад Польшчай.

Вярнуўшыся на Слонімшчыну, Павел Крынчык стаў адным з ініцыятараў стварэння гурткоў Грамады, Таварыства беларускай школы і спажывецкага таварыства. У 1928 годзе ў польскі сейм былі абраны тры беларускія дэпутаты: І. Дварчанін, І. Гаўрылік, А. Стагановіч. У лютым 1929 года замест А. Стагановіча дэпутатам сейма стаў Павел Крынчык. У Варшаве яму ўручылі пасольскі мандат, і з сакавіка 1929 года ён быў асобай недатыкальнай. Але…

15_5_plakat_z_fotazdimkam_deputata_frakci_zmaganne_1930_g__logo.jpeg

Плакат з фотаздымкамі дэпутатаў фракцыі «Змаганне», 1930 год

Прыехаўшы ў Вільню, беларускі дэпутат польскага сейма актыўна ўключыўся ў працу сакратарыята пасольскага клуба «Змаганне». Ён стаў плённа працаваць над скліканнем Еўрапейскага сялянскага кангрэса ў Берліне, удзельнікам якога разам з жонкай Аленай Лябецкай быў і сам. Палымяны голас пасла гучаў тады на шматлюдных мітынгах працоўных у Дзярэчыне, Воранаве, Ашмянах, Вільні, Смаргоні, Кельцах, Карэлічах і ў іншых гарадах і мястэчках.

Нягледзячы на дэпутацкую недатыкальнасць, Паўла Крынчыка на ўсіх мітынгах абражалі і білі польскія шпікі і паліцыянты. А летам 1929 года ў Карэлічах нават паранілі стрэлам з пісталета ў галаву. Ён апамятаўся толькі тады, калі сябры клалі яго на воз, каб адвезці да доктара. Доктар дастаў з патыліцы кулю і сказаў: «Пану вельмі пашанцавала!»

З забінтаванай галавой Крынчыка адвезлі ў гасцініцу, а потым на чыгуначную станцыю Наваельня, а адтуль у Вільню. Там перабінтавалі і зрабілі здымкі. Пазней гэта фатаграфія і фатаграфіі ягоных калег-паслоў Дварчаніна, Гаўрыліка, Грэцкага з перабінтаванымі галовамі будуць змешчаны на выбарчым плакаце. Плакат заклікаў беларусаў галасаваць за спіс кандыдатаў «Змагання» ў час дадатковых выбараў у сейм, якія праходзілі вясной 1930 года ў Лідскай выбарчай акрузе. Агітацыя аказалася даволі эфектыўнай і пераканаўчай. Толькі гэта ўсё хутка скончылася.

15_4_pavel_krinchik_z_bratam_paslja_zb_ccja_pal_cijaj_na_demanstraci_2_zhn_nja_1929_goda_fota_drukuecca_pershinju_logo.jpeg

Павел Крынчык з братам пасля збіцця паліцыяй на дэманстрацыі 2 жніўня 1929 года. Фота друкуецца ўпершыню

…Паўла Крынчыка паліцыя арыштавала дома, Валынца — у Вілейцы, Гаўрыліка — у цягніку, калі ехаў у Варшаву. Іх усіх адправілі ў стэфанаўскую турму ў Вільні. У пачатку 1931 года распачаўся суд над сябрамі беларускага сялянска-рабочага пасольскага клуба «Змаганне». І. Гаўрыліку, І. Дварчаніну, Ф. Валынцу і П. Крынчыку далі па 8 гадоў кожнаму строгага турэмнага зняволення.

Праз пэўны час у турму завітала сябра Чырвонага Крыжа СССР у Польшчы Стэфанія Семпалоўская і сустрэлася ў камеры з Крынчыкам. Спадарыня Семпалоўская паведаміла, што савецкі і польскі ўрады дамовіліся аб абмене палітзняволенымі. «У спіс палітзняволеных, якія падлягаюць абмену, уключаны і вы, — сказала яна. — Цяпер толькі павінна быць ваша згода». Семпалоўская заявіла таксама, што Крынчык можа ўзяць з сабой усю сваю сям’ю. Крынчык пагадзіўся і папрасіў з сабой узяць жонку Алену Лябецкую.

15_2_alena_ljabeckaja_logo.jpeg

Алена Лябецкая

Так Павел Крынчык і яго жонка Алена Лябецкая апынуліся ў Мінску. Там іх шчыра віталі Валянцін Таўлай і Іван Тарасюк. Быў гэта 1933 год…

Цяпер пару слоў пра Алену Лябецкую. Яна была на 5 гадоў маладзейшая за свайго мужа. Нарадзілася на хутары Лягуцева Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён). У 1910 годзе сям’я яе пераехала ў Гродна, дзе Алена паступіла ў падрыхтоўчы клас жаночай гімназіі.

Перад пачаткам Першай сусветнай вайны іх сям’ю выгналі ў Калугу. Там дзяўчына вучылася ў жаночай гімназіі. А калі вярнуліся ў 1920 годзе на Бацькаўшчыну, актыўна ўключылася ў грамадска-вызваленчы і культурны рух у Заходняй Беларусі: стварала гурткі ТБШ, была арганізатаркай і ўдзельніцай беларускіх спектакляў, канцэртаў на Слонімшчыне, Дзятлаўшчыне і Зэльвеншчыне.

З лістапада 1927 года Алена Лябецкая стала працаваць сакратаром Слонімскай акруговай управы ТБШ. Потым яе як актыўную дзяячку ТБШ забіраюць у Вільню, дзе Алена працуе ў Галоўнай управе ТБШ, загадвае беларускай бібліятэкай-чытальняй.

У лютым 1930 года Алену Лябецкую арыштоўваюць польскія ўлады і асуджаюць на 6 гадоў турмы. Але ў выніку абмену палітвязнямі яна разам з мужам трапляе ў Мінск…

Спачатку ў БССР жыццё наладжвалася някепска. Павел працаваў, а Алена вучылася на геолага-геаграфічным факультэце БДУ, працавала інструктарам у ЦК Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі.

15_3_alena_ljabeckaja_z_sjabram_tbsh_na_slon_mshchine_kanec_1920_h_gado_fota_drukuecca_pershinju__logo.jpeg

Алена Лябецкая з сябрамі ТБШ на Слонімшчыне, канец 1920-х гадоў. Фота друкуецца ўпершыню

Але аднойчы іх сям’ю наведалі супрацоўнікі НКУС. Спачатку 26 лістапада 1935 года арыштавалі Паўла і прыгаварылі да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў за «сувязь з разведкай буржуазнай Польшчы». А потым, восенню 1937 года, арыштавалі і Алену. Павел Крынчык быў этапаваны ў адзін з Калымскіх лагераў. А Алена Лябецкая была выслана ў адзін з лагераў Усходняй Сібіры.

На Радзіму Алена Лябецкая вярнулася ў 1947 годзе, а Павел Крынчык — у 1956-м. Яны жылі ў Слоніме, дзе і памерлі. Пасля сябе Павел Крынчык і Алена Лябецкая пакінулі невялікія ўспаміны пра барацьбу і дзейнасць у 1920–1930-х гадах у Заходняй Беларусі. Гэтыя ўспаміны друкаваліся ў кнігах «У суровыя гады падполля» (Мн., 1958), «Годы испытаний и мужества» (Мн., 1973), «Вильнюсское подполье» (Вільнюс, 1966). Пра сталінскія лагеры ўспамінаў яны не пісалі.

Неяк, перад выступленнем у адной са школ, Алена Канстанцінаўна Лябецкая сказала: «Мы ніколі не ішлі на гатовае, мы ўсё аддавалі справе роднай Беларусі, бо ў нас іншых шляхоў не было».