«Магілёўскае цунамі» 1942 года: як патоп забраў жыцці сотняў жыхароў горада

10 красавіка 1942 года ў Магілёве адбылася незвычайная тэхнагенная катастрофа, аналагаў якой у гісторыі Беларусі больш не вядома. Што тады здарылася?

dubravency.jpg

Прычыны трагедыі на Дубравенцы і сама хада падзеяў зараз добра вядомыя даследчыкам, а сама катастрофа шырока асветленая ў СМІ. Зусім не так абстаялі справы яшчэ з пару дзясяткаў гадоў таму — пра «Магілёўскае цунамі» ведала толькі жменька спецыялістаў, а ў самім горадзе нічога не нагадвала пра патоп 1942 года і яго ахвяр, піша рэгіянальнае выданне Магілёў Media.
У чэрвені 2022 года памяць пра «цунамі» ў Магілёве нарэшце была адзначаная ў гарадской прасторы — высілкамі магілёўскага актывіста Ігара Бадзькова, пры дапамозе гісторыкаў і краязнаўцаў Аляксея Бацюкова і Алега Лісоўскага на месцы трагедыі была пастаўленая інфармацыйная шыльда.

dubravency_2.png

«Магілёўскае цунамі» здарылася падчас Другой сусветнай вайны. У чэрвені-ліпені 1941 года пры адступленні з Магілёва савецкія войскі падарвалі чыгуначны насып на Дубравенцы, і ён прасеў, фактычна спыніўшы раку. Паводкавыя воды сабраліся за насыпам у агромністае возера, якое падчас адлігі 10 красавіка 1942 года прарвала насып.

dubravency_3.jpg

Як выглядаў насып у 1942 годзе — фота з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Люльку несла па плыні, а з яе даносіўся дзіцячы плач

«Першапачатковы вал вады з ільдзінамі дасягаў 15 метраў, — узгадваў катастрофу магілёвец Т. Крываносаў, відавочца падзей. — Вада змятала ўсё на сваім шляху, над горадам падняўся страшэнны шум і грукат. Я пачуў яго дома (Ленінская, 27) і адразу накіраваўся за людзьмі, якія беглі, да Дубравенкі ў раён гарадскога парка. Адсюль адкрылася страшная карціна — мутная, карычневая вада заліла ўсю пойму Дубравенкі, у тым ліку і Быхаўскі рынак».

dubravency_4.jpg


Адразу пасля патопа ў гарадской прэсе з'явілася нататка, у якой называлася прыблізная колькасць ахвяр у 2000 чалавек. Сучасныя даследчыкі схіляюцца да ацэнкі ў некалькі соцень чалавек. Большасць з іх трапілі пад смяротны вал вады ў дамах, што стаялі абапал Дубравенкі і ў даліне ракі Струшні. Людзі гінулі, калі вада паглынала іх на вуліцы, затаплівала да самай столі іх дамы, калі ледзяныя глыбы разбівалі сцены. Сярод ахвяр апынулася шмат дзяцей — відавочцы распавядалі пра люльку з немаўляткам, якую несла па плыні, а з яе даносіўся дзіцячы плач.

dubravency_5.jpg


Прычына трагедыі, як цяпер мяркуюць навукоўцы, палягала ў тым, што папсаваны падрывам чыгуначны насып увесь канец 1941 года і ў пачатку 1942-га быў неабходны нямецкаму камандаванню для транспарціроўкі грузаў па чыгунцы. Таму яны не дазвалялі гарадскому кіраўніцтву правесці своечасовыя рамонтныя работы.
Трэба адзначыць, што гарадскія ўлады папярэджвалі жыхароў дамоў на Дубравенцы пра небяспеку загадзя.
— Тапельцаў збіралі на берагах Дняпра і дастаўлялі іх у гандлёвы павільён на Быхаўскім рынку, — распавядаў іншы відавочца, Е. Кавалькоў. — Тут былі жанчыны, мужчыны, малечы ў пялёнках. Даліна Дубравенкі непазнавальна памяняла свой выгляд — скразная пустыня сярод высокіх берагоў і глыбы блакітнага лёду, што таялі пад прамянямі веснавога сонца.

dubravency_6.jpg

Фота з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага