Катынь як помста за Фінляндыю
80 гадоў таму пачалася савецка-фінская вайна. Але мала хто ведае, што французскі ўрад па дамове з палякамі ў 1940 годзе планаваў адправіць на дапамогу фінам брыгаду Войска Польскага.
На берагах Сены
Пасля паразы ў вайне з Германіяй амаль 90 тысяч жаўнераў і афіцэраў польскай арміі, па дамове ад 9 верасня 1939 года, апынуліся ў Францыі. Палякі гарэлі жаданнем адпомсціць Гітлеру і Сталіну. Да таго ж Францыя знаходзілася ў стане вайны з Германіяй. Узмацненне французскай арміі за кошт саюзнага Войска Польскага было ў інтарэсах Парыжа.
Хутка было прынята рашэнне аб фарміраванні польскай дывізіі ў складзе войска Трэцяй рэспублікі. Планавалася, што дывізія будзе сфарміравана па штатах, прынятых у французскім войску. Разам з тым, устаў і палявыя суды заставаліся польскімі. Таксама французы пакідалі за сабой права прымаць палякаў у склад свайго войска. 4 студзеня 1940 года была заключана новая дамова, паводле якой польскі эмігранцкі ўрад атрымліваў права стварыць паўнавартаснае войска за межамі Польшчы. Гэты дакумент даў польскаму эмігранцкаму ўраду права пачаць фарміраванне на тэрыторыі Францыі рэгулярных пяхотных, авіяцыйных і марскіх частак.
Аднак яшчэ да гэтага, а менавіта ў лістападзе 1939 года, пачалося стварэнне чатырох дывізій пяхоты, танкавай брыгады, чатырох знішчальных авіядывізіёнаў і некалькіх бамбардзіровачных. Калі казаць пра пяхоту, то 1-ю дывізію грэнадзёраў пачалі фарміраваць ужо 13 лістапада са складу польскіх жаўнераў, якія прыязджалі ў Францыю з Венгрыі і Румыніі. Яе камандуючым быў прызначаны генерал Станіслаў Мачак. У другой палове красавіка 1940 года 1-ю дывізію грэнадзёраў перакінулі ў прыфрантавую зону ў Латарынгіі. На момант нападу Германіі на Францыю ў дывізіі было 16165 чалавек.
2-ю польскую пяхотную дывізію фарміраваў брыгадны генерал Браніслаў Пругар-Кетлінг. У маі 1940-га яе накіравалі ў распараджэнне 3-й французскай арміі. Камандзірам 3-й дывізіі быў палкоўнік Тадэвуш Зелянеўскі. Першапачаткова планавалася яе выкарыстоўваць для барацьбы з паветранымі дэсантамі немцаў, але пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. 4-й пяхотнай дывізіяй Войска Польскага ў Францыі камандаваў генерал Рудольф Дрэшар, яна налічвала каля 3 тысяч жаўнераў. Дарэчы, яшчэ 30 снежня 1939 года ў Сірыі (у мястэчку Хомс) пачала фарміравацца Брыгада карпацкіх стральцоў, якой камандаваў палкоўнік Станіслаў Капаньскі.
На падставе загаду галоўнакамандуючага Войска Польскага ад 9 лютага 1940 года на тэрыторыі Францыі пачала фарміравацца элітная Брыгада падхалянскіх стральцоў. Яе камандуючым стаў палкоўнік Сігізмунд Багуш-Шышка. У складзе брыгады было тры батальёны, арганізаваныя па ўзору французскіх альпійскіх стральцоў. Рыштунак і ўзбраенне брыгады былі на той момант самымі сучаснымі.
Сярод падхалян быў і ўраджэнец Брэста, былы супрацоўнік польскай Дзяржаўнай паліцыі Казімір Шостак. У верасні 1939 года яму разам з іншымі калегамі ўдалося эвакуявацца ў Румынію, а адтуль дабрацца да Францыі. Прафесійны паліцэйскі, які добра ведаў вайсковую справу, хутка апрануў на сябе мундзір падхалянскіх стралкоў. Французскае вайсковае камандаванне планавала ўключыць менавіта Падхалянскую брыгаду ў склад Французскага экспедыцыйнага корпусу, які накіроўваўся на Карэльскі перашыек, дзе ішлі кровапралітныя баі паміж фінамі і Чырвонай Арміяй.
Адпомсціць Сталіну ў Фінляндыі
30 лістапада 1939 года Савецкі Саюз напаў на Фінляндыю. Савецкае войска пачало наступ на тэрыторыі ад Фінскага заліва да Баранцава мора. Аднак хутка ў Маскве даведаліся пра французскія планы арганізацыі вайсковай дапамогі фінам. Сітуацыя пагаршалася яшчэ і тым, што шматлікія ваеннапалонныя польскага войска, якія пасля верасня 1939-га апынуліся ў руках НКУС, у сваіх размовах выказваліся ў падтрымку Фінляндыі.
Так, у палітданясенні, адпраўленым у Маскву з лагера ў Казельску ў лютым 1940 года, у прыватнасці, адзначалася, што «нягледзячы на тлумачальную працу сярод ваеннапалонных, мелі месца шэраг нездаровых настрояў, якія перарасталі ў адмоўныя з’явы. Падчас правядзення гутарак палітынструктарамі (адказы на пытанні) сярод іншых пытанняў задаваліся такія, як, напрыклад: «Калі вы (г.зн. СССР) не праводзіце агрэсіўнай палітыкі, то чаму ваюеце з Фінляндыяй?», або «Чаму такая вялікая краіна так доўга ваюе з такой маленькай дзяржавай, як Фінляндыя?»
Акрамя гэтага, польскія зняволеныя рыхтавалі ўцёкі з лагераў, каб дабрацца да Фінляндыі і паквітацца з бальшавікамі за «17 верасня». Вось вытрымка з аднаго са спецпаведамленняў НКУС: «За апошні час сярод ваеннапалонных Асташкаўскага лагера адзначаны шэраг фактаў аб намеры бегчы з лагера. У мэтах ажыццяўлення намераў у вузкіх колах абмяркоўваюцца планы і спосабы ўцёкаў. Так, ваеннапалонны, былы камендант павятовай паліцыі Мінскі Ігнат Сцяпанавіч, сярод групы афіцэраў казаў: «Ад возера Селігер, дзе мы знаходзімся, да фінляндскай і латвійскай мяжы налічваецца 300 кіламетраў. Несумненна, бегчы лепш у Фінляндыю. Яна ваюе з Савецкім Саюзам, і калі мы з’явімся на тэрыторыі Фінляндыі, тым больш як афіцэры, нас фіны не выдадуць, а наадварот, прымуць у сваё войска».
Падобныя настроі былі і сярод ваеннапалонных былога чэхаславацкага легіёну Войска Польскага. Вось што пісаў у адной з дакладных запісак у снежні 1939 года начальнік другога аддзела ўпраўлення НКУС СССР па справах ваеннапалонных лейтэнант дзяржбяспекі Іван Маклярскі: «Сярод чэхаславацкіх легіянераў былога польскага войска адзначаюцца намеры прабрацца нелегальна праз літоўскую або румынскую межы ў Фінляндыю, з тым, каб уступіць у шэрагі белафінскай арміі».
З’яўленне на савецка-фінскім фронце добра ўзброенай і падрыхтаванай польскай пяхотнай брыгады магло пераламаць ход падзей не на карысць Чырвонай Арміі. Гэты факт, хутчэй за ўсё, аказаў свой уплыў на рашэнне савецкага кіраўніцтва аб ліквідацыі значнай колькасці польскіх ваеннапалонных, якія змяшчаліся на тэрыторыі СССР.
Усе гэтыя афіцэры Войска Польскага, паліцэйскія, супрацоўнікі Корпусу аховы памежжа жадалі як мага хутчэй вярнуцца на фронт і змагацца за сваю Радзіму. Аднак у Маскве добра разумелі, што «антысаветызм» гэтых людзей зашкальвае. Рашэнне аб знішчэнні часткі польскіх ваеннапалонных было прынята 5 сакавіка 1940 года, а праз тыдзень скончылася кровапралітная савецка-фінская вайна.
Эпілог
Ужо 8 мая 1940 года брыгада Падхалянскіх стралкоў была перакінутая ў Нарвегію, дзе прыняла ўдзел у бітве за Нарвік, аднак праз месяц, з-за кепскага становішча на французска-нямецкім фронце, польскую спецбрыгаду вярнулі ў Брэтань і кінулі на самы цяжкі ўчастак фронту, у выніку чаго гэтая баявая адзінка панесла значныя страты.
У адным з баёў быў цяжка паранены і былы брэсцкі паліцэйскі Казімір Шостак. Яму разам з іншымі жаўнерамі ўдалося эвакуявацца на брытанскія астравы. 21 ліпеня 1940 года галоўнакамандуючы Войскам Польскім генерал Уладзіслаў Андэрс узнагародзіў брыгаду ордэнам «Віртуці Мілітары» 5-й ступені. Праз месяц брыгаду распусцілі, а з яе жаўнераў сфарміравалі батальён падхалянскіх стральцоў, які прымаў удзел у баявых дзеяннях супраць нацыстаў у складзе брытанскіх войскаў. Казімір Шостак быў неаднойчы ўзнагароджаны польскімі і англійскімі вайсковымі медалямі, а пасля вайны застаўся ў Вялікабрытаніі.
Большасць з выжыўшых у савецкім палоне вайскоўцаў Войска Польскага ўжо ў 1941 годзе ўступілі ў армію генерала Андэрса і папоўнілі шэрагі салдат антыгітлераўскай кааліцыі. Прайшоўшы ўсе жахі палону, яны сталі сведкамі злачынстваў бесчалавечнай сталінскай сістэмы.