Гісторыя сацыяльнага супрацьстаяння: чырвоны і белы тэрор у Беларусі

У верасні 1918 года ў Савецкай Расіі быў абвешчаны «чырвоны тэрор». У свой час у яго падтрымку ладзілі мітынгі, потым — замоўчвалі. А цяпер падзеі грамадзянскай вайны абрастаюць новай міфалогіяй.

Абезгалоўленыя трупы ў Капаткевічах. Фота: vk.com

Абезгалоўленыя трупы ў Капаткевічах. Фота: vk.com

Радыкальная варта

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі новая ўлада, аснову якой склала кааліцыя савецкіх партый —сацыял-дэмакратаў-бальшавікоў і левых эсэраў, пры ўдзеле анархістаў і шэрагу іншых левых груп, — сутыкнулася з непрыманнем часткі грамадства. Частка інтэлігенцыі і рабочых, чыноўнікі і афіцэры называлі іх «узурпатарамі». Бальшавікі і левыя сацыялісты ганьбілі сваіх праціўнікаў як контррэвалюцыянераў. Зрэшты, многія з тых настойвалі, што яны таксама «за рэвалюцыю», толькі арыентуюцца на дэмакратычныя каштоўнасці Лютаўскай рэвалюцыі.
Магчыма, па гэтай або іншых прычынах, але ў першыя месяцы савецкай улады яе палітыка ў дачыненні да сваіх праціўнікаў была вельмі ліберальнай. Юнкераў і афіцэраў, якія расстралялі ў ходзе кастрычніцкіх падзей у Маскве трыста салдат з гарнізона Крамля, адпусцілі пад слова «не ваяваць больш з рабочымі і сялянамі». Афіцэрам пакінулі нават халодную зброю.
У Беларусі дэмакратызм ранніх Саветаў быў яшчэ большым. У лік іх дэпутатаў уваходзілі не толькі прадстаўнікі РСДРП(б) і левых эсэраў, але і Беларускай Сацыялістычнай Грамады, Бунда і іншых левых яўрэйскіх партый, а таксама анархістаў-камуністаў. Пры гэтым значная частка распарадчых функцый усё яшчэ знаходзілася ў руках гарадскіх Дум і земскіх упраў. Напрыклад, у Гомелі пасля пераходу ўлады да шматпартыйнага Савета арыштаў або расстрэлаў практычна не было. Характэрна, што ўжо на трэці дзень пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі III з'езд Саветаў адмяніў смяротнае пакаранне.
Аднак рознага роду эксцэсы не былі рэдкасцю. 3 снежня 1917 года ў Магілёве матросы і салдаты літаральна разарвалі выконваючага абавязкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерала Мікалая Духоніна. Здараліся стыхійныя расправы над афіцэрамі і былымі паліцэйскімі.
Насельніцтва тады пакутавала, хутчэй, не ад новай улады, а ад яе адсутнасці. Краіну запаланяла крымінальная злачыннасць, а банды ўзброеных дэзерціраў, якія самавольна здымаліся з фронту цэлымі цягнікамі, гультавалі на станцыях беларускіх гарадоў і мястэчак. З прычыны неэфектыўнасці міліцыі са злоўленымі злачынцамі ўсё часцей распраўляліся самасудам.
Пры гэтым ніякага сур’ёзнага супраціву «рабоча-сялянскаму праўленню» не было. Першы час большасць «суб’ектаў гаспадаркі» заставалася ў прыватных руках — акрамя зямлі, якую сяляне шмат у чым стыхійна пачалі захопліваць. Але нешматлікія дэмаралізаваныя памешчыкі, пазбавіўшыся абароны манархічнай дзяржавы і «чорнай сотні», ніякага супраціву аказаць не маглі. Гарадская ж буржуазія, хоць і вельмі незадаволеная «рабочым кантролем», пакуль яшчэ чакала.
Асноўныя надзеі памяркоўнымі праціўнікамі бальшавікоў ускладаліся на Устаноўчы сход. Але быў і радыкальны антыбальшавіцкі лагер. 1 студзеня 1918 года ў Петраградзе была абстраляная машына з кіраўніком савецкага ўрада Уладзімірам Ульянавым-Леніным. Арганізатарамі замаху былі міністры Часовага ўрада і чальцы партыі кадэтаў князь Дзмітрый Шахоўскі і Мікалай Някрасаў. Незадоўга да гэтага кадэты былі абвешчаныя па-за законам — як «правадыры грамадзянскай вайны супраць народа». І тады 7 студзеня 1918 года адбыўся першы гучны акт «чырвонага тэрору» — у выніку самасуду балтыйскіх матросаў былі забітыя экс-міністр Часовага ўрада Андрэй Шынгароў і дэпутат Устаноўчага сходу Фёдар Какошкін. У турэмны шпіталь, дзе ўтрымліваліся гэтыя арыштаваныя, матросы прыйшлі пад выглядам «змены варты». Какошкін быў чальцом ЦК партыі кадэтаў, Шынгароў выйшаў з яе летам 1917 года, пратэстуючы супраць аўтаноміі Украіны.

Фёдар Какошкін, фота: Вікіпедыя

Фёдар Какошкін, фота: Вікіпедыя

Андрэй Шынгароў. Фота: Вікіпедыя

Андрэй Шынгароў. Фота: Вікіпедыя

Левыя эсэры, якія ўзначальвалі Наркамат юстыцыі і ўваходзілі ў ВЧК, выступілі з патрабаваннем расследаваць гэтае забойства, бальшавікі былі вымушаныя пагадзіцца. Некалькі ўдзельнікаў расправы былі арыштаваныя, але астатніх флоцкія экіпажы адмовіліся выдаваць уладам. Характэрна, што гэтая — адна з першых ініцыятыў «чырвонага тэрору», — як і многія іншыя, зыходзіла ад анархісцкіх элементаў. Частка забойцаў Шынгарова і Какошкіна належалі да анархісцкага атрада знакамітага матроса Анатоля Жалезнякова. Менавіта анархісты-камуністы, якія абапіраліся на стомленых ад вайны салдат і матросаў, радыкальна настроеных рабочых, беспрацоўных, а месцамі і крыміналізаваны люмпен-пралетарыят, выступалі тады з крытыкай бальшавікоў за «занадта мяккае» стаўленне да буржуазіі і «былых».

ktr3.jpg

        Анатоль Жалезнякоў
Прыкладна тое ж было і ў Беларусі. Напрыклад, у Гомелі салдацкая маса на чале з прыхільнікамі безуладдзя ледзь не разграміла гарадскі Савет рабочых дэпутатаў, — а адначасова і прыватныя крамы на цэнтральных вуліцах, — за «згодніцтва з буржуазіяй» яшчэ ў жніўні 1917 года.
6 студзеня бальшавікі і анархісты разагналі недастаткова радыкальны, на іх думку, Устаноўчы сход. Пры гэтым пераважную большасць дэпутатаў Устаноўчага сходу складалі сацыялісты розных плыняў. Неўзабаве дэпутаты Устаноўчага сходу, якія збеглі на Волгу, утварылі там свой Камітэт («Комуч») і пачалі вайну супраць Саўнаркама.

Чырвоная кроў

У сваю чаргу, збеглыя з Беларусі ад нямецкага наступу савецкія дзеячы з рэаліямі Грамадзянскай вайны сутыкнуліся менавіта ў цэнтры Расіі. Знакаміты гомельскі бальшавік Мендэль Хатаевіч быў заспеты мяцежом белачэхаў з Самары, паранены і моцна збіты пры арышце. Многія аказаліся ў знакамітым калчакаўскім «цягніку смерці», пра які пакінулі сведчанні прадстаўнікі амерыканскай місіі Чырвонага Крыжа. У 1918 годзе ў Сібіры белымі быў забіты левы эсэр з Магілёва Ісаак Брыльён, які ў 1905 годзе няўдала замахваўся на Магілёўскага губернатара Клінгенберга.
Па злой іроніі гісторыі, неўзабаве пасля перамогі рэвалюцыі эсэры сталі займацца індывідуальным тэрорам супраць бальшавікоў.
30 жніўня 1918 года ў Маскве на заводзе Міхельсона трыма стрэламі быў цяжка паранены старшыня Саўнаркама Уладзімір Ленін. Нягледзячы на тое, што ў гэты ж дзень у Петраградзе быў забіты старшыня ЧК Майсей Урыцкі, кіраўнік Саўнаркама выступаў на заводзе практычна без аховы. Фані Каплан, якая здзейсніла замах, па адной з версій — ураджэнка беларускай Рэчыцы, па другой — Валынскай губерні. У мінулым — паліткатаржанка і анархістка, у 1917 годзе далучылася да эсэраў. На допыце Каплан паказала: яна страляла ў Леніна як у «ворага рэвалюцыі». Зрэшты, партыя эсэраў так ніколі і не ўзяла на сябе адказнасці за гэты замах.У савецкі час была папулярная легенда, што Ленін памілаваў Каплан. На самай справе Фейга-Фані Каплан-Ройтблат (у перакладзе з ідыш — «чырвоная кроў») была расстраляная ў двары Крамля яго камендантам матросам Паўлам Мальковым, цела спалілі тут жа. Магчыма, у аснову легенды пра памілаванне ляглі іншыя факты — арганізатар першага замаху на «правадыра сусветнага пралетарыяту» кадэт Мікалай Някрасаў быў арыштаваны ВЧК ў 1921 годзе, але адпушчаны на волю пасля асабістай гутаркі з Леніным. А арганізатары замаху на заводзе Міхельсона, — былыя анархісты, а потым эсэры Рыгор Сямёнаў і Лідзія Канаплёва — працягнулі займацца нелегальнай дзейнасцю (уключаючы дыверсійна-тэрарыстычную), але ўжо па лініі ВЧК-АГПУ і Выведупраўлення РККА.

Фані Каплан

Фані Каплан

Закладнікі грамадзянскай вайны

На гэтыя тэрарыстычныя акты Саўнаркам вырашыў адказаць «чырвоным тэрорам», дэкрэт аб якім і быў апублікаваны 5 верасня 1918 года. Смяротнае пакаранне была адноўлена яшчэ ў чэрвені.
«Чырвоны тэрор» — гэта не проста расстрэлы абвінавачаных у контррэвалюцыі, але і практыка ўзяцця закладнікаў. Бальшавікі шмат у чым капіявалі досвед Вялікай Французскай буржуазнай рэвалюцыі. Рэвалюцыйная буржуазія Францыі для прадухілення індывідуальнага «белага тэрору» і падаўлення паўстання ў Вандэі брала ў закладнікі дваран і святароў, быў нават выдадзены «Закон аб закладніках». У гады Першай Сусветнай вайны немцы бралі закладнікаў у Францыі і Бельгіі, а царскія ўлады — габрэяў, украінцаў, палякаў і немцаў, уключаючы ўласных падданых. ВЧК ж арыштоўвала як закладнікаў прадстаўнікоў «варожых класаў», у выпадку контррэвалюцыйных выступаў яны падлягалі расстрэлу. Зразумела, ва ўмовах бескантрольнасці на месцах усё гэта суправаджалася самым рознымі злоўжываннямі і злачынствамі — нават па мерках таго часу. Асабліва адзначаліся павятовыя ЧК, у якіх было менш ідэйных членаў партыі, але дастаткова — авантурыстаў.
У вузкім сэнсе гэтага слова «чырвоны тэрор» працягваўся роўна два месяцы, паколькі ўжо 6 лістапада 1918 года была выдадзена пастанова аб яго спыненні. У шырокім сэнсе многія называюць «чырвоным тэрорам» усю палітыку бальшавікоў, накіраваную на падаўленне сваіх супернікаў у гады Грамадзянскай вайны, і не толькі.

У кругавароце гвалту

У пачатку 1919 года немцы сталі пакідаць Беларусь, а ў беларускія гарады прыходзіла Чырвоная Армія. Улада зноў пераходзіла да Саветаў, але гэтым разам — больш намінальна. На піку Грамадзянскай вайны былая сацыялістычная шматпартыйнасць хутка згортвалася, скукожвалася як шчыгрынавая скура. Праўда, рабочыя Мінска, Гомеля ці Магілёва яшчэ абіралі на сваіх адкрытых фабрычных сходах дэпутатаў з меншавікоў, бундаўцаў або анархістаў. Але цяпер усім кіравалі камітэты РКП(б). Калі агітацыя за партыю камуністаў-бальшавікоў сярод несвядомых пралетарыяў і сялян прабуксоўвала, то ім заўсёды дапамагала ЧК.
З іншага боку, вакол віраваў крымінальны бандытызм, а антыбальшавіцкія выступы суправаджаліся жорсткімі карамі савецкіх дзеячаў і габрэйскімі пагромамі. У сакавіку 1919 года ў Гомелі ўспыхнуў «стракапытаўскі мяцеж», падчас якога кіраўнікі горада былі літаральна разадраныя, а значная частка насельніцтва падвергнулася рабаванню і гвалту. У адказ Гомельская ЧК і Рэўтрыбунал Заходняга фронту расстралялі 158 удзельнікаў бунту і крымінальных злачынцаў.
Улетку 1919 года сітуацыя абвастрылася яшчэ больш. З Захаду беларускую тэрыторыю захапілі польскія легіёны, з Поўдня наступала армія Дзянікіна, унутры палыхалі шматлікія паўстанні. І рэпрэсіўны механізм працаваў без перапынкаў. Архіўныя дакументы сведчаць, што з-за адвольных арыштаў заставаліся без спецыялістаў цэлыя арганізацыі. Партыйныя камітэты запатрабавалі ад мясцовых ЧК, каб камуністаў не арыштоўвалі без іх згоды. У перапісцы савецкіх органаў Гомеля гаворыцца пра неабходнасць больш старанна закопваць трупы расстраляных — сабакі расцягвалі па горадзе часткі целаў, што прыводзіла жыхароў у жах.
У 1922 годзе, адзначаючы 5-гадовы юбілей ВЧК-ГПУ на ўрачыстым сходзе ў Гомелі зачытвалі справаздачу: «Нумар шэсць. 21 снежня 1918 года ў Магілёве раскрытая буйная арганізацыя па перапраўцы за мяжу зброі і выбуховых рэчываў. Па справе расстраляна 13 чалавек.... Нумар сем. 30 снежня 1918 года ў прадмесці Лупалава Магілёва раскрытая арганізацыя бандытаў «Чорная маска», расстраляна 8 чалавек... Нумар адзінаццаць. 17 жніўня 1919 года ў сувязі з надыходзячай хваляй белагвардзейскіх разбойнікаў Магілёўскай павятовай ЧК былі заключаны ў турму закладнікі з мясцовай буржуазіі, кадэцкай партыі і рэлігійных таварыстваў – 17 чалавек... Нумар чатырнаццаць. 17 ліпеня 1919 года за п’янства і безгаспадарнасць арыштаваны старшыня Клімавіцкай УЧК Фільчанка, члены калегіі Новікаў і Лісаў, якія ўтрымліваліся ў Маскоўскай Бутырцы... Нумар чатырнаццаць. 9 жніўня 1919 года задушана паўстанне дэзерціраў і бандытаў у Чавускім павеце, у якім прымала ўдзел да 1200 чалавек. Па справе расстраляна 18 чалавек... Нумар сямнаццаць. 18 красавіка 1920 года ліквідавана кулацкае паўстанне ў Мглінскім павеце. Па справе было арыштавана да 200 чалавек. З іх аддадзена суду 60 чалавек, расстраляна 8 чалавек…»
Апошнім у гэтым спісе за нумарам 25 значыцца разгром у Горацкім павеце арганізацыі Савінкава «Народны саюз абароны Радзімы і свабоды» і атрада баевікоў пад камандай Пруднікава. На суд было выведзена 32 чалавекі, з іх 8 былі расстраляныя, 19 асуджана да розных тэрмінаў турэмнага зняволення, 5 чалавек — вызвалена.
Усяго па даных, прыведзеных у гэтай справаздачы, на тэрыторыі Гомельшчыны і Магілёўшчыны ў 1917—1922 гадах было расстраляна па рашэнні тэрытарыяльных ЧК і па прысудах ваенных трыбуналаў 290 чалавек. Безумоўна, гэтая статыстыка далёка няпоўная. Існавалі і іншыя карныя органы — транспартныя ЧК, «асаблівыя аддзелы» і гэтак далей. Былі і расстрэлы на месцы, напрыклад, за бандытызм.
Неўзабаве арышты і прысуды невінаватым, выпадкі рабаванняў пад выглядам ператрусаў, як і пранікненне ў савецкія карныя органы напаўкрымінальных элементаў пачалі сур’ёзна турбаваць бальшавіцкіх кіраўнікоў. Тым больш, што такога кшталту выпадкі ўсё часцей былі прычынай антысавецкіх паўстанняў і выступленняў. Ужо ў 1919 годзе былі ліквідаваныя павятовыя ЧК, якія выклікалі самыя моцныя нараканні.
А ў 1922 годзе, з завяршэннем Грамадзянскай вайны, пастановай УЦВК саветаў ВЧК наогул было скасавана. Замест надзвычайнага органа па пазасудовым падаўленні ўсіх праціўнікаў была створаная быццам бы звычайная палітычная паліцыя — ГПУ. Толькі, у адрозненне ад буржуазных спецслужбаў, закліканая абараняць «уладу працоўных». Зрэшты, на некаторы час ліквідацыя ВЧК выклікала пэўную блытаніну. На месцах спрабавалі самастойна асэнсаваць тое, што адбываецца. Так, у лютым 1922 года на пасяджэнні Гомельскага губкама РКП(б) была прынятая такая пастанова: «Лічыць, што пастанова УЦВК аб скасаванні ЧК не азначае толькі перамены шыльды, а карэнную рэарганізацыю працы ў сэнсе прыстасавання да новай абстаноўкі ў бок найбольшага ўзмацнення барацьбы з палітычнымі контррэвалюцыйнымі групоўкамі».
Адначасова адбываліся кардынальныя чысткі: толькі ў Гомельскім ГубЧК з 231 быў звольнены 71 супрацоўнік, з іх — 20 партыйных. Пры гэтым менавіта ў структурах ЧК служыла больш за ўсё былых баевікоў з ліку эсэраў, анархістаў, максімалістаў і гэтак далей. А ў Магілёўскай УЧК «вычысцілі» супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй — дваран.
Урачысты даклад у Гомельскім ГПУ з нагоды пяцігадовага юбілею заканчваўся наступным чынам: «Чырвоны тэрор быў суровы, але ён выратаваў рэвалюцыю ад разгулу белага тэрору...»

«Рыцары ў белых вопратках...»

А якім ён быў, белы тэрор у Беларусі? Калі пры бальшавіках больш пакутавалі прадстаўнікі нядаўна пануючага класа, то пры «белых» — рабочыя і сялянскія актывісты і левая інтэлігенцыя. У асаблівай групе рызыкі знаходзіліся габрэі. Антысемітызм быў асаблівым мабілізуючым фактарам ва ўмовах тагачаснай Беларусі, дзе габрэі складалі палову і больш насельніцтва гарадоў і мястэчак, а «Саюз рускага народа» і іншыя чарнасоценцы — здаўна распальвалі пагромныя настроі. У перыяд Грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ўсіх габрэяў агульна абвінавачвалі ў «бальшавізме».
Першапачаткова немцам і гетманцам, якія акупавалі Беларусь у 1918 годзе, было далёка да контрвыведкі Калчака і Дзянікіна або зверстваў з’ехаўшых з глузду атаманаў тыпу Аненкава. Але арышты і пакаранні тых, хто супраціўляўся германскім рэквізіцыям, праводзіліся рэгулярна. Так, у 1918-м акупанты расстралялі ў Качарыцы Бабруйскага павета 200 беларускіх сялян, у Слуцку — 62 чалавекі. У жніўні 1918 года ў Горвале былі публічна павешаны ўдзельнікі партызанскага атрада.

Расстрэл беларускіх сялян акупантамі

Расстрэл беларускіх сялян акупантамі

Затым нямецкую акупацыю змяніла польская інтэрвенцыя. 5 сакавіка 1919 года польскія войскі пад камандаваннем генерала Лістоўскага занялі Пінск. Неўзабаве была расстраляная частка служачых шпіталя, а затым, без суда і следства — 33 габрэя, нібыта прыхільнікі «бальшавізму». Сярод расстраляных на галоўнай гарадской плошчы Пінска быў рэдактар габрэйскай газеты Арон Глойберман, настаўнік Давід Машкоўскі і проста падлеткі. У 1999 годзе на гэтым месцы ўсталяваны памятны знак. У красавіку 1919 года ў Лідзе было забіта 35 габрэяў. Гэтыя даныя прыводзяцца ў дакладзе Камісіі МЗС Вялікабрытаніі пад кіраўніцтвам С. Сэмюэля.

Польскія салдаты і беларускія сяляне

Польскія салдаты і беларускія сяляне

У верасні 1919 года ў Бабруйску была забітая сям’я Геклераў з 9 чалавек — за партрэт Карла Маркса, знойдзены пры ператрусе. Стан трупаў пры эксгумацыі вызначыў, што частка з іх былі закапаныя яшчэ жывымі.
Стаць ахвярай «белага тэрору» можна было нават за сяброўства ў прафсаюзе. 13 траўня 1919 года ў вёсцы Кашкевічы Віленскага павета польскімі афіцэрамі быў забіты Ісаак Данішэўскі — толькі за тое, што ў яго знайшлі картку прафсаюза металістаў.
Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага руху, прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч, які арыентаваўся на падтрымку Юзафа Пілсудскага, тым не менш прыводзіў у сваіх успамінах такі факт. Калі дэлегацыя беларускіх арганізацый на чале з Вацлавам Ластоўскім заявіла генералу Шаптыцкаму, што спальванне вёсак пагражае голадам усяму краю, той ляснуў кулаком па стале і заявіў, што ў выпадку неабходнасці гатовы спаліць усю Беларусь.
І пры нямецкай, і польскай акупацыі значная частка арыштаваных накіроўвалася ў канцлагеры і прымусовыя працы ў Беларусі (Брэсцкая, Бабруйскія крэпасці), так і за яе межы.
Па даных Габрэйскага грамадскага камітэту, пры адступленні інтэрвентаў у 1920 годзе ў 6 паветах БССР толькі габрэяў 350 тысяч чалавек стала ахвярамі рабаванняў і гвалту.
З поўдня да Беларусі падступілі яшчэ адны «вызваліцелі». Улетку 1919 года Гомель быў перапоўнены бежанцамі з Украіны. І сапраўды, было ад чаго бегчы: пасля заняцця Кіева арміяй расійскіх нацыяналістаў пад камандаваннем Дзянікіна у жніўні 1919 года ў горадзе разгарнулася чыстка. Для самасуду або арышту дастаткова было найменшага падазрэння, або проста — габрэйскай знешнасці. Жонцы камісара Агеева, які сапраўды пакінуў пра сябе добрую памяць, адсеклі рукі, потым — дабілі.
Гісторык Мікалай Палетыка, у будучыні — прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, так апісваў тое, што адбывалася ў тыя дні: «Усім дамавым камітэтам і кватэрагаспадарам было загадана неадкладна паведамляць пра кватарантаў, якія заехалі напрацягу апошняга месяца. Пачалася эпідэмія даносаў. Сотні ні ў чым не вінаватых людзей штодня зганяліся на праверку ў турму контрвыведкі. Допыт іх рабіўся з прыхільнасцю: грубае абыходжанне, здзекі, пабоі, катаванні, гвалт над арыштаванымі жанчынамі. Многія “падазроныя” не дажылі да наступнага дня. Разгрузка турмаў таксама выраблялася без асаблівай цяганіны. У штабе генерала Глазеніна ліквідавалі “падазроных” толькі па адной прыкмеце: “жыд”. “Вінаватага” неадкладна пускалі ў расход. Такім шляхам толькі па афіцыйных падліках Добрарміі знішчана 2000 “камуністаў” і “тых, хто спачувае”. Кіяўляне зводзілі рахункі са сваімі ворагамі — і габрэямі, і хрысціянамі».
Далейшае прасоўванне арміі «адзінай і непадзельнай Расіі» на Маскву і Гомель было спынена РККА і дзеяннямі ўкраінскіх партызанскіх атрадаў у яе тыле, якія арыентаваліся як на УНР, так і на Нестара Махно.У пачатку 20-х гадоў бічам габрэйскага насельніцтва Беларусі сталі атрады Савінкава і розных атаманаў. У некаторых мястэчках габрэі выразаліся практычна пагалоўна, жанчын пры гэтым гвалтавалі, маёмасць — рабавалі. Толькі ў Камаровіцкай воласці Мазырскага павета бандытамі было выразана ўсё габрэйскае насельніцтва — 84 чалавекі, і знішчана 96 беларускіх сялянскіх сем’яў. 10 чэрвеня 1921 года ў Капаткевічах антысемітамі было забіта 175 чалавек, у тым ліку 50 дзяцей. Многія трупы былі жорстка знявечаныя, мужчынам адрэзалі палавыя органы, жанчынам — грудзі. У Гарадзяцічах было абезгалоўлена 55 дзяцей. Паводле сведчанняў відавочцаў, частка пагромшчыкаў знаходзілася пад уздзеяннем морфія і какаіну.Па даных Наркамата сацыяльнага забеспячэння, у 1921 годзе ў БССР было забіта пагромшчыкамі 1700 чалавек, 1250 жанчын — згвалтавана.

Ахвяры пагромаў на Гомельшчыне

Ахвяры пагромаў на Гомельшчыне


***

Узаемны тэрор у гады Грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі меў мноства прычын. Сёння некаторыя даследчыкі кажуць, што шмат у чым механізм гвалту быў запушчаны Першай Сусветнай вайной. Калі б рэвалюцыя (або дэмакратычныя рэформы) здарыліся да яе пачатку, такой колькасці ахвяр або нават самой Грамадзянскай вайны, магчыма, удалося б пазбегнуць.
Але, безумоўна, глыбокія праблемы і супярэчнасці, што стагоддзямі назапашваліся, і якія не знаходзілі вырашэння пад ціскам расійскай манархіі і алігархіі, выклікалі непазбежны і каласальны сацыяльны выбух з усімі яго трагічнымі наступствамі.