БагатаДата 29 чэрвеня — 5 ліпеня

Візіт Ніксана ў Мінск, 25-годдзе беларускага метро, а таксама іншыя круглыя даты і юбілеі ў нашым аглядзе.

bb00d56e870f9ffb2ea1c1d6c01ffa7b.jpg

29 чэрвеня

1984. Запрацаваў Мінскі метрапалітэн. Больш «падземкі» нідзе ў Беларусі няма. Мінск стаў дзявятым горадам у былым СССР, дзе з’явілася метро. Яго будавалі толькі ў савецкіх гарадах-мільённіках. Мільён жыхароў стаў пражываць у сталіцы БССР у 1972 годзе, а ў 1974-м быў зацверджаны план будаўніцтва метро. Цягнікі запусцілі ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры» ў гэты дзень 35 гадоў таму, але толькі для правадыроў рэспублікі. Для астатняга народа метрапалітэн адчыніўся на дзень пазней. Сёння Мінскі метрапалітэн складаецца з 29 станцыяў на дзвюх лініях. Будуецца трэцяя.

81_717_10315.jpg

30 чэрвеня

2014. Памёр акцёр Купалаўскага тэатра Сяргей Краўчанка. Ролі: Данілка («Раскіданае гняздо»), Мядзведзенка («Чайка»), Тэзей («Сон у чарадзейную ноч пасярэдзіне лета»), Дункан («Макбет»).

1 ліпеня

1974. Мінск упершыню наведаў прэзідэнт ЗША — Рычард Ніксан. Гэта адбылося падчас турнэ ў Савецкі Саюз. Ніксан разам з Леанідам Брэжневым завітаў сюды пасля Крыму. Цікава, што ў Мінску Ніксан пабыў незадоўга да сваёй адстаўкі праз палітычны скандал «Уотэргейт». З нагоды 30-годдзя вызвалення Мінска і Беларусі ад фашыстаў амерыканскі прэзідэнт усклаў вянок на плошчы Перамогі і наведаў мемарыяльны комплекс «Хатынь».


2 ліпеня

1909. У горадзе Дальнерэчанск расійскага Прыморскага краю нарадзіўся Ціхан Бумажкоў. Стаў камісарам аднаго з першых партызанскіх атрадаў у Беларусі падчас Другой сусветнай вайны — «Чырвоны Кастрычнік». Ён і камандзір атрада сталі першымі Героямі Савецкага Саюза сярод партызанаў. Вуліца імя Бумажкова ёсць у Мінску ды іншых гарадах Беларусі.


3 ліпеня

1944. Вызваленне Мінска Чырвонай Арміяй ад фашыстаў. Баі за горад пачаліся раніцай гэтага дня, а ў другой палове ён быў ужо цалкам вызвалены. У 1995 годзе паводле афіцыйных вынікаў ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму гэтая дата стала афіцыйным Днём незалежнасці.

Вызваленне Мінска 3 ліпеня 1944 года

Вызваленне Мінска 3 ліпеня 1944 года

1949. Нарадзіўся адзін з самых вядомых беларускіх шахматыстаў Віктар Купрэйчык. Гросмайстар Купрэйчык вядомы таксама тым, што ў 1997 го­дзе як дэлегат Алімпійскага сходу адзіны прагаласаваў супраць абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. У 2013 годзе імя Віктара Купрэйчыка было занесенае ў Залу славы Міжнароднай шахматнай федэрацыі.


4 ліпеня

1954. Быў адкрыты манумент Перамогі на аднайменнай плошчы ў цэнтры Мінска. Першапачаткова яго хацелі ўсталяваць на Кастрычніцкай плошчы, зрабіць вышэйшым на 10 метраў і з белага мармуру. У 1961 годзе каля манумента запалілі Вечны агонь.

6709744361_4c534b35fc_b.jpg


5 ліпеня

1789. У маёнтку Пырашава Уздзенскага раёна на Міншчыне нарадзіўся Фадзей (Тадэвуш) Булгарын, папулярны пры жыцці расійскі пісьменнік — заснавальнік жанру фантастычнага рамана, выдавец першага тэатральнага альманаха і першай прыватнай палітычнай і літаратурнай газеты ў Расіі «Паўночная пчала».

1969. У Лагойскім раёне на Міншчыне адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь». Створаны на знак памяці аб ахвярах спаленай 22 сакавіка 1943 года нацыстамі аднайменнай вёскі, а таксама шматлікіх іншых населеных пунктаў, знішчаных разам з іх жыхарамі.

Фота pushlib.org.by

Фота pushlib.org.by

Са спаленай Хатыні жывымі засталіся толькі двое дзяцей — іх, параненых ды абгарэлых, падабралі і вылечылі жыхары суседніх вёсак. Выжыў і адзін дарослы — Іосіф Камінскі, які сярод трупаў знайшоў цела свайго параненага сына: хлопчык памёр на ягоных руках. Гэты момант адлюстраваны ў знакамітай скульптурнай кампазіцыі ў мемарыяльным комплексе.

the_mound_of_glory.jpg


1969. Таксама ў гэты дзень і год быў адкрыты іншы мемарыяльны комплекс — «Курган Славы». Яго насыпалі ў гонар вайскоўцаў, што бралі ўдзел у аперацыі «Баграціён», у выніку якой была вызаленая Беларусь. Вышыня пагорка разам абеліскам на ім — 70 метраў. Штыкі на абеліску сімвалізуюць 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты, што вызвалялі Беларусь.