БагатаДата 28 сакавіка — 2 красавіка

На тыдні нарадзіўся чалавек, які фактычна стварыў беларускі кінематограф. Што яшчэ мы адзначым у гэтыя дні?

Марк Шагал. Стары і вёска

Марк Шагал. Стары і вёска


28 сакавіка

1925. У сяле Таццянаўка Томскай вобласці Расіі нарадзіўся савецкі акцёр з беларускімі каранямі Інакенцій Смактуноўскі (сапраўднае прозвішча — Смактуновіч). Прадзеда Смактуноўскага саслалі ў Сібір у 1861 годзе.

Фотв: ВД "Собеседник"

Фотв: ВД "Собеседник"

А прозвішча акцёр змяніў у другой палове 1940-х гадоў, калі служыў у тэатры ў Нарыльску. Гэта настойліва парэкамендаваў зрабіць тамтэйшы дырэктар: маўляў, прозвішча Смактуновіч выглядае на яўрэйскае.

1985. У французскім Сен-Поль-дэ-Вансе памёр славуты мастак родам з Віцебска Марк Шагал. Як і прадказала яму варажбітка, 97-гадовы Шагал пайшоў з жыцця ў палёце: падымаючыся на ліфце ў сваю майстэрню.


29 сакавіка

1900. У Маскве нарадзіўся адзін з заснавальнікаў беларускага кіно, кінарэжысёр Уладзімір Корш-Саблін. Быў асістэнтам галоўнага рэжысёра першага беларускага фільма «Лясная быль» Юрыя Тарыча. Зняў першы наш гукавы гульнявы фільм «Першы ўзвод». Працаваў мастацкім кіраўніком кінастудыі «Беларусьфільм» і першым сакратаром Саюза кінематаграфістаў БССР.


30 сакавіка

1940. У вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін. Творчы псеўданім — Алесь Мара.

Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

Быў галоўным мастаком Мастацкага фонду, выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў: загадваў кафедрай жывапісу. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастацкай суполкі «Пагоня».

Алесь Мара. Сляза Міндоўга

Алесь Мара. Сляза Міндоўга

Алесь Мара — ЗДАНІ (ПЕРАМОЖЦЫ)

Алесь Мара — ЗДАНІ (ПЕРАМОЖЦЫ)


31 сакавіка

1910. У маёнтку Аколіца-Рудава ў Браслаўскім раёне на Віцебшчыне нарадзіўся польскі паэт і крытык Юзаф Буйноўскі. Адзін з заснавальнікаў польскага ПЭН-цэнтру.


1 красавіка

Дзень смеху. А таксама Міжнародны дзень птушак.

1940. У Слуцку на Міншчыне нарадзіўся графік Уладзімір Басалыга. Пэўны час кіраваў Беларускім саюзам мастакоў.


2 красавіка

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Сусветны дзень распаўсюду інфармацыі аб праблеме аўтызму.