Журналістаў Лупача і Смоткіну выклікаюць у міліцыю
Яшчэ ўвечары 27 сакавіка незалежныя журналісты з Глыбокага
Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна атрымалі позвы з Шаркоўшчынскага
райаддзела міліцыі. Спачатку міліцыянты даслалі ім позвы
праз месенджары Viber і WhatsApp, а потым патэлефанавалі і яшчэ раз
запрасілі на так званую «гутарку» на 29 сакавіка.
Як вынікае з дасланых журналістам паведамленяў, ім трэба з'явіцца ў Шаркоўшчынскі РАУС у кабінет № 8. Яшчэ ўказаныя адрас, час і артыкул, які прадугледжвае адказнасць за няяўку. Больш ніякіх звестак у позве не было. Позву падпісаў старшы інспектар Шаркоўшчынскага аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Андрэй Курэц.
Журналістаў здзівілі такія непісьменныя позвы ад супрацоўніка міліцыі. Ніякіх дадатковых удакладненняў па тэлефоне таксама не было.
З аднаго боку, Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна па такіх позвах могуць і не ехаць у Шаркоўшчынскі РАУС. А з іншага — некаму ж трэба ўсё ж вучыць міліцыянтаў складаць дакументы правільна.
Юрыст і праваабаронца Павел Левінаў параіў журналістам таксама праз Viber і WhatsApp напісаць адпаведны зварот да міліцыянтаў з прапановай скласці позвы належным чынам. Бо, як кажа праваабаронца, дадзеныя дакументы не з’яўляюцца афіцыйнымі позвамі: з іх незразумела, у якасці каго, па якой справе, да каго і г. д. выклікае журналістаў старшы інспектар ААПП Шаркоўшчынскага РАУС Андрэй Курэц.
Не зразумела ў позве, і за які кошт трэба ехаць журналістам у Шаркоўшчынскі РАУС. Яшчэ абурае тое, што позва напісаная з граматычнымі памылкамі. У мяне ўзнікае сумнеў, ці пісаў яе сапраўды супрацоўнік міліцыі, куды адбіраюць самых лепшых, самых граматных і годных, — зазначае Павел Левінаў.
Незалежная журналістка Таццяна Смоткіна праз WhatsApp даслала ў адказ паведамленне, што яна гатовая з'явіцца ў міліцыю толькі па позве, напісанай належным чынам. Бо, як кажа Таццяна, такім дакументам міліцыянты не паважаюць ні сябе, ні журналістаў.
Зміцер Лупач прытрымліваецца такога ж меркавання. Ён намераны даслаць шаркоўшчынскім міліцыянтам спасылку на артыкул працэсуальнага кодэкса, дзе напісана, як павінна быць аформлена позва.
Паводле spring96.org