«Знешнепалітычныя паразы вельмі часта правакавалі развал недэмакратычных сістэм»
Аналітык Ігар Ільяш — пра тое, што чакае Беларусь пасля прыняцця сектаральных санкцый. Пра іх могуць абвясціць ужо заўтра, 21 чэрвеня.
Чакаецца, што на наступным тыдні ЕС абвесціць аб увядзенні беспрэцэдэнтных па сваіх маштабах санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, — піша Ігар Ільяш у сваім тэлеграм-канале. — Ніколі яшчэ Захад не рабіў гэткія рашучыя захады супраць дыктатуры — раней усё зводзілася пераважна да персанальных абмежаванняў, якія носяць сімвалічны характар. Цяпер жа ўпершыню гаворка ідзе пра сектаральныя санкцыі, якія закранаюць ключавыя галіны эканомікі. Калі ўсё так і адбудзецца, то ўзнікае пытанне: што ж будзе далей?
Я магу адназначна сказаць чаго не будзе: не будзе захавання статус-кво. Таму што для гэтага ў рэжыму няма рэсурсаў.
У кароткатэрміновай перспектыве (ад тыдня да месяца) варта чакаць альбо рэзкага ўсплёску тэрору, альбо тактычных саступак. У першым выпадку гаворка ідзе аб класічным сцэнары — «бамбаваць Варонеж»: Макей жа папярэджваў, што грамадзянская супольнасць можа быць ліквідавана ў выпадку прыняцця новых санкцый.
Вядома, з улікам апошняга года нялёгка ўявіць, як можна істотна павысіць градус тэрору — падавалася б, куды ўжо больш. Але на самай справе — можна. Напрыклад, сцэнар а-ля «стадыён Санцьяга» (нейкі імправізаваны канцлагер для іншадумцаў) у нас яшчэ не выкарыстоўваўся, і зусім не з-за гуманістычных меркаванняў. У другім выпадку (і такі сцэнар больш верагодны) гаворка ідзе пра вызваленне часткі палітвязняў.
Рабіцца гэта будзе абавязкова ў звязку з абмежавальнымі мерамі супраць заходняга бізнесу і працягам рэпрэсій у звыклым рытме. Сэнс просты: вызваленне вязняў павінна выглядаць не праявай слабасці, а актам добрай волі.
Першы варыянт не павінен палохаць: калі цяпер нічога не рабіць, то пры цяперашняй дынаміцы тэрору да паўнавартасных канцлагераў мы ўсё роўна хутка прыйдзем, гэта толькі пытанне часу. Другі варыянт не павінен ствараць ілюзій: ад палітыкі рэпрэсій Лукашэнкі цяпер адмаўляцца не стане. Але самае галоўнае, што ні адзін з гэтых варыянтаў не вырашыць праблемы рэжыму (першы і зусім пагоршыць яго становішча).
У доўгатэрміновай перспектыве (ад некалькіх месяцаў да паўтара года) магутныя заходнія санкцыі будуць адным з ключавых фактараў разбурэння рэжыму Лукашэнкі.
Існуе такі пункт гледжання: санкцыі нібыта нічога не вырашаюць, яны прыводзяць толькі да кансервацыі сістэмы або нават яе ўмацавання. Але ў рэчаіснасці гэты тэзіс будуецца на банальнай падмене кантэкстаў.
Зразумела, санкцыі — гэта не чароўная палачка, самі па сабе яны нічога змяніць не могуць. Гэта толькі фактар, які здольны прывесці да пераменаў толькі ва ўзаемадзеянні з іншымі элементамі. Дык вось у выпадку Беларусі ўмовы для паспяховага сінтэзу гэтых элементаў ёсць: рэжым знаходзіцца ў электаральнай прорве. Як бы не выдасканальвалася прапаганда, улада не зможа ператварыць супрацьстаянне з усім цывілізаваным светам у «народную вайну» — занадта вялікае адчужэнне паміж рэжымам і грамадствам.
Дастаткова ўспомніць, з якім скрыпам і пад якім ціскам прасоўвалі «прафсаюзны ліст» супраць санкцый. Нават для пасіўнай большасці санкцыі — гэта праблема выключна улады. І калі ўлада не зможа засцерагчы краіну ад гэтай праблемы, то гэта будзе сведчаннем толькі слабасці рэжыму, яго няздольнасць вырашаць элементарныя праблемы. Гэтая недзеяздольнасць — будзе сігналам для ўсіх.
Гэта значыць пагаршэнне эканамічнай сітуацыі можа стаць штуршком да мабілізацыі пратэстнага электарату. Насуперак прапагандзе, гэта не мае нічога агульнага з так званымі «галоднымі бунтамі», таму што гаворка ідзе не пра змену электаральнай сітуацыі.
Чаму ў жніўні-кастрычніку людзі масава ішлі пад кулі і гранаты, а цяпер не ідуць? Таму што мінулым летам была вера ў тое, што менавіта цяпер можна ўсё змяніць, а значыць рызыка апраўданая. Няздольнасць справіцца з эканамічнымі наступствамі санкцый як раз і можа стварыць адчуванне, што ўлада захісталася, з’явіўся шанец на перамены і рызыка зараз зноў апраўданая.
А самае галоўнае — эканамічныя наступствы санкцый будуць дэматываваць прадстаўнікоў самой улады, спрыяць распаду сістэмы знутры.
Знешнепалітычныя паразы наогул вельмі часта правакавалі развал недэмакратычных сістэм — менавіта таму, што дэманстравалі поўнае бяссілле і неэфектыўнасць падобных рэжымаў.