Зянон Пазьняк стварае часовы ўрад Беларусі
Нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь» заявіў, што падзеі, якія адбываюцца ў краіне «пагражаюць яе нацыянальнаму існаванню», і ставіць задачу падрыхтаваць і стварыць часовы Нацыянальны ўрад Рэспублікі Беларусь.
Пра гэта паведамляецца на сайце ўзначальваемай Зянонам Пазняком Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі-БНФ, піша Смартпрэс.
У заяве таксама гаворыцца, што працягваецца знішчэнне беларускай грамадзянскай супольнасці, усіх беларускіх арганізацый, праяў беларускага нацыянальнага жыцця.
«Цяпер мы, беларусы ў Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце, мусім выратаваць сваю краіну ад знішчэння, — гаворыцца ў заяве. — З гэтай мэтай Беларускі Нацыянальны Сакратарыят “Вольная Беларусь” ставіць задачу падрыхтаваць і стварыць Часовы Нацыянальны Урад Рэспублікі Беларусь, які павінен узяць на сябе функцыю надзвычайнай улады ў час ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі, у перыяд рэформаў і перамен».
На час падрыхтоўкі Нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь» ажыццяўляе функцыі і працу арганізацыйнага камітэта часовага нацыянальнага ўрада Беларусі, адзначаецца ў паведамленні
Беларускі Нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь» быў створаны ў жніўні 2020 года « дзеля абароны, развіцця і прадстаўніцтва Беларускай нацыі, увасабленнем якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь і беларусы ва ўсім свеце». У яго складзе сем чалавек, і ўсе яны знаходзяцца за мяжой: Аляксандр Адамкович (Вільня, Літва), Юры Беленькі (Мінеапаліс, ЗША), Віталь Зайка (Нью-Ёрк, ЗША), Анатоль Міхнавец (Варшава, Польшча), Зянон Пазьняк (Нью-Ёрк, ЗША), Павел Усаў (Варшава, Польшча) і Юры Цехановіч (Нюрнберг, Германія).
Каардынатарам з’яўляецца Пазняк.
Нагадаем, раней ён заклікаў прыпыніць санкцыі Захаду ў дачыненні да Беларусі. Пазняк лічыць, што Масква хоча змяніць Лукашэнку на «такога ж залежнага васала, але больш культурнага і цывілізаванага».