За распаўсюд забароненай інфармацыі будуць штрафаваць амаль на 5000 рублёў
Максімальныя штрафы за распаўсюд забароненай інфармацыі для юрыдычных асоб і СМІ складуць 100 і 200 базавых велічыняў, паведамляе «Радыё Свабода».
Гэта прадугледжана законам аб унясенні зменаў і дапаўненняў у КаАП і ПВКаАП, піша БелТА.
Распаўсюд забароненай інфармацыі будзе карацца штрафам:
• для юрыдычных асоб — ад 20 да 100 базавых велічыняў (ад 490 да 2450 рублёў на момант публікацыі);
• для СМІ — ад 20 да 200 базавых велічыняў (ад 490 да 4900 рублёў на момант публікацыі).
Гэтыя змены набудуць моц з 1 снежня разам з Законам аб СМІ, які Савет рэспублікі ўхваліў 28 чэрвеня.
Першапачаткова новы закон аб СМІ прадугледжваў змены ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях: максімальны штраф за распаўсюд забароненай інфармацыі прапаноўвалі павысіць да 500 базавых велічыняў (12 250 рублёў на момант публікацыі).
Міністэрства інфармацыі мяркуе, што пералічваць у абноўленым законе аб СМІ забароненую да распаўсюду інфармацыю немэтазгодна. Паводле ведамства, гэты спіс перыядычна дапаўняюць іншыя законы.