З Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам нешта не так

Аляксандр Лукашэнка патрабуе актывізаваць работу па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку і прыцягненні на яго тэрыторыю інвестараў з ліку кампаній з сусветным імем. Аб гэтым ён заявіў 14 лютага на нарадзе па пытаннях Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.



industryjalny_park1.jpg

Так, віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік прызнаў, што рэалізацыя праекта па стварэнні парку аказалася намнога складаней, чым гэта бачылася першапачаткова.

Разам з тым, за паўтара года пасля падпісання адпаведнага ўказа многае ўдалося зрабіць: створаны і працуюць адміністрацыя і сумесная кампанія па развіцці парку, сфарміраваны статутны фонд, распрацаваны і зацверджаны генеральны план тэрыторыі, распрацаваны дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення, вядзецца работа па прыцягненні ў парк інвестараў з ліку вядомых кампаній.
«Канцэпцыя парку прадугледжвае стварэнне фактычна новага горада, які будзе спалучаць вытворчую, жылую, сацыяльную, адміністрацыйную інфраструктуру. Удакладненая плошча парку складзе 91 кв.км. Плануемая агульная колькасць насельніцтва - 155 тыс.», - далажыў віцэ-прэм'ер.
Паводле яго слоў, ужо ў гэтым годзе плануецца пачаць будаўніцтва першага аб'екта - адміністрацыйна-выставачнага комплексу.

«Калі вы хочаце чарговы праект, палову, як мінімум, павесіць на бюджэт, у мяне такіх грошай няма», — сказаў Лукашэнка.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры стварэнні парку неабходна зыходзіць выключна з пытанняў эканомікі. «Мне тут ніякая палітыка не патрэбна. У мяне няма грошай на такую палітыку. Гэта павінен быць выключна камерцыйны праект. Калі кітайцы камусьці давалі крэдыт пад 2,5-3 працэнты, то пад 5-6 працэнтаў мы крэдыты браць у іх не будзем. Вось у чым павінна быць палітыка, - адзначыў беларускі лідар. - Гэта павінен быць камерцыйны праект. І першы, хто ў гэтым павінен быць зацікаўлены, - гэта КНР. Ім вельмі важны і патрэбны гэты праект. Ім трэба выходзіць у гэту частку планеты, дзе ў іх няма пазіцый. Мы прадастаўляем такую магчымасць».
Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што ў Сочы ў яго адбылася паўтарагадзінная сустрэча са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, які цікавіўся тым, якія ўзнікаюць цяжкасці ў рэалізацыі сумесных праектаў, і якая ў сувязі з гэтым неабходна дапамога.
«Мы рэалізуем гэты праект», - запэўніў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Адначасова ён указаў на неабходнасць стварэння прывабнымх умоў для прыходу інвестараў.
«Мы далі тэрыторыю, мы гатовы падрыхтаваць адукаваных людзей, падцягнуць газ і падвесці дарогу. Але гэта ж не значыць, што мы ўнутры гэтага парку будзем за ўсіх працаваць», — сказаў Лукашэнка.
Старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра ў сваім дакладзе акцэнтаваў увагу на неабходнасці патаннення кошту аднаго квадратнага метра зямлі, якая будзе прадастаўляцца інвестарам. Аналагічныя паркі ў Еўропе прапануюць участкі з коштам аднаго квадратнага метра прыблізна $50. «Мы павінны набліжацца да $40-45. Тады ў інвестараў будзе цікавасць прыходзіць на гэту тэрыторыю з інвестыцыямі. Па гэтых пытаннях ужо дасягнута згода. Думаю, цяпер больш хуткімі тэмпамі пачнём тут рухацца. Нашы праектныя інстытуты пачалі ўжо работу», - адзначыў старшыня.
На думку памочніка прэзідэнта Кірыла Рудага, умовы работы ў індустрыяльным парку павінны прынцыпова адрознівацца ад тых, якія існуюць у свабодных эканамічных зонах. «У парку павінны быць суперсучасныя лабараторыі і працаваць будучыя нобелеўскія лаўрэаты. Так у свеце працуюць такія паркі, яны канкурыруюць адзін з адным і хутчэй за іншых імкнуцца прыцягнуць самае лепшае ў свеце», - лічыць памочнік прэзідэнта.
Паводле яго слоў, адна з галоўных праблем - гэта тэрміны, і ў рабоце з інвестарамі неабходна больш аператыўна вырашаць тэхнічныя пытанні, паколькі бізнэс не будзе чакаць чатыры або пяць гадоў. У якасці станоўчага прыкладу Кірыл Руды прывёў сумесны праект з кітайскай кампаніяй «Джылі», дзе бакі даволі хутка выйшлі на выпуск прадукцыі.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей далажыў, што ўсім пасольствам дадзены канкрэтныя ўказанні па рабоце з патэнцыяльнымі інвестарамі. «Усе інвестары пытаюцца, калі будзе інфраструктура, калі можна будзе паглядзець канкрэтна, дзе адводзіцца месца і на якіх умовах», - адзначыў ён.
«Энергазабеспячэнне ёсць, газазабеспячэнне ёсць, па сувязі таксама вырашана. Мы пачнём практычную рэалізацыю летам бягучага года», - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на першым этапе няма неабходнасці брацца за асваенне ўсёй адведзенай пад парк тэрыторыі і ўкладаць у гэта лішнія сродкі. «Не трэба лезці ў гэты масіў. Трэба пачынаць з краю, па-гаспадарску», — сказаў ён.

«Вы мяне пераканалі, што нам трэба пабудаваць гэты парк. Я вам паставіў задачу. Адна ўмова: там не павінна быць левых кампаній.


Там павінны быць кампаніі будучага, высокаэфектыўныя, высокатэхналагічныя працоўныя месцы. І ў цэнтры Еўропы мець гэты высокатэхналагічны парк, гэту прамысловую пляцоўку - гэта добра. Ніхто з гэтым не спрачаецца, і я ад гэтага не адмаўляюся. Мы дамовіліся з ранейшым Старшынёй КНР і цяперашні (Сі Цзіньпін) яшчэ большы прыхільнік нашага супрацоўніцтва», - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Але паўстае пытанне: мы што, гэта будзем будаваць за свае грошы? І будзем несці адказнасць за суб'екты гаспадарання, якія пабудуюць там свае нават высокатэхналагічныя вытворчасці? Так, будзем, як дзяржава. Мы за іх павінны адказваць. Мы іх будзем абараняць. Але грошы мы ім даць не можам. У нас няма свабодных грошай, няма танных крэдытаў. І не трэба. Гэтыя грошы ёсць у КНР, ім трэба грошы пускаць у абарот», - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


«Вы проста правалілі гэту работу, - сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да чыноўнікаў. — Будзеце правальваць — я вам гарантую, што вы туды пойдзеце працаваць. У нас таксама гэты вопыт ёсць, і нядрэнны».
Паводле  БелТА