Валянцін Стэфановіч: ЛПП — гэта турма без прысуду

Нідзе, акрамя Беларусі, не засталося лячэбна-працоўных прафілакторыяў. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч, каментуючы сайту charter97.org накіраванне былога палітвязня Васіля Парфянкова на год у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП).



stefanovich_nn.jpg

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

«Што тычыцца самой працэдуры накіравання, то праваабарончы цэнтр «Вясна» лічыць яе парушэннем правоў чалавека, незалежна ад таго, да каго яна ўжываецца. Алкагалізм не лечыцца ў прымусовым парадку, тым больш прымусовай працай. Звычайна, праца ў ЛПП — гэта праца альбо на будаўнічых аб'ектах, альбо ў калгасах. Мы неяк рабілі місію адносна прымусовых работ у Беларусі, і даклад у хуткім часе павінен з'явіцца. У тым ліку мы разглядалі аспект прымянення прымусовай працы ў дачыненні да ізаляваных ў ЛПП людзей, хворых на алкагалізм. Мы былі ў Горацкім раёне ў вёсцы, дзе знаходзіцца жаночы ЛПП, і акурат назіралі, як іх прывозяць з працы. Гэта значыць супрацоўнік міліцыі арганізавана возіць іх на рознага роду аб'екты», — адзначыў праваабаронца.

Ён дадаў, што там, дзе яны працуюць, з іх утрымліваюць грошы на харчаванне і абслугоўванне.

«Так што шмат грошай яны там не зарабляюць. Прычым людзей ізалююць па-за крымінальнага пераследу. То бок, не ў межах крымінальнай справы ў сувязі з дакладным злачынствам, а ў рамках грамадзянскага працэсу. Нават калі браць пад увагу тое, што яны ўжо здзяйснялі канкрэтныя правапарушэнні, то ў дачыненні да іх ўжо выносілася пакаранне: яны плацілі штраф або адседзелі суткі. Для накіравання ў ЛПП дастаткова трох парушэнняў за год, звязаных з ужываннем алкаголю, і абавязковае прызнанне чалавека хранічным алкаголікам спецыяльнай медыцынскай камісіяй. Участковы робіць папярэджанне пра тое, што калі чалавек здзейсніць яшчэ адно правапарушэнне, то яго накіруюць у ЛПП. І калі чалавек і далей здзяйсняе правапарушэнне, звязанае з ужываннем алкаголю, то матэрыялы перадаюць у суд», — працягнуў Валянцін Стэфановіч.

Ён падкрэсліў, што незразумелым застаецца статус гэтых людзей — яны ні адміністрацыйна арыштаваныя, ні асуджаныя — яны ізаляваныя.

"Гэта значыць, фактычна ЛПП — гэта турма. Суд выносіць рашэнне, але яшчэ раз скажу, што гэта робіцца ў рамках грамадзянскага працэсу, а не крымінальнага. Гэта значыць чалавека пазбаўляюць свабоды, але не паводле прысуду і не ў сувязі са здзейсненым злачынствам. Такая практыка існавала ў Савецкім Саюзе і засталася толькі ў Беларусі. У Расіі ў 1993 годзе сістэма ЛПП была ліквідаваная ў сувязі з тым, што гэта было прызнана парушэньнем Канстытуцыі. Гэта значыць фактычна чалавека пазбаўляюць волі на год. А калі ён будзе там сябе дрэнна паводзіць, то адміністрацыя можа звярнуцца ў суд і працягнуць тэрмін яшчэ на паўгода не ў сувязі з асуджэннем чалавека ў рамках крымінальнага працэсу, а таму што ён парушае грамадскі парадак і вядзе асацыяльны лад жыцця», — сказаў на заканчэнне праваабаронца.

Нагадаем, у пятніцу былога палітвязня Васіля Парфянкова з турмы на Акрэсціна вывезлі ў лячэбна-працоўны прафілакторый у Светлагорску.


spring96.org