Ва ўчастковыя камісіі не трапіў аніводны прадстаўнік апазіцыі, а сярод 17 тысяч назіральнікаў — адзін
Усяго ў склад участковых камісій увайшлі 58 354 чалавекі з 59 176 вылучаных. Гэта прадстаўнікі грамадзян (33,4%), працоўных калектываў (11,1%), грамадскіх аб’яднанняў (55,5%), у тым ліку палітычных партый (4,3%), вынікае з паведамлення ЦВК.
Улады не ўключылі аніводнага з 20 прадстаўнікоў апазіцыйных партый, якіх вылучалі Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Грамада») і Беларуская партыя «Зялёныя».
На рэферэндум акрэдытаваныя 17 642 назіральнікі. Найбольш сярод назіральнікаў прадстаўнікоў праўладных прафсаюзаў (4017 чалавек), а таксама БРСМ (2 132), «Беларускага саюза жанчын» (1855). Ад апазіцыйных партый акрэдытаваны толькі адзін прадстаўнік (ад АГП).