Уладзімір Пастухоў: Як перамагчы дабру, калі пануе зло?
Калі дабро хоча перамагчы, яно не павінна быць занадта ганарыстым і напышлівым. Адкрылася акенца — бяры лесвіцу і залазь у дом. Але многія выбіраюць мокнуць на вуліцы з ганарлівым выглядам.
Уладзімір Пастухоў адзначае, што выкласці пісьмова гэтыя развагі яго натхніла начная перапіска з кіеўскім школьным сябрам, «які вось ужо паўтара года скрупулёзна паведамляе па начах аб абстаноўцы скупым паведамленнем у тэлеграм: "бамбяць!"».
Кіяўляніна, як і многіх расіян, хвалюе, што на змену Пуціну могуць прыйсці сілы, якія будуць яшчэ больш настойліва і паслядоўна чыніць зло, чым гэта сёння робіць сам Пуцін. «Улічваючы тое, што ён знаходзіцца цяпер у кропцы максімальнага прыкладання намаганняў гэтага зла, яго занепакоенасць заслугоўвае таго, каб вярнуцца да пытання яшчэ раз, расставіўшы акцэнты», — адзначае доктар гістарычных навук і палітолаг Уладзімір Пастухоў.
— Рэжым Пуціна па меры развіцця крызісу будзе ўсё часцей і часцей падвяргацца выпрабаванням, падобным таму, якое мы назіралі тыдзень таму падчас бунту Прыгожына. Вазьмуся сцвярджаць, што з вялікай доляй верагоднасці асноўныя непрыемнасці рэжыму Пуціна будуць ствараць рэакцыйныя сілы, мэтай якіх з'яўляецца ператварэнне вайны ў глабальную, а Расіі – у вайсковы лагер ці нават проста ў канцлагер.
З майго боку было б дзіўным сцвярджаць, што «чорныя», якія крытыкуюць «шэрых» за тое, што тыя недастаткова «чорныя», з'яўляюцца дабром толькі на той падставе, што яны атакуюць нейкае іншае ўжо існае, наяўнае зло. Але яны даюць дабру ўнікальны шанец паўдзельнічаць ў спрэчцы двух злых пачаткаў паміж сабою — і такім чынам зноў стаць гістарычным гульцом (якім сёння ў Расіі, на жаль, дабро не з'яўляецца).
Гэта значыць, такія звады зла паміж сабой — унікальнае акно магчымасцей для дабра, калі яно, вядома, гатова гэтым акном скарыстацца, а не сядзіць з ганарлівым выглядам і не чакае, калі яго пад гук фанфар запросяць прайсці праз парадны пад'езд. Баюся, што ніколі ўжо не запросяць.
Калі дабро хоча перамагчы, яно не павінна быць занадта ганарыстым і напышлівым. Адкрылася акенца — бяры лесвіцу і залазь у дом. Але многія выбіраюць мокнуць на вуліцы з ганарлівым выглядам.
Аднак гэта — сухая тэорыя, таму разгледзім тое ж самае на канкрэтным прыкладзе.
Ці з'яўляецца Прыгожын дабром для Расіі? — Барані Божа.
Азначаў бы яго прыход да ўлады ўсталяванне горшага рэжыму, чым той, які сёння існуе пры Пуціне? — Я асабіста моцна ў гэтым сумняваюся з прычын, пра якія крыху раней ужо пісаў, але чыста тэарэтычна гэта магчыма.
Ці азначае гэта, што Прыгожын ёсць большае зло, чым Пуцін? — Не, не азначае, як мінімум, з дзвюх прычын: Прыгожын ёсць спараджэнне Пуціна, а не наадварот, і Прыгожын не можа хутка знітаваць сістэму, як Пуцін, а значыць, ягоная ўлада будзе амаль напэўна менш устойлівай па першым часе, і гэта дасць іншым сілам пэўныя магчымасці для дзеяння, якіх пры Пуціне ў іх няма.
Ці трэба было дапамагаць Прыгожыну? — Вядома, не. Гэтага яшчэ толькі не хапала. Але яму і не трэба было перашкаджаць. Таму што перашкаджаць Прыгожыну азначала б узяць бок Пуціна і аказацца памагатым абсалютнага Гістарычнага зла для Расіі.
У гэтай спрэчцы (Прыгожына і Пуціна) няма боку дабра, а значыць, і не трэба ў яго лезці ні на чыім баку.
Трэба ў такім выпадку быць гатовым скарыстацца момантам, каб выступіць на сваім уласным баку, пачаць дзейнічаць не тады, калі ўлада максімальна гатова да таго, каб здушыць любое абурэнне грамадзянскай супольнасці, а тады, калі ёй гэта менш за ўсё зручна. Вось і ўся прамудрасць на ўзроўні дзіцячага сада ясельнай групы палітычнай барацьбы.
А ўсё, што звыш гэтага — ад злога.
Цалкам відавочна, што ў сённяшняй Расіі сярод «людзей дабра» мала хто апынуўся гатовы да такой сітуацыі, якая ўзнікла з прычыны прыгожынскага бунту. Не тое што палітычна або арганізацыйна, але нават проста псіхалагічна.
І менавіта таму такія азбукавыя ісціны даводзіцца цяпер прамаўляць услых.
Ужо занадта шмат развялося ў Расіі аматараў клікаць народ на барыкады з нагоды і без нагоды, калі добры палітык сабаку з хаты не выганіць, а як узнікае сапраўды крытычная для ўлады сітуацыя, то і не адшукаеш нікога. Усе спрачаюцца пра дабро і зло.