У АБСЕ запусцілі Венскі механізм у дачыненні да Беларусі
35 дзяржаў — членаў АБСЕ ініцыявалі запуск Венскага механізму ў сувязі з сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Адпаведны ліст быў накіраваны Андрэю Дапкюнасу, пастаяннаму прадстаўніку Беларусі пры АБСЕ. Тэкст ліста апублікаваны на сайце МЗС Вялікабрытаніі, піша reform.by.
У лісце гаворыцца, што краіны, якія яго падпісалі, па-ранейшаму заклапочаныя сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Яны нагадваюць, што летась у дачыненні да Беларусі быў запушчаны Маскоўскі механізм, у рамках якога Вольфганг Бенедэк прадставіў сваю справаздачу. У справаздачы паказвалася, што выбары 2020 года не былі свабоднымі і справядлівымі, а сілавікі сістэматычна парушалі правы чалавека і асноўныя свабоды. У справаздачы таксама ўтрымліваўся шэраг рэкамендацый беларускім уладам.
«Пасля публікацыі справаздачы ў рамках Маскоўскага
механізму амаль год таму сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. Нашы дэлегацыі
неаднаразова заклікалі беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі справаздачы. Мы
таксама заклікалі беларускія ўлады прыняць прапановы дзеючага старшынства,
былога і дзеючага старшыняў, пра спрыянне сапраўднаму нацыянальнаму дыялогу
паміж беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай
супольнасці», — гаворыцца ў лісце. Падпісанты са шкадаваннем адзначаюць, што
беларускія ўлады не выканалі рэкамендацыі і не скарысталіся прапановамі АБСЕ
для вырашэння крызісу.
Паколькі беларускія ўлады не прадэманстравалі здавальняючы адказ
на справаздачу па Маскоўскім механізме, і сітуацыя за апошнія 12 месяцаў толькі
ўзмацняе непакой, 35 краін — членаў АБСЕ запускаюць Венскі механізм. Краіны
называюць некалькі пунктаў, якія іх асабліва турбуюць:
свабода мірных сходаў,
свабода СМІ,
адвольныя і несправядлівыя затрыманні і арышты,
пераслед прадстаўнікоў апазіцыі,
катаванні,
міграцыя.
У рамках Венскага механізму падпісанты патрабуюць каб беларускія ўлады адказалі:
ці рабіліся крокі па расследаванні паведамленняў аб
абмежаванні свабоды сходаў, адвольных затрыманняў і арыштаў,
ці рабіліся крокі па расследаванні паведамленняў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні,
ці рабіліся крокі па расследаванні паведамленняў аб злачынствах на глебе нянавісці, у тым ліку выкарыстанне дзяржаўных СМІ і праўладных акаўнтаў у сацсетках для ўзбуджэння гвалту,
ці рабіліся крокі для забеспячэння грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікам СМІ свабоды дакументаваць і паведамляць аб парушэннях правоў чалавека,
якія крокі былі зроблены ўладамі, каб паказаць, што яны не спрыяюць нерэгулярнай міграцыі,
як улады супрацоўнічалі з інстытутамі АБСЕ і рэагавалі на занепакоенасць, выяўленую гэтымі інстытутамі,
ці былі зробленыя рэальныя крокі для кантакту з апазіцыяй, незалежнай грамадзянскай супольнасцю і праваабаронцамі.
Венскі механізм АБСЕ — метад працы АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння па ініцыятыве краін-удзельніц, які ўключае абмен інфармацыяй паміж краінамі-удзельніцамі.