Статкевіч дамогся дазволу на занятак фізкультурай без турэмнай робы
Перамогай скончылася барацьба Мікалая Статкевіча з турэмшчыкамі за тое, як быць апранутым падчас заняткаў фізкультурай. Пра гэта палітвязень распавёў падчас тэлефоннага званка сваёй жонцы Марыне Адамовіч.
Раней палітвязню забаранілі займацца фізкультурай, зняўшы турэмны адзежу, і зрабілі заўвагу, якая магла скончыцца пакараннем. Мікалай Статкевіч з гэтым не пагадзіўся і дамогся адмены незаконнага абмежавання.
«Ён напісаў заяву з 6 пунктаў, у тым ліку з патрабаваннем растлумачыць яму, якая і калі можа быць форма адзення. І вось паведаміў, што пытанне вырашылася. Далі дазвол. А дакладней, вярнулі былы парадак, калі дазвалялі займацца фізкультурай без турэмнай робы. Так было раней і для іншых, але вось адносна яго чамусьці ўвялі абмежаванне. Не ведалі, за што ўжо зачапіцца», — перадае словы Марыны Адамовіч «Радыё Свабода».
Нядаўна Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў магілёўскай турмы наведаў пракурор. Паводле інфармацыі Марыны Адамовіч, пракурор знайшоў, што «Статкевіч у турме выглядае добра».
«Ён заўсёды ў жартаўлівым настроі, энергетычна вельмі моцны і калі тэлефануе, гэта адчуваецца. Па настроі, духу ў яго ўсё ў парадку, ва ўсякім выпадку», — кажа Марына Адамовіч пра Мікалая Статкевіча.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі, з якіх адбыў ужо 3 гады і 9 месяцаў. Віны ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў 19 снежня 2010 года Статкевіч не прызнае і адмаўляецца падаваць прашэнне аб памілаванні. Трымаюць палітвязня ў магілёўскай турме №4.