«Стабільнасць у разуменні Лукашэнкі — гэта найперш недатыкальнасць ягонай асабістай улады...»
Тэма, якая на працягу больш як года нязменна гучыць у пошце Радыё Свабода, — драматычныя падзеі на паўднёвым усходзе Украіны, вострае супрацьстаянне паміж Масквой і Кіевам, у арбіту якога міжволі аказалася ўцягнутай і Беларусь, адзначае Валянцін Жданко.
Валянцін Жданко
Слухач Радыё Свабода Васіль Тур з Берасця, з ліста якога пачну сённяшнюю размову, спрабуе адшукаць карані гэтага канфлікту ў нядаўняй гісторыі:
«Адной з прычынаў вайны ва Украіне стала моўная праблема — дакладней, спроба ўкраінскай дзяржавы паступова ўмацаваць пазіцыі ўкраінскай мовы. Зразумела, што Расіі гэта не спадабалася.
Падобная задача стаіць і перад Рэспублікай Беларусь. Але ў нас гэты працэс моцна затарможаны. Хоць спыніць яго, мяркую, немагчыма: любая незалежная дзяржава вымушана дбаць пра ўмацаванне ідэнтычнасці тытульнай нацыі. Без гэтага, маючы такіх агрэсіўных суседзяў, немагчыма захаваць незалежнасць.
Савецкі Саюз хоць і дэклараваў роўнасць і росквіт усіх нацыяў, насамрэч дбаў найперш аб русіфікацыі. Успамінаю сваю маладосць. У 1965 годзе давялося пераехаць з вёскі ў Берасце. Я пайшоў у 9 клас беларускамоўнай школы. Са мной на кватэры жылі дзве дзяўчынкі. Яны заканчвалі вучылішча і вельмі перажывалі. Па размеркаванні іх у абавязковым парадку накіроўвалі на працу ў Азербайджан. Ехаць туды яны дужа не хацелі і баяліся. Адна хуценька выйшла замуж і засталася ў Берасці. А другая вымушаная была паехаць...
Якая была патрэба гнаць гэтых дзяцей за трыдзевяць зямель, у чужы край? Я так думаю, уся справа ў тым, што КПСС імкнулася такім чынам перамяшаць нацыі, штучна стварыць адзін рускамоўны савецкі народ. Аднак супраць прыроды далёка не папрэш. Савецкі народ так і не стварылі, надарваліся...».
Сапраўды, хоць савецкія ўлады асабліва не афішавалі гэтую палітыку, але русіфікацыя нацыянальных ускраін паслядоўна ажыццяўлялася на працягу ўсяго існавання СССР. Асабліва масавым было перасяленне рускамоўных у паваенныя гады на новадалучаныя тэрыторыі (у прыбалтыйскія рэспублікі, Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, Малдову). Адбывалася гэта фармальна дзеля так званага «кадравага ўмацавання». Але фактычна вяло да істотнай змены ў нацыянальным складзе насельніцтва саюзных рэспублік — рэзка павялічваючы долю расійцаў і рускамоўных. Постсавецкія краіны дагэтуль сутыкаюцца з вялікімі праблемамі, выкліканымі наступствамі той палітыкі. Асабліва выразна гэта бачна на прыкладзе краінаў Балтыі. Межы так званага «рускага свету», за ідэалы якога распачаў змаганне Пуцін, усталёўвалі якраз тыя крамлёўскія стратэгі праз мэтанакіраваныя этнічныя міграцыі насельніцтва.
✉ ✉ ✉
Аўтар наступнага ліста, Ігар Сімашковіч з пасёлку Ула Бешанковіцкага раёну, разважае пра небяспеку таго, што на змену Лукашэнку-старэйшаму ў Беларусі можа прыйсці Лукашэнка-малодшы. Слухач піша:
«Жыццё ў нашай краіне, сапраўды, нібы ў страшнай казцы: чым далей — тым жахлівей. Улада выкручваецца, нібы гадзюка ў канвульсіях. Думаю, што гэта — агонія.
Закон у нашай дзяржаве — гэта воля аднаго ўсім вядомага чалавека. І стабільнасць у ягоным разуменні — гэта найперш недатыкальнасць ягонай асабістай улады. Вось тут ён стараецца ад душы. І ўся наша стабільнасць больш нагадвае застойнае брыдкае балота. Апошнім часам усё больш задаю сабе пытанне: а ці не хоча ён запачаткаваць дынастыю Лукашэнкаў ля руля дзяржавы?
Але ўсё мае свой пачатак і свой канец. І для беларускай дыктатуры гэты канец будзе надта сумны. Усё ж Беларусь — гэта не Азія і не Блізкі Усход. І дынастычная дыктатура большасць нашага насельніцтва зусім не вабіць».
Беларусь паводле формы дзяржаўнага ўладкавання, як вядома, пакуль што — не спадчынная манархія, а якая-ніякая рэспубліка. Зрэшты, для некаторых аўтарытарных валадароў гэта не ёсць неадольнай перашкодай. Напрыклад, у Сірыі фармальна рэспубліканская форма ўлады не перашкодзіла Асаду-бацьку перадаць прэзідэнцкі трон Асаду-сыну. На постсавецкай прасторы такую ж дынастычную перадачу ўлады ажыццявіў у Азербайджане аўтарытарны валадар Гейдар Аліеў.
✉ ✉ ✉
І яшчэ адзін кароткі ліст — на тэму становішча беларускай мовы. Галіна Бачыла з Мінску піша:
«Так прыемна чуць добрую беларускую мову. Стараюся пісаць вам па-беларуску, але даруйце за памылкі. Мы ўсё жыццё пражылі ў Мінску ў спрэс рускамоўным асяроддзі. І калі брат майго бацькі (а ён быў паэтам) размаўляў з намі на мове — гэта была нейкая нерэальная з'ява».
Спадарыня Галіна мела на ўвазе, відавочна, Алеся Бачылу — добрага беларускага паэта, якога ўжо больш як трыццаць гадоў няма сярод нас. Але амаль усе ў Беларусі ведаюць напісаную на ягоныя словы кампазітарам Уладзімерам Алоўнікавым песню «Радзіма мая дарагая», якая часта гучыць і сёння.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.