Рух «За Свабоду» прапануе дазволіць абарот зямлі

Кампанію па падрыхтоўцы зменаў у зямельнае заканадаўства ў падтрымку ініцыятывы дэпутата Ганны Канапацкай распачаў Рух «За Свабоду». У падрыхтаваных папраўках утрымліваюцца прапановы гарантаваць правы на зямлю і дазволіць яе рынкавы абарот.

field.jpg

«Зямля — гэта базавы элемент для развіцця бізнесу і грамадства. У гэтай сферы ў нас у краіне існуюць прававыя моманты, якія негатыўна ўплываюць на развіццё прыватнай уласнасці і эканомікі. Ёсць нават даследванне Інстытута па прыватызацыі і менеджменту, дзе зямельныя пытанні ўваходзяць у топ-5 праблемаў, які хвалююць бізнес. Менавіта таму мы спрабуем падрыхтаваць законапраект, які б знайшоў шырокую падтрымку», — распавёў, адкрываючы круглы стол, сябра рады Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч.
На круглым стале былі прадстаўленыя папраўкі ў заканадаўства, падрыхтаваныя дэпутатам Ганнай Канапацкай і юрыстам Вольгай Беляўцовай. Як адзначыла Ганна Канапацкая, мэта працы — да восені падрыхтаваць законапраект, які можна было б унесці на асеннюю сесію Палаты прадстаўнікоў.
«Чаму мы падтрымалі прапанаваныя Ганнай Канапацкай змены, — патлумачыў на круглым стале старшыня Руху „За Свабоду“ Юрый Губарэвіч, — у сілу сваёй спецыфікі наша арганізацыя працуе ў тым ліку са зваротамі людзей. Да нас звяртаюцца людзі, якія распавядаюць пра рэальныя праблемы праз знос будынкаў для будаўніцтва не толькі дарогаў — што яшчэ можна абгрунтаваць рэальнай дзяржаўнай патрэбай — але і гандлёвых цэнтраў».
«Мы мяняем заканадаўства аб зямлі не таму, што гэта дапамагае бізнесу, а таму, што гэта сусветная стратэгія», — адзначыў пад час круглага стала адзін з яго ўдзельнікаў, дацэнт, кандыдат навук Сяргей Шаўроў.
Сярод прапанаваных паправак змяншэнне пераліку падставаў канфіскацыі зямельных участкаў праз удакладненне тэрміну «дзяржаўныя патрэбы», узмацненне гарантый правоў на зямлю, адмена абмежаванняў на рынкавы абарот зямлі.
Паводле pyx.by