Праваслаўны святар — таксама тэрарыст?
Па справе Мікалая Аўтуховіча затрымалі сям’ю праваслаўнага святара Сяргея Разановіча. Акрамя яго гэта жонка Любоў Разановіч і сын Павел (ён працаваў у аддзеле прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста).
Іх назвалі і паказалі ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў. Разановічы жывуць у Брэсце. У іх бываў Аўтуховіч. Разановічы знаходзяцца за кратамі з 1 снежня, паведамляе «Наша ніва»
Аўтуховіч знянацку знік прыблізна год таму. Многія лічылі, што ён мог з’ехаць з Беларусі. Былы палітвязень амаль не адказваў на паведамленні ў фэйсбуку, ніхто не ведаў яго месцазнаходжанне. На справе ж ён заставаўся жыць у Беларусі. Значную частку часу ён праводзіў у Брэсце ў гасцях у сям’і Разановіч. Любоў Разановіч у свой час валодала службай таксі, як і Аўтуховіч. Яна нават трымала галадоўку ў 2006 годзе.
Муж спадарыні Любові Сяргей Разановіч — праваслаўны святар з вёскі Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна. На працу ездзіў з Брэста, настаяцелем у вёсцы быў ад 2004 года.
Іх сын Павел Разановіч працаваў у аддзеле прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста.
І Любоў, і Сяргей, і Павел Разановічы затрыманыя па крымінальнай справе, па якой праходзіць Аўтуховіч. Яны знаходзяцца ў зняволенні ад 1 снежня.
Дзяржаўнае тэлебачанне назвала былога палітвязня і кіраўніка службы таксі ў Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча лідарам «тэрарыстычнай банды», на рахунку якой выбухі, падпалы, напады ў Гродзенскай вобласці.