«Высылка двух брытанскіх дыпламатаў — яшчэ адзін прыкры і непрымальны крок беларускіх уладаў»
8 лістапада беларускія ўлады абвясцілі двух брытанскіх дыпламатаў персонамі нон грата і выслалі іх з Беларусі.
У заяве адзначаецца, што "аргументацыя беларускіх уладаў для тлумачэння высылкі дыпламатаў абсалютна неапраўданая і адносіцца да звычайнай працы, якую замежны дыпламат не толькі мае права, але нават абавязаны выконваць. Як дыпламаты, мы павінны мець магчымасць выконваць сваю працу. Мы не дапусцім далейшага запалохвання сваіх калег пры выкананні імі звычайных дыпламатычных задач.
Высылка двух брытанскіх дыпламатаў — яшчэ адзін прыкры і непрымальны крок беларускіх уладаў. Яму папярэднічала ў мінулым месяцы «просьба», каб Польшча і Літва адклікалі сваіх паслоў і рэзка абмежавалі сваю дыпламатычную прысутнасць у Беларусі. Гэтыя дзеянні яшчэ больш ізалююць беларускія ўлады і не спрыяюць захаванню адкрытых каналаў камунікацыі.
Апошнія некалькі месяцаў кіраўнікі місій ЕС у Мінску, сумесна з нашымі брытанскімі калегамі, выказваюць салідарнасць з народам Беларусі, які патрабуе захавання фундаментальных дэмакратычных правоў праз правядзенне свабодных і справядлівых выбараў у паваротны момант у гісторыі краіны".
Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі выказвае салідарнасць са сваімі літоўскімі і польскімі калегамі, а цяпер — з брытанскімі калегамі. І заяўляе, што працягвае адстойваць, абараняць і прасоўваць фундаментальныя каштоўнасці і свабоды ў Беларусі.