Пасольства ЗША ўдвая павялічыла колькасць выдадзеных беларусам віз
Пасольства ЗША пашырыла колькасць катэгорый грамадзян, якія могуць звяртацца па амерыканскія візы ў Мінску. Пра гэта паведаміў у эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.
Паводле яго слоў, гэта стала магчымым дзякуючы таму, што з ліпеня ў дыпмісіі пачаў працаваць шосты амерыканскі супрацоўнік, які цалкам займаецца консульскімі пытаннямі.
Нагадаем, з 2008 года, пасля таго як ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннямі беларускімі ўладамі правоў чалавека, беларускі пасол быў адкліканы з Вашынгтона. Дыпмісія ЗША ў Беларусі была вымушана скараціць свой штат з 35 да пяці чалавек і адклікаць пасла з Мінска.
Як адзначыў Роланд, да з’яўлення консула — шостага супрацоўніка ў пасольстве ў Беларусі — практычна ўсе беларускія грамадзяне вымушаныя былі звяртацца па амерыканскія візы ў дыпмісіі ЗША ў іншых краінах. У Мінску візы выдаваліся толькі тром катэгорыям грамадзян. «Першая катэгорыя — гэта асобы старэйшыя за 70 гадоў, так як мы палічылі, што гэта тая група, якой цяжка выязджаць кудысці для падачы заяўкі на візу. Другая — людзі, у якіх былі надзвычайныя абставіны, і часцяком па медыцынскіх прычынах. Гэта таксама тая група, якой магло быць складана выязджаць, каб звярнуцца па візу. І трэцяя — беларускія афіцыйныя асобы пры ўмове наведвання ЗША з афіцыйнай мэтай», — растлумачыў кіраўнік дыпмісіі.
З ліпеня гэтага года, апроч трох названых катэгорый па візы ў Мінску могуць звяртацца студэнты і ўдзельнікі праграм абмену. «Да нас цяпер могуць звяртацца за падаўжэннем або аднаўленнем візы тыя, у каго раней была амерыканская рабочая віза. Але тыя, хто звяртаюцца за рабочай візай у першы раз, ці тыя, хто змяніў свайго працадаўцу ў ЗША, павінны будуць звяртацца ў іншыя пасольствы. Мы таксама сталі разглядаць заяўкі, звязаныя з нейкімі асаблівымі абставінамі», — сказаў Скот Роланд.
У якасці прыкладу дыпламат прывёў удзельнікаў беларуска-амерыканскага інвестыцыйнага форуму, які прайшоў 22 верасня ў Нью-Ёрку. Да з’яўлення консула ім давялося б звяртацца за візамі ў пасольствы ЗША ў Вільнюсе, Маскве ці Кіеве. «Але цяпер мы змаглі зрабіць выключэнне, бо беларускі бок меў патрэбу ў тым, каб візы ім былі выдадзеныя як мага хутчэй», — сказаў Роланд.