Кіраўнік КДБ: Сярод украінскіх бежанцаў няма удзельнікаў баявых дзеянняў

Сярод украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь, няма людзей, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, заявіў журналістам 30 кастрычніка старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык. Сёння ён удзельнічае ў буйной антытэрарыстычнай канферэнцыі ў Мінску. 



vakulchik.jpg

Вакульчык адзначыў, што грамадзяне, якія прыяжджаюць з Украіны, правяраюцца на прадмет удзелу ў баявых дзеяннях, перадае БелаПАН.

«Пагроза бяспекі з улікам баявых дзеянняў, якія адбываюцца на тэрыторыі Украіны, прысутнічае для ўсіх суседніх дзяржаў, у тым ліку Беларусі, — лічыць кіраўнік КДБ. — У сувязі з гэтым мы абавязаны прымаць адпаведныя меры па папярэджанні таго, каб гэтая «зараза» не перакінулася на нашу тэрыторыю».

Як паведамлялася раней, падчас канфлікту ў Украіне больш за 25 тысяч грамадзян гэтай краіны прайшлі ўсталяваную працэдуру рэгістрацыі ў Беларусі. Дзесяць тысяч грамадзян Украіны атрымалі дазвол на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Беларусі, частка з іх звярнуліся з просьбай даць статусу бежанца.