Параноя? У Літве асцерагаюцца беларускай «пятай калоны»

У Літве працягнецца дыскусія аб прававым становішчы беларусаў і кантролю над мяжой, заявіла прэм'ер-міністарка краіны Інгрыда Шыманіце ў інтэрв'ю LRT. Яна хоча знайсці баланс у гэтых пытаннях.

img_0339_3_logo.jpg

«Я б сказала, што нам трэба знайсці баланс, як гэта часта бывае ў палітыцы, паміж нашай перакананасцю ў тым, што мы не хочам змешваць усіх беларусаў з Лукашэнкам, і, магчыма, мы не можам, але нам трэба кіраваць рызыкамі. Мы працягнем дыскусію аб тым, як кіраваць гэтымі рызыкамі  ці то шляхам скарачэння патоку праз мяжу, ці то шляхам устанаўлення дадатковых патрабаванняў да тых, хто атрымлівае часовы від на жыхарства ў Літве, ці то нейкім іншым шляхам, зніжаючы нагрузку на нашы інстытуты таксама, і, магчыма, у студзені ў нас будуць прапановы», — сказала яна.

Паводле яе слоў, трансгранічны паток паміж Беларуссю і Літвой застаецца вялікім. Хоць Літва і не выдае беларусам новых віз, яны могуць атрымліваць іх у іншых краінах ЕС. Шыманіце не выключыла далейшых абмежаванняў на мяжы.

«Мне здаецца, што сам паток, на ўзроўні нашых цяперашніх адносін, не цалкам адэкватны, хоць ёсць і супрацьлеглыя меркаванні. Самі беларусы, прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі ў Літве, імкнуцца да больш лёгкіх умоў. Мы кажам: не, мы павінны кіраваць рызыкамі, нам давялося закрыць два памежныя пасты і такім чынам скараціць паток, я б не выключала, што гэта давядзецца рабіць у будучыні», — дадала яна.

Нагадаем, летась Сейм Літвы прыняў законапраект аб абмежаваннях для беларусаў і расійцаў. Пры гэтым для грамадзян нашай краіны былі ўсталяваны больш мяккія абмежаванні. Прэзідэнт Гітанас Наўседа наклаў вета на яго, аднак Сейм пераадолеў забарону. У выніку закон быў прыняты ў рэдакцыі з меншымі абмежаваннямі для грамадзян Беларусі.

У канцы лета Наўседа некалькі разоў заявіў, што неабходна вярнуцца да пытання ўзмацнення жорсткасці абмежаванняў для беларусаў, аднак так і не выступіў з заканадаўчай ініцыятывай. Аднак у канцы года з'явіўся законапраект, зарэгістраваны старшынёй камітэта Сейма Літвы па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынасам Кашчунасам разам з дэпутатамі Аўдронюсам Ажубалісам і Паўлюсам Саўдаргасам. Ён прадугледжвае дадатковыя абмежаванні ў выдачы віз для грамадзян Беларусі і Расіі, а таксама адмову ад прадастаўлення ВНЖ беларусам, якія зноў прыбылі, за выключэннем рэпрэсаваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў. Мінюст Літвы знайшоў у ім супярэчнасці з заканадаўствам ЕС.

Дарадца прэзідэнта Літвы Фрэдэрыкас Янсанас у інтэрв'ю радыёстанцыі «Žini rad radijas» заявіў, што масавая міграцыя беларусаў у гэтую краіну можа прывесці да фарміравання «пятай калоны».

«З месяца ў месяц у Літву з Беларусі прыбываюць тысячы і тысячы новых жыхароў. Патэнцыйна мы ствараем для сябе сур'ёзную праблему, фарміруецца патэнцыйная пятая калона», — заявіў Янсанас (пераклад ТАСС).

Са слоў дарадцы літоўскага прэзідэнта, у Літву штогод прыбываюць 17-20 тысяч беларусаў, «перакананняў якіх мы проста не ведаем». У сувязі з гэтым Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы асцерагаецца, што беларусы сфарміруюць буйную дыяспару, якая будзе існаваць адносна закрыта і будзе цяжка кантраляванай.

Дэпартамент міграцыі Літвы летась зрабіў больш жорсткімі падыходы да выдачы відаў на жыхарства для грамадзян Беларусі. Раней паведамлялася, што адмовы атрымалі 1099 беларусаў. У 939 выпадках яны былі матываваны патэнцыйнай пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Праваабаронцы і СМІ адзначалі, што часцяком такія адмовы былі надуманымі і досыць абсурднымі — напрыклад, людзям адмаўлялі ў ВНЖ праз тое, што яны служылі ў беларускім войску 20 гадоў таму.

Такая палітыка прывяла да адтоку з Літвы ў першую чаргу высокакваліфікаваных беларусаў. Некаторыя ІТ-кампаніі пачалі рэлакацыю сваіх беларускіх супрацоўнікаў з Літвы ў Польшчу.

Паводле Reform.by