Аксана Колб: Спадзяюся быць сярод тых, хто будзе слухаць прысуды ўдзельнікам рэпрэсій

Аксана Колб восем гадоў была галоўнай рэдактаркай газеты «Новы Час». Нядаўна яна пайшла з пасады. А дагэтуль паспела пабываць за кратамі і пакінуць краіну. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» яна згадвае свой шлях, дзеліцца назіраннямі за рэжымам і дае рэзкую ацэнку грамадству.

aksana_kolb_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo_1_logo.jpg.webp

Аксана Колб 28 гадоў працавала журналісткай. Два месяцы прабыла ў зняволенні да суда. Летась яе асудзілі на 2,5 года «хіміі» за ўдзел у маршах пратэсту і часова вызвалілі. Журналістка выехала з Беларусі.

«Калі рэвалюцыя не перамагае — трывае перыяд рэпрэсій»

Я прыйшла ў журналістыку ў 1995 годзе, калі адбыўся першы рэферэндум, і тады было відавочна, куды коціцца краіна. І чым усё гэта скончыцца.

Цяперашняя беларуская ўлада не ўнікальная. Падобных рэжымаў было шмат у гісторыі, і ўсе яны праходзілі аднолькавыя стадыі. На першай ідзе ўмацаванне ўлады за кошт абмежавання правоў і свабод ва ўсіх сферах.

Пасля наступае кароткі перыяд адлігі, бо для захавання ўлады патрэбны грошы, а грошы можа даць толькі разняволенае грамадства.

Менавіта ў гэты перыяд нараджаецца і выспявае праслойка грамадства, якая лічыць, што свабода і дэмакратыя — найвялікшыя каштоўнасці. І надыходзіць момант, калі яна ўжо не можа існаваць у межах гэтага рэжыму. І пачынаецца пошук выйсця.

Менавіта гэта і адбылося ў нас у 2020-м. Я б назвала гэта рэвалюцыяй развіцця. Сумна, канечне, што мы не здолелі дайсці тады да канца. Але як ёсць. Аднак звычайна, калі рэвалюцыя не перамагае, пачынаецца наступная, як правіла, апошняя стадыя рэжыму — перыяд масавых і жорсткіх рэпрэсій, якія скончацца толькі са сконам рэжыму.

«Рэжым не насыціцца скалечанымі жыццямі ніколі»

Для рэжыму актуальна катэгорыя «немагчыма спыніцца». Спыніцца ён зможа, калі адчуе, што небяспекі няма.

Калі ж паглядзець, што адбываецца цяпер у Беларусі, то дагэтуль знаходзяцца людзі, якія пры любой нагодзе выказваюць пратэст. Таму рэжым не спыніцца. І нават у апошнія хвіліны яго існавання будуць выносіцца палітычныя прысуды.

У сталінскія часы ўсё спынілася толькі са смерцю дыктатара, і тое на кароткі час. Пасля, канечне, не расстрэльвалі тысячамі, але пераслед вальнадумства працягваўся.

У жніўні 2020 года пад Акрэсціна я паразмаўляла з хлопцамі і дзяўчатамі, якія акурат у тыя страшныя дні былі ў ізалятары. Адзін з хлопцаў запытаў, ці не дарэмна ўсё было і ці скончыцца гэта ўсё.

Я адказала: вядома ж, скончыцца, я 25 гадоў у гэта веру.

Мне б хацелася, каб гэта скончылася ў 2020 годзе ці 2021-м, але канкрэтных тэрмінаў, калі гэты рэжым абрынецца, ніхто не зможа назваць.

Некалі заходнія аналітыкі прадказвалі крах СССР, але ніхто не мог уявіць, што абрынанне адбудзецца так, як яно адбылося ў 1991 годзе.

Тое ж самае тычыцца і сённяшняга беларускага рэжыму. Гэта можа адбыцца праз 5 гадоў, а можа і праз 5 месяцаў. Шмат фактараў на гэта можа ўплываць.

На фактары, якія могуць прывесці да абрынання рэжыму, мы ўплываем усё меней і, дарэчы, не без дапамогі самога рэжыму, які робіць усё, каб людзі не чыталі незалежныя медыя.


Глядзіце таксама

«Можа, выратую гэбэшніка ад вялікага тэрміну ў турме»

Шкада, што ніхто з тых, хто цяпер праводзіць рэпрэсіі, не вучыў гісторыю ў школе. І не памятае, што рана ці позна прыйдуць і па іх.

Хай бы пацікавіліся лёсам тых, хто расстрэльваў. Колькі яны пражылі і парадаваліся, што атрымалі кватэру асуджанага ці чарговую зорачку.

Калі да мяне прыходзіла КДБ з вобшукам у кастрычніку 2021 года, я ім расказала гісторыю свайго дзеда. Па яго таксама прыходзілі, і ён хаваўся ў лясах. Потым пачалася вайна і таго, хто па яго прыходзіў, схапілі немцы. Яны сказалі, калі ў вёсцы знойдзецца той, хто возьме на парукі схопленага, то яго не расстраляюць. Адзіны, хто паручыўся за таго энкавэдэшніка, быў мой дзед.

Дарэчы, гэбэшніка, якому я гэта расказала, учынак дзеда ўразіў, прынамсі ён так сказаў. Хто ведае, можа, праз пэўны час і я выратую таго гэбэшніка ад вялікага тэрміну ў турме.

На жаль, людзі, якія пры ўладзе, думаюць, што яны вечныя, змогуць утрымацца, калі ўсіх нязгодных пасадзяць ці выганяць з краіны, проста прымусяць замаўчаць.

Але гэта так не працуе. У гісторыі іншыя алгарытмы, і яе не перапішаш, нават калі спаліць усе старыя падручнікі.

Спадзяюся, што буду сярод тых, хто будзе слухаць прысуды тым, хто выносіў нам прысуды. Дарэчы, не хачу, каб яны сядзелі. Гэта занадта лёгка для іх і цяжка для грамадства.

Хачу, каб яны да скону свайго працавалі. У нас шмат дзе патрабуюцца працоўныя рукі. Кароўнікі, дарогі, прыбіральні. Усім знойдзецца праца. Я б яшчэ паўсюль павесіла камеры і запусціла анлайн-трансляцыі, каб людзі маглі назіраць за тымі, хто лічыў, што яны ў гэтай краіне гаспадары.

«Прасцей сказаць, што закратавалі з-за журналістаў»

Людзі любяць перакладваць віну і шукаць вінаватых паўсюль. Прасцей жа сказаць, што журналісты ва ўсім вінаватыя, чым узяць на сябе адказнасць за тое, што дзякуючы нашаму «я ў палітыку не лезу» ўсталяваўся лукашызм.

Складана і траўматычна прызнаць, што дзякуючы маўклівай згодзе большасці грамадства Статкевіч, Севярынец, Дашкевіч і шмат іншых людзей былі за кратамі і да 2020 года. Але замест салідарнай падтрымкі шмат хто казаў: а не трэба было лезці, чаго ім не хапала.

Крок за крокам рэжым забіраў нашы правы і свабоды, а замест прапаноўваў чарку і шкварку. Замест таго, каб падтрымліваць грашыма партыі і медыя, бізнес выбіраў прыстасаванне, хабары і сувязі. А ў выніку маем што маем.

Прынцып «хата з краю» давёў да таго, што хата гэтая палае адкрытым агнём, а ратаваць хутка не будзе каму.

Заўважце, тыя, хто ўсе гэтыя гады змагаўся з рэжымам і спрабаваў дагрукацца да грамадства, ніколі не вінавацяць журналістаў. Больш за тое, рэжым робіць усё, каб у грамадстве замацавалася меркаванне, што гэта незалежныя медыя ва ўсім вінаватыя.

Асабліва калі прапагандысты кажуць, што затрымалі за фота, відэа ці яшчэ нешта, што было ў медыя. Гэты абсурд нават абмяркоўваць не хачу.

Але маю пытанне да тых, хто тады выходзіў і з захапленнем рабіў сэлфі з палітыкамі і актывістамі на вуліцах, хто пазіраваў фотакарэспандэнтам з плакатамі на маршах, хто выкладаў гэтыя фота дзе толькі мог, бо ганарыўся знаёмствам, дэманстраваў свае смеласць і грамадзянскую пазіцыю.

Для чаго вы гэта рабілі? Каб хайпануць (менавіта ў гэтым часта абвінавачваюць журналістаў) ці каб сапраўды выказаць сваю пазіцыю? Калі апошняе, то майце гонар ісці да канца. І яшчэ за кратамі знаходзяцца цяпер больш за 30 журналістаў.

Каля 80% (а можа, і больш) журналістаў вымушана з'ехалі з краіны, бо былі ўжо ў няволі ці маглі трапіць за краты за сваю працу.

За тое, што ўсе гэтыя амаль 30 гадоў спрабавалі данесці да грамадства, у якую багну спаўзае наша Беларусь.


Глядзіце таксама

«У 2020 годзе пра "Новы Час" рэжым забыў»

Можна сказаць, што трыумфальным для нас быў перыяд са жніўня па сярэдзіну снежня 2020 года (тады сайты незалежных выданняў блакаваліся, а газета «Новы Час» выходзіла ў друкаваным выглядзе, працаваў сайт).

Тады мы адчулі, што наша праца патрэбная. Прыходзіла вельмі шмат людзей па газету. Шмат яе людзі раскідвалі ў сваіх раёнах. У нас раслі даходы, прыбыткі ад рэкламы. Гэта было класна. Але, на жаль, гэта было толькі некалькі месяцаў, а пасля ўсё скончылася.

Але галоўнае, што за гэты час мы паспелі дайсці да палітзняволеных.

«Новы Час» даходзіў да месцаў зняволення пасля падзеяў 2006 і 2010 гадоў. Мы дасылалі газету ўсім палітвязням. У 2007 годзе было змаганне з адміністрацыямі калоніяў, калі не хацелі прымаць газету. У 2010-м тое ж самае мы праходзілі з Мікалаем Статкевічам. З адміністрацыяй магілёўскай калоніі, дзе сядзеў палітык, было змаганне вельмі доўгае.

Даходзіў «Новы час» да палітвязняў з лета 2020-га па лета 2021-га. Тое, што газета была важная для іх, я адчула і пачула, калі сама трапіла за краты.

Тыя людзі, з якімі я сустракалася, шмат прыемнага казалі пра «Новы Час». Маша Рабкова і Ірына Злобіна называлі «Новы Час» нашым «турэмным тындарам».

З газеты даведваліся пра ўсе дні народзінаў палітвязняў, атрымлівалі фотаздымкі. Пэўны час у турмах нельга было атрымліваць фота. Напрыклад, здымак свайго дзіцяці хтосьці мог бачыць першы раз у нашай газеце.

Тое, што мы даходзілі да турмаў, было б дастаткова для існавання «Новага Часу».

У 2021 годзе пра нас згадалі.

Канец 2020 года пачаўся з паведамлення, што нас выкідаюць з усіх шапікаў. Напачатку 2021 года пасыпаліся адно за другім папярэджанні. Пасля мяне выклікалі ў Генеральную пракуратуру, дзе папярэдзілі, што мы можам пагражаць нацыянальнай бяспецы Беларусі. Потым выкінулі з падпіснога каталога. У жніўні друкарня адмовілася нас друкаваць. У кастрычніку заблакавалі сайт.

«Сістэма пакарання жахлівая і разбуральная для грамадства»

Калі трапляеш за краты, то практычна не можаш ні на што ўплываць. Ад цябе мала што залежыць. Ты там можаш есці, спаць, чытаць, глядзець тэлевізар, калі ён ёсць у камеры, ды працаваць, калі ў калоніі.

Прыкладна так жыве шмат людзей у Беларусі на волі. Ім не трэба прымаць рашэнні, ад іх нічога не залежыць. Ім класна.

За кратамі я была толькі два месяцы, і для мяне гэта і быў своеасаблівы адпачынак, і вельмі карысны досвед з магчымасцю ўбачыць праблемы грамадства з іншага боку.

Напрыклад, праблемы асуджаных па наркатычным артыкуле 328, жанчын, што забілі сваіх мужоў, бо яны не абароненыя ад хатняга гвалту. На гэта ўсё глядзіш не як на гісторыю, пачутую ў судзе ці ад знаёмых, родных зняволеных, а бачыш ужывую.

Там разумееш, што пасля таго, як знікне рэжым, патрэбная будзе вялікая праца, каб напісаць нанова Крымінальны і Адміністрацыйны кодэкс.

Трэба будзе пераглядаць ледзь не дзве траціны выракаў, вынесеных за апошнія, можа, 10 гадоў. Карэнным чынам трэба змяняць умовы ўтрымання ўсіх зняволеных.

У Беларусі сістэма настолькі жахлівая і разбуральная для грамадства, што без яе рэформы немагчымы рух наперад.

«Лічу здрадаю свой ад’езд з Беларусі»

Пытанне «Чаму з'ехала?» задаю сабе ўжо другі год. Кожны раз нібы даю на яго адказ, але нешта ўнутры не дае спакою.

Я сапраўды збіралася адбыць сваю «хімію».

Паехаць, як Таццяна Вадалажская, працаваць прыбіральшчыцай. Была гатовая да кароўніка ды чаго заўгодна. Нават цікава было пабачыць, ці змагу я да гэтага прыстасавацца, як змагу выкарыстаць у сваёй журналісцкай працы.

Аднак літаральна праз два тыдні пасля таго, як я выйшла з СІЗА, пачалася новая эпапея.

Спачатку мне далі 13 дзён адміністрацыйнага арышту, а потым пачалі шукаць з Цэнтральнага апарата Следчага камітэта.

Я зразумела, што прайсці ўвесь шлях ад затрымання да адбыцця «хіміі» ў мяне не выйдзе. Хутчэй за ўсё, я пайду па другім коле. Напэўна, да гэтага я не была гатовая.


Аксана Колб ля свайго саламянага дома. Снежань 2020 года. Фота: архіў Аксаны Колбhttps://nashaniva.com/332273

Аксана Колб ля свайго саламянага дома. Снежань 2020 года. Фота: архіў Аксаны Колб
https://nashaniva.com/332273

Рашэнне зʼехаць было прынята літаральна за некалькі гадзін. Вечарам 28 ліпеня я даведалася, што мяне шукае Следчы камітэт, і ранкам 29 ліпеня ехала ў бок расійска-латвійскай мяжы.

Мне дагэтуль баліць. Я лічу свой ад’езд здрадаю, і гэта перашкаджае нармальна жыць, радавацца і будаваць планы.

Гэта не эміграцыя, а выгнанне. Шмат знаёмых, калі я зʼехала, пыталася, «як ты там, ці ўладкавалася, ці ёсць дзе жыць». Для мяне такія пытанні неістотныя, дробязныя.

Тут усё добра. Ёсць дзе жыць, што есці, можаш вольна хадзіць, але ты ўсё роўна не можаш быць там, дзе ты хочаш. Я хачу быць у Беларусі.

«Няма ніякага плана, што рабіць далей»

Намер пайсці з рэдактарства ў «Новым часе» быў яшчэ да 2020 года. Проста падзеі 2020-га адтэрмінавалі сыход.

Любая ўлада, нават такая дробная, як кіраўніцтва медыя, павінна мяняцца ўвесь час.

Галоўны рэдактар заўсёды павінен быць рухавіком выдання, а не яго тормазам. Гэта кепска для ўсіх. Сыходзіць трэба своечасова. Пакуль цябе яшчэ любяць ці прынамсі церпяць.

Я вырашыла не чакаць, пакуль стану тормазам — і так, можна сказаць, два тэрміны прабыла, 8 гадоў, — а даць дарогу больш маладым.

Сяргей Пульша ўсё ж на дзесяць гадоў за мяне маладзейшы, і яго бачанне будзе больш сучасным, і яму будзе больш камфортна працаваць з той часткай нашага калектыву, якой ад 18 да 25 гадоў. Ну і галоўнае, ён гатовы ўзяць на сябе адказнасць за «Новы Час». Таму, карыстаючыся нагодай, прашу яго падтрымаць.

Па шчырасці, я не ведаю, чым я хачу займацца, і пагатоў не ведаю, чым буду займацца.

На сёння я адкрытая для абсалютна любых прапаноў. Пагляджу, што мне падкіне сусвет, тым буду займацца.

У маім жыцці заўсёды было так, што перш, чым нешта зрабіць, я складала план. Любая мара даволі хутка ператваралася ў мэту. Цяпер такога плана няма.

Напэўна, трэба зачыніць адныя дзверы, каб адчыніліся іншыя.

Тое, што мне блізка — гэта экалагічнае будаўніцтва. Прынамсі, на той перыяд, калі я вярнуся ў Беларусь, ведаю, чым буду займацца. Буду кансультаваць у пытаннях экалагічнага будаўніцтва. Тым больш цяпер вывучаю еўрапейскі рынак экалагічных матэрыялаў і тэхналогій.


Глядзіце таксама

«Хацелася б верыць, што мы па вяртанні не перасварымся»

Вельмі сумую па сваім саламяным доме (дом, узведзены са спецыяльных саламяных блокаў), які я тры гады будавала разам з мужам сваімі рукамі. Я яшчэ дагэтуль у ім.

Калі нешта ўдаецца перадаць у Беларусь, то звычайна гэта нешта для дома. Веру, што вярнуся туды.

Мара пра саламяны дом зʼявілася дзесьці дзесяць гадоў таму. Наогул тэма экалогіі мяне вельмі цікавіць. Я веру, што чалавек калі-небудзь зможа жыць у згодзе з прыродаю. Перастане яе руйнаваць. Але пачынаць трэба з сябе.

Вось вырашыла, што для сябе і сваёй сям’і я хачу менавіта такі дом, у якім будзе лёгка дыхацца, які не будзе шкодзіць асяроддзю. Збудавалі яго пры канцы 2021 года і толькі пачыналі ў ім жыць.

Раней шмат думала пра вяртанне. Здавалася, што гэта будзе нейкі пераможны марш.

Але цяпер думаю, што спачатку будуць слёзы, шмат слёз, абдымкі з тымі, хто таксама вымушаны быў зʼехаць. Можа, пасля і будзе шампанскае. Але спачатку слёзы, у тым ліку па тых, хто не дажыў…

А затым будзе вельмі шмат працы.

Хацелася б верыць, што мы не перасварымся па вяртанні. Навучымся чуць адно аднаго. Будзем разумець, дзеля чаго мы вярнуліся, чаго мы вартыя і чаго вартая наша краіна.