З якімі выклікамі сутыкнуліся беларускія дэмсілы ў 2023 годзе?

Нягледзячы на жорсткае падаўленне іншадумства рэжымам, барацьба за дэмакратыю працягваецца.

Беларускае грамадства не здаецца. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларускае грамадства не здаецца. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Грамадзянская супольнасць Беларусі ў 2023 годзе працягнула барацьбу ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій. Беларуская дыяспара, раскіданая па ўсім свеце, падтрымлівала гэтую барацьбу, сутыкаючыся з уласнымі выклікамі.

У 2023 годзе ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі ў Беларусі, якія займаліся нават патэнцыйна палітычнай дзейнасцю, спынілі сваё існаванне пад ціскам рэжыму Лукашэнкі, піша «Голас Амерыкі». Аднак, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, беларуская грамадзянская супольнасць здолела выжыць, лічыць палітолаг Віленскага ўніверсітэта Таццяна Чуліцкая:

«Яна, на жаль, вымушана дзейнічаць у рэжыме такім схаваным, у рэжыме вельмі нізкай бачнасці, што называецца. Гэта значыць, на жаль, пра вельмі многія проста добрыя рэчы, якія робяцца і ўнутры, і па-за межамі Беларусі, мы ці не можам расказваць, ці мы пра іх не ведаем. Пасля апошніх даследаванняў, якія я праводзіла, мы вельмі добра ўбачылі гэтую тэндэнцыю. Нават людзі, якія знаходзяцца тэрытарыяльна, працуюць з адной прасторай у сілу таго, што яны проста баяцца ці асцерагаюцца расказаць пра тое, што яны робяць, адно пра аднаго дрэнна ведаюць. І, вядома, праз гэта атрымліваецца, што ёсць нейкія дробныя ініцыятывы, невялікія ініцыятывы. Гэта такія бурбалкі, бурбалкі даверу людзей паміж сабой».

Беларуская дыяспара таксама сутыкнулася з сур'ёзнымі выклікамі. Каля паўмільёна чалавек былі вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі Лукашэнкі, але нават за мяжой яны сутыкнуліся з пераследам. Змены ў заканадаўстве Беларусі ліквідавалі магчымасці атрымання пашпарта за мяжой і афармлення даверанасцей, пакідаючы многіх без дакументаў або з пратэрмінаванымі пашпартамі.

«Гэта стварае сітуацыю, калі людзі вяртаюцца, спадзеючыся на тое, што аніякага палітычна матываванага пераследу за гэтым не рушыць услед, і натыкаюцца на справы адміністрацыйныя і крымінальныя па прыездзе ў Беларусь, — расказвае экспертка па Беларусі «Human Rights Watch» Анастасія Круопе. — Мы бачылі такія прыклады ў Туркменістане, калі людзям адмаўляліся масава выдаваць пашпарты. Але тут такая ўнікальная сітуацыя, дзе дзяржава проста прамым тэкстам сказала, што гэта такая масавая палітыка і выдаваць пашпарты не будуць нікому».

Сітуацыя для беларускіх імігрантаў адрозніваецца ў залежнасці ад краіны знаходжання. У Польшчы яны па-ранейшаму знаходзяцца ў «адносна спрыяльных» умовах, а ў Літве стаўленне да іх пагоршылася, яны ўсё больш разглядаюцца як патэнцыйная пагроза нацыянальнай бяспецы. У Літве пражывае каля 60 000 беларусаў, і праблемы з атрыманнем і працягненнем віду на жыхарства, а таксама візавыя складанасці ў іх узмацняюцца напярэдадні выбараў.

«Адбываецца такая сек'юрытызацыя беларусаў, якія выехалі за мяжу, і ёсць добрая песня Лявона Вольскага, беларускага рок-музыкі. У ёй ёсць такі радок: "Адкуль ні уцякай, куды ні бяжы — i тут ты чужы, i там ты чужы". Мне здаецца, што на сённяшні дзень для тых беларусаў, якія з'ехалі, гэта шмат у чым вельмі актуальны слоган», — лічыць Чуліцкая.

Нягледзячы на адсутнасць «беларускага пытання» ў міжнародным парадку дня, многія эксперты ацэньваюць дзеянні беларускай апазіцыі ў 2023 годзе як станоўчыя. У іх ліку — дырэктар Інстытута Джорджа Буша і былы намеснік дзяржсакратара ЗША Дэвід Крамер:

«Я думаю, што візіт Святланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты, у Вашынгтон, напрыканцы гэтага года для ўдзелу ў дыялогу, які пачаў Дзяржаўны дэпартамент, меў важнае значэнне. Гэта станоўчы знак канструктыўнага ўзаемадзеяння з дэмакратычна абраным прадстаўніком Беларусі. Бо яна выйграла выбары 2020 года і павінна быць прызнана законным лідарам Беларусі, прынамсі, на гэты момант».

Офіс Святланы Ціханоўскай засяродзіў намаганні на адстойванні інтарэсаў беларусаў і наладжванні сувязей з заходнімі партнёрамі на фоне дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, які падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны.

«Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання беларусаў адразу паклалі ў адзін кошык з расійцамі, пачаліся візавыя адмовы, пачаліся абмежаванні, і трэба было тлумачыць, што Беларусь і Лукашэнка— гэта розныя рэчы, а Беларусь не Расія, — кажа старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — І нам удалося. На самой справе гэтае разуменне ўжо ёсць. Нават з боку Украіны ёсць разуменне, што з Беларуссю, з беларусамі трэба супрацоўнічаць. Нам удалося пабудаваць свае ўласныя структуры паміж Аб'яднаным пераходным кабінетам, Каардынацыйнай радай, Офісам Ціханоўскай. З'явілася такая сінергія, сінхранізацыя. Нам удалося таксама фармалізаваць адносіны з ЗША, запусцілі стратэгічны дыялог з Еўрасаюзам, кансультатыўную групу».

«У 2023 годзе сфарміраваліся або сталі больш зразумелымі відавочныя нейкія інструменты больш простага, больш зразумелага ўзаемадзеяння дыяспар з мясцовымі палітыкамі, — тлумачыць кіраўнік аддзела па знешніх сувязях Офіса Святланы Ціханоўскай Данііл Гаркавы. — Што тут я маю на ўвазе? Гэта праект «Народнае пасольства». Еўрапейскі парламент — гэта той інструмент, які дае аптымізм на наступны 2024 год як досыць просты, зразумелы масток сувязі беларусаў у розных краінах з мясцовымі ўрадамі».

Іншыя апазіцыйныя структуры, такія як «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне», збіралі доказы ваенных злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку звязаных з незаконным вывазам украінскіх дзяцей.

«Мы таксама збіралі доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларускага народа, — расказвае старшыня арганізацыі Павел Латушка. — Гэтыя матэрыялы намі перададзены ўжо двойчы ў Міжнародны крымінальны суд, у офіс пракурора».

Паводле слоў Латушкі, яго каманда таксама працуе з шэрагам урадаў заходніх краін для таго, каб ініцыяваць адпаведную справу ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці.