Беларусы, якія жывуць у Літве, паехалі дадому на святы. Але загразлі на мяжы амаль на двое сутак

Чэргі цягачоў на мяжы напрыканцы года нікога не здзіўляюць, але такіх чэргаў легкавых машын не бачылі і памежнікі.

Фота: Reuters

Фота: Reuters

Адзін мужчына на мяжы сказаў журналістам, што стаіць ужо 49 гадзін. Ён такіх чэргаў яшчэ не бачыў, перадае Delfi са спасылкай на тэлеканал LNK.

«Максімум даводзілася стаяць 20 гадзін. Але гэта ў Грузіі, тут заўсёды не больш за некалькі гадзін», — распавёў мужчына.

«За пяць гадоў бачу такое ўпершыню», — сказаў іншы кіроўца. Большасць не хавала, што едуць у Беларусь на святы.

«Я хацеў на святы з'ездзіць дадому. Я працую ў транспартнай кампаніі, на святы мяне адпусцілі. Але вось, святкуем на мяжы», — сказаў беларус. Іншы мужчына лічыць, што гэта вынік закрыцця КПП на мяжы Літвы і Беларусі.

Абураны сітуацыяй і грамадзянін Германіі, жанаты з беларускай. «Мы тут 48 гадзін. Няма кавы, няма туалета, толькі два маленькія на вуліцы. Гэта жах, там такі бруд. І гэта Еўразвяз?» — скардзіўся немец. Яго жонка беларуска сказала: «Мы ў шоку. Едзем з трыма дзецьмі, у аднаго баліць жывот, а мы ні ў туалет пайсці не можам, ні вады купіць. Мы галодныя», — кажа яна.

Чэргі цягачоў на мяжы напрыканцы года нікога не здзіўляюць, але такіх чэргаў легкавых машын не бачылі і памежнікі.

«90%, а часам і 95% тых, хто стаіць у чарзе — гэта беларусы, якія едуць дадому. Калі іх так шмат, натуральна, што КПП не спраўляюцца з патокам», — сказаў LNK прэс-сакратар Службы аховы дзяржмяжы Гедрус Мішуціс.

Памежнікі запэўніваюць, што працуюць у паскораным тэмпе, прапускаюць больш аўто, чым звычайна. «Калі ў звычайны дзень за суткі праязджае 850 машын, то цяпер — 1200. Натуральна, што нават павышэнне прапускной здольнасці не дапамагае змагацца з чэргамі. Гэта значыць, што паток вельмі вялікі», — кажа Мішуціс.

Аднак людзі ў чарзе абвінавачваюць ва ўсім Літву. «Цяпер уключылі табло, да гэтага яно не працавала. Вось вы прыехалі, тады ўключылі. Мы чулі, што на літоўскім баку выйшла са строю камп'ютарная сістэма, магчыма, адсюль і чэргі», – кажуць журналістам беларусы, якія стаяць у чарзе.

Мішуціс сказаў, што людзі, якім даводзіцца чакаць, заўжды незадаволеныя. «Умовы надвор'я, холад, можа, многага не хапае. Вось людзі па-рознаму і ацэньваюць. Але ў нас ёсць статыстыка і вынікі работы. Мы бачым, што іх ніхто не тармозіць, КПП працуе на поўную магутнасць», — заўважыў ён.