Навошта Лукашэнка паляцеў у Маскву? Выбіваць даўгі за экспарт?

Беларускія прадпрыемствы прадавалі прадукцыю з растэрміноўкай да 6 месяцаў, з-за чаго экспарт у Расію стаў прыносіць страты.

mtz__minsk_fota_dzmitryj_dzmitryeu._novy_czas_logo_1_logo.jpg


Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным у Нова-Агарове пахваліўся поспехамі: тавараабарот паміж дзвюма краінамі за 2022 год склаў каля 50 мільярдаў долараў. Дзіўная сітуацыя: напярэдадні Лукашэнка ў інтэрв’ю замежным журналістам казаў, што трэба абмеркаваць з Пуціным пытанні бяспекі. А ўся размова фактычна складалася з эканамічных пытанняў.

«Новы Час» паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі з эканамістам Львом Марголіным.

— Няма адназначнага адказу на пытанне, з’яўляецца такі істотны рост тавараабароту дабром ці злом для беларускай эканомікі. У тых умовах, якія склаліся сёння, хутчэй дабром. Аднак тэарэтычна аднабокі тавараабарот ніколі не сведчыў пра поспехі эканомікі.

Справа ў тым, што беларускія прадпрыемствы прадавалі тавар у Расію з растэрміноўкай плацяжоў: на месяц, тры, шэсць — цэны пры гэтым фіксаваліся ў расійскіх рублях. А расійскі рубель сёння і праз тры месяцы мае зусім іншую вагу. Таму зараз з’явілася сур’ёзная праблема — нарастаюць даўгі ад расійскага экспарту.

І ўвогуле, экспарт у Расію носіць вымушаны характар: у большасці выпадкаў пастаўляць беларускія тавары больш няма куды. І як казаў колісь Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, «нравится не нравится, терпи, моя красавица».

— Сёння Лукашэнка аб’явіў, што беларускія заводы гатовы вырабляць штурмавікі Су-25. Наколькі гэта рэалістычныя планы ва ўмовах заходняй аблогі?

— Я не ўпэўнены, што ў сённяшніх умовах нават у Расіі могуць вырабляць паўнацэнныя самалёты.

У Беларусі ёсць два авіярамонтныя заводы, на якіх робяць капітальны рамонт самалётаў; раз робяць капрамонт, то, напэўна, тэарэтычна можна дапусціць і іх вытворчасць. Але для паточнай вытворчасці патрэбна зусім іншае абсталяванне, чым для рамонту: патрэбны паточныя лініі, патрэбны адмысловыя станкі — не для разавай, а для пастаяннай працы. Нават проста каб перавесці завод з рамонтнага профілю на вытворчы, трэба замяніць калі не цалкам наяўнае абсталяванне, дык палову дакладна.

— Лукашэнка сёння казаў пра поспехі ў імпартазамяшчэнні. Мы дакладна нават не ведаем, які зместукладваецца ў гэтае паняцце. Але ўсё ж запытаюся: ці сапраўды ёсць чым хваліцца ў імпартазамяшчэнні?

— Вось сапраўды: пайдзі туды, не ведаю куды, прынясі тое, не ведаю што. У Беларусі ёсць Мінскі падшыпнікавы завод, ёсць Мінскі завод шасцерняў — яны могуць дадаць новыя прадукты ў сваю лінейку тавараў.

У Беларусі ёсць досыць многа прадпрыемстваў, асабліва машынабудаўнічых, якія ў некаторай ступені могуць замяніць імпарт. У свой час перавагу імпарту пачалі аддаваць з-за схемы «цана-якасць». А калі няма магчымасці купляць імпарт, а шэрыя схемы істотна падымаюць імпарт у цане, то тады можна яго замяніць.

Некалі Кітай даў вельмі моцную падножку Беларусі. У Барысаве ёсць завод БАТЭ, які вырабляў старцёры (гэта асноўная яго прадукцыя), пастаўляў іх і МАЗу, і КамАЗу. А затым Тальяці пачаў ставіць коштавыя падножкі, пагражаючы перайсці на кітайскую прадукцыю.

Не думаю, што беларуская прадукцыя можа скласці сур’ёзную значную канкурэнцыю імпартнай прадукцыі.

Вазьміце хоць бы вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі: у нас ёсць і Гомсельмаш, і Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. Але ж у нармальныя часы пакупнікі аддавалі перавагу імпартным трактарам і камбайнам, а не беларускім. Канешне, трактар «Беларус» можа фізічна замяніць нямецкі, але ці раўнацэнная гэта замена?

— На ваш погляд, чаму Лукашэнка паляцеў у Маскву?

— Можна сказаць, што гэта стандартны візіт ветлівасці. Але многія прадказвалі, што Лукашэнка паляціць вырашаць праблему з растэрміноўкай плацяжоў. Гэта толькі версія, бо сярод афіцыйных прычын такая не называлася.