Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка марыць стаць голубам міру з ядзернай дубінкай
Лукашэнка яўна настальгуе па тых часах, калі ён быў міратворцам, а не суагрэсарам, і мог гойдацца на геапалітычных арэлях, упэўнены палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі. У матэрыяле для «Позірку» эксперт разважае, ці ўдасца беларускаму кіраўніку зноў праскочыць з якім-небудзь манеўрам.
Лукашэнку відавочна няўтульна ў амплуа суагрэсара. Ён хацеў бы зноў здымаць вяршкі з міратворчасці, нават запрашае для гэтага ў беларускую сталіцу амерыканскага прэзідэнта (тады, маўляў, «нават Пуцін падляціць у Мінск»). Пры гэтым кіраўнік Беларусі прызнае, што гатовы зноў даць Расіі тэрыторыю для ўдару па Украіне.
Вядома, ён матывуе гэта нібыта агрэсіўнасцю Кіева. На сустрэчы з замежнымі журналістамі 16 лютага ў Мінску з вуснаў Лукашэнкі зноў прагучалі традыцыйныя наратывы ў духу мема «А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад». Было заяўлена, што год таму «па тэрыторыі Беларусі з боку Украіны рыхтаваўся ўдар ракетнымі сістэмамі залпавага агню».
Навошта гэта нібыта было трэба Кіеву, які і цяпер баіцца раздражняць Лукашэнку нават кантактамі з апазіцыйным лідарам Святланай Ціханоўскай, неспасціжна розуму.
Насамрэч зразумела, што беларускі правадыр проста не можа не даць тэрыторыі, калі гэта трэба Крамлю. Ну і які Байдэн паляціць у Мінск, лічачы тутэйшага кіраўніка марыянеткай Масквы?
Беларускі правадыр настальгуе па геапалітычных арэлях
Тым не менш Лукашэнка настальгуе па часах, калі мог разгойдваць геапалітычныя арэлі. На прэс-канферэнцыі ён успомніў аб Мінскіх пагадненнях 2014-2015 гадоў — таксама, вядома, у сваім стылі: «Сёння і Аланд, і Меркель хлусяць. І Парашэнка таксама хлусіць. Таму што сёння не модна казаць аб тым, што было ў Мінску. Не модна».
А вось тады, у лютым 2015-га, калі ў беларускай сталіцы сабралася нармандская чацвёрка, ён быў са спадарыняй канцлерам выключна галантны, уручыў ёй вялікі букет і з задавальненнем, як потым успамінаў, падносіў каву вёдрамі. Гэта быў момант дыпламатычнага трыумфу беларускага кіраўніка. Па словах былога дыпламата Паўла Слюнькіна, «Лукашэнка каваў жалеза, пакуль гарачае, і нават хацеў сесці за стол перамоў. Гэта, вядома, было заблакіравана Германіяй і Францыяй, і ён урэшце здаўся».
Кіраўнік і цяпер прагаворвае сваё запаветнае жаданне апынуцца за сталом перамоў па Украіне. Зноў-такі, выказваючы гэта ў фірмовым стылі — у кантэксце абвінавачванняў супраць Захаду: «...вы трымаеце Валодзю Зяленскага за рукі-ногі і не пускаеце яго за стол перамоў. < ... > Дайце каманду Зяленскаму і самі сядзьце за стол перамоў з Пуціным, а я побач сяду».
З відавочнай настальгіяй успомніў Лукашэнка і пра часы разрадкі ў адносінах з ЗША, калі ў Мінск прыляталі высокапастаўленыя прадстаўнікі магутнай заакіянскай дзяржавы: «Павінен сказаць, што Майкл Пампеа — прыстойны чалавек. Ды і Болтан. < ... > Вельмі прыстойныя людзі і адзін і другі».
Правадыру беларускага рэжыму відавочна хацелася б, каб да яго зноў прыляталі такога вось калібру «прыстойныя людзі» з Захаду. Але пакуль удалося завабіць хіба што кіраўніка венгерскай дыпламатыі Петэра Сіярта. Ды і той палічыў за лепшае з Лукашэнкам не сустракацца (ва ўсякім выпадку публічна). Гэта было б залішне таксічна нават для эмісара Будапешта, які вядзе ў ЕС сваю — умоўна прарасійскую — лінію.
У дадатак да ўсяго ён відавочна не здольны выканаць умовы Захаду ва ўнутранай палітыцы — спыніць рэпрэсіі, выпусціць палітвязняў, а тым больш правесці свабодныя выбары. Сёння ён выразна даў зразумець, што гатовы весці дыялог толькі на сваіх умовах. Дакладней, «умова з майго боку адна: не лезьце ў наш агарод». Гэта значыць, прымайце рэжым такім, які ён ёсць.
Са спадарожніка бачная кожная палатка на Абуз-Лясноўскім палігоне
Вядома, публічная рыторыка — гэта адно, тут сам бог загадаў казырыцца, за кулісамі ж Мінск можа праявіць і некаторую гнуткасць. Але сёння Захад у цэлым (асобныя палітыкі і сілы там могуць мець асаблівы падыход), падобна, не гатовы цацкацца з беларускім кіраўніком, весці нудны гандаль па дробязях. Вайна засланіла ўсё астатняе.
У выпадку Лукашэнкі Украіну і Захад цяпер перш за ўсё, зразумела, цікавіць, ці ўступіць Беларусь у вайну па поўнай праграме. Некаторыя каментатары педаліруюць версію, што Уладзімір Пуцін у гэтым плане перманентна выкручвае беларускаму партнёру рукі, а той гераічна супраціўляецца.
Гэтая версія зноў мусіруецца ў сувязі з тым, што 17 лютага ў Нова-Агарове пад Масквой адбываецца чарговая сустрэча «заклятых саюзнікаў».
Вядома, Пуцін, як паказалі падзеі апошняга года, шмат у чым ірацыянальны і можа скамандаваць што заўгодна. Але пакуль не падобна, што яны з Лукашэнкам на нажах па ўкраінскім пытанні.
Калі Мінск і Масква бывалі на нажах, то «малодшаму брату» з выхаваўчай мэтай перакрывалі кісларод, дакладней газ або нафту. Зараз жа Пуцін узнагародзіў Лукашэнку снежаньскім візітам у Мінск і наогул адорвае льготамі: танны газ, адмоўны акцыз на нафтапрадукты (падтрымка беларускіх НПЗ), рэструктурызацыя крэдытаў, магчымая перадача порта ў Бронцы пад Пецярбургам і іншае. На разлад паміж саюзнікамі гэта ну зусім не падобна.
Верагодна, гэта пераказ тых аргументаў, якія Лукашэнка прыводзіў тэт-а-тэт Пуціну: маўляў, мая жменька ваякаў (баяздольных падраздзяленняў у беларускім войску і сапраўды негуста) сітуацыю ва Украіне не зменіць, а вось як шчыт ад падступнага ўдару НАТА ў спіну рускім братам мы значна больш карысныя. І можна дапусціць, што Пуцін гэтыя довады пачуў.
Магчыма, заўтра ён зменіць свой падыход і скажа: «Саша, трэба». Але, ва ўсякім разе на прэс-канферэнцыі, Лукашэнка даволі ўпэўнена заяўляў, што мабілізацыі ў краіне не будзе. І што ён «гатовы разам з расійцамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль (з Украіны. — А.К.) хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей».
Кіеў жа не хоча даваць Мінску казус бэлі і ў гэтым плане відавочна дзьме нават на ваду. Але ў выпадку, калі Пуцін сапраўды выкруціць Лукашэнку рукі, той зноў можа постфактум «паказаць карты»: вось, украінцы першыя замахнуліся.
Так што вялікага даверу яго словы, вядома, не выклікаюць. Іншая справа, што пры сучасных тэхналогіях выведкі, калі са спадарожніка бачная кожная палатка на Абуз-Лясноўскім палігоне ў Брэсцкай вобласці (і не толькі там), сцягванне войскаў да паўночнай украінскай мяжы будзе выразна адсочана. Пакуль ударнага кулака, здольнага наступаць на Украіну, на беларускай тэрыторыі няма.
Мы такія добрыя, што нават Амерыку бамбіць не будзем
І наогул правадыр беларускага палітычнага рэжыму настолькі міралюбны, што нават не збіраецца нападаць на ЗША. «Таму нам стратэгічная ядзерная зброя не трэба. Мы не збіраемся наносіць удар па Амерыцы і нават па еўрапейскіх краінах», — даверліва паведаміў ён на прэс-канферэнцыі.
Гаворка ідзе пра мадэрнізацыю беларускіх Су-25 у Расіі, аб чым Лукашэнка і Пуцін дамовіліся ў мінулым годзе. Акрамя таго, Масква перадала Беларусі «Іскандэры», здольныя страляць ракетамі з ядзерным начыннем.
Гэта не азначае, што Крэмль разгоніцца размяшчаць тактычныя ядзерныя боезарады на беларускай тэрыторыі. Па-першае, іх не згрузіць на склад угнаенняў, для захоўвання такіх рэчаў патрэбны асаблівыя ўмовы, гэта дорага. Па-другое, Масква занадта добра ведае нораў беларускага правадыра, каб аддаваць яму ў рукі — хоць і апасродкавана — такія небяспечныя цацкі. У выпадку чаго ядзерныя боегалоўкі можна хутка перакінуць з Расіі.
Сутнасць гэтай гульні ядзернымі мускуламі ў тым, каб напружыць Еўропу і Кіеў, узмацніць элемент непрадказальнасці.
Так ці інакш, але відавочна, што Крэмль, карыстаючыся каласальнай залежнасцю Лукашэнкі, здольны гуляць Беларуссю ў сваіх інтарэсах і ў любы момант можа падставіць яе пад удар.
Сам Лукашэнка спадзяецца, як ужо не раз бывала, праскочыць паміж струменьчыкамі, але цяпер гэта як ніколі праблематычна. Ва ўсякім выпадку, Захад не ўспрымае яго як асобу, здольную на больш-менш моцную самастойную гульню. І даказаць адваротнае практычна неймаверна, колькі ні малюй сябе голубам міру. З ядзернай дубінкай у гняздзе.